Пуцін адхіліў прапанову Лукашэнкі і Пашыньяна наконт тарыфаў на газ


Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прапанаваў ухваліць Стратэгію развіцця ЕАЭС да 2025 года без пункта аб адзіных тарыфах на газ. Пра гэта ён заявіў падчас саміту ЕАЭС, які праходзіць 19 траўня ў фармаце відэаканферэнцыі. Пра гэта піша

«РИА Новости».

У пачатку пасяджэння Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што неўрэгуляваных застаецца пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспартаванні газу на агульным рынку ЕАЭС. Прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што ў дакуменце аб стратэгічных напрамках развіцця эканамічнай інтэграцыі павінен быць зафіксаваны прынцып ужывання адзіных падыходаў да цэна- і тарыфаўтварэння на агульным рынку газу ЕАЭС, піша БелТА.

Уладзімір Пуцін у сваю чаргу падкрэсліў, што для выкарыстання адзінай формулы тарыфаў на газ у ЕАЭС патрэбен узровень інтэграцыі, які яшчэ не дасягнуты.

«Што тычацца прапанаванага нашымі армянскімі і беларускімі сябрамі адзінага тарыфу на паслугі па транспартаванні і транзіце газу, то мы лічым, што адзіны тарыф можа быць рэалізаваны толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам, адзінай сістэмай падаткаабкладання. Такі глыбокі ўзровень інтэграцыі ў ЕўрАзЭС пакуль яшчэ не дасягнуты», – растлумачыў прэзідэнт Расеі.

Пуцін паказаў, што «пакуль кошты на газ павінны фармавацца на аснове рынкавай кан’юнктуры».

«Важна ўлічваць выдаткі і інвестыцыі пастаўшчыкоў, а таксама забяспечваць абгрунтаваную норму прыбытку на ўкладзены ў здабычу капітал. Гэта звычайная – я хачу падкрэсліць, паважаныя калегі – гэта звычайная сусветная практыка», – рэзюмаваў ён.

Таму Пуцін прапанаваў ухваліць Стратэгію развіцця ЕАЭС да 2025 года без пункта аб адзіных тарыфах на газ.

«Калі пазіцыі нашых армянскіх і беларускіх сяброў застануцца без змены, то напэўна было б лагічна наагул выключыць пункт па газе з праекту Стратэгіі, каб ухваліць яе сёння», – падкрэсліў расейскі лідар.

Hавiны
Румас разлічвае, што Беларусь зможа дамовіцца з Расеяй наконт зніжкі на газ
2020.05.14 12:35
  • Нагадаем, 14 красавіка падчас перамоваў лідараў ЕАЭС у фармаце відэаканферэнцыі Аляксандр Лукашэнка заклікаў адаптаваць цану на газ да змены эканамічнай кан’юнктуры, якая адбылася ў выніку пандэміі. «Відавочна, што пры такім рэзкай змене эканамічнай канʼюнктуры цана павінна быць больш адаптыўнай, а механізм разлікаў – падʼёмным для спажыўцоў», – падкрэсліў Лукашэнка. Ён у гэтай частцы звярнуўся да прэзідэнта РФ Уладзіміру Пуціну, каб можна было аператыўна разгледзець гэтае пытанне.
  • Каментуючы прапанову Лукашэнкі, у Крамлі заявілі, што пытанне цаны на газ для Беларусі мусіць абмяркоўвацца на ўзроўні экспертаў. Пазней, 29 красавіка, міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак паведаміў, што перагляд цаны паставак газу ў Беларусь на 2020 год не прадугледжваецца. «Мы зыходзім з таго, што ў пачатку года дасягнутыя дамоўленасці па цане на газ для беларускіх спажыўцоў да канца 2020 года», – падкрэсліў ён.
  • Цяпер Беларусь атрымлівае расейскі газ па цане $ 127 за тысячу кубаметраў. З канца 2018 года Лукашэнка патрабаваў ад Расеі зніжкі на газ да ўзроўню Смаленскай вобласці, аднак у Крамлі заяўлялі, што Беларусь не можа на гэта разлічваць без рашэння пытанняў саюзнага будаўніцтва.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў