Як юнак зарганізаваў беларускую школу ў сутарэннях манастыру. 100 гадоў таму памёр першы беларускі настаўнік Горадні


13 сакавіка споўнілася роўна 100 гадоў з дня смерці першага беларускага настаўніка ў Горадні – Аляксандра Грыкоўскага. Што зрабіў для другой сталіцы БНР малады выкладчык? Чаму ў свае часы яго вельмі паважалі дзеячы нацыянальнага руху і якім чынам неабыякавыя гарадзенцы вярнулі памяць пра Грыкоўскага з небыцця? На гэтыя пытанні шукаў адказу журналіст Belsat.eu ў Горадні.

Пачатковая школка ў манастырскіх сутарэннях

Беларуская школьная адукацыя ў Горадні пачыналася ў сутарэннях мужчынскага Барыса-Глебскага манастыру (на гэтым месцы зараз знаходзіцца драматычны тэатр). Менавіта тут у красавіку 1916 года з ініцыятывы Вацлава Ластоўскага і Антона Луцкевіча адчыняецца першая беларуская пачатковая школка. Настаўнікамі сталі васямнаццацігадовая Тэкля Станішэўская ды дваццацітрохгадовы Аляксандр Грыкоўскі, які быў адначасова яе дырэктарам. Маладыя педагогі не так даўно яшчэ самі скончылі беларускія настаўніцкія курсы, але ўжо імкнуліся несці навуку дзецям на роднай мове.

Будынак з надпісам Семафор знаходзіцца па вуліцы Савецкая, 23. На пачатку 1919 года гэта быў гатэль «Расія», там збіраліся сябры ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі. Вялікая верагоднасць, што там бываў Грыкоўскі, бо быў блізкім сябрам Луцкевіча

Даносы на выкладчыкаў і бясплатная адукацыя беларускім дзеткам

У тыя часы, горад, фактычна, быў пустэчай з пункту гледжання беларушчыны. Але настаўнікі вельмі хутка сабралі цэлы клас вучняў. Праца ж гэтых выкладчыкаў была даволі нялёгкай. Ішла І Сусветна вайна і Горадня знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Тагачаснае выданне «Беларуская думка» пісала, што маладым настаўнікам ды іншым дзеячам рабіліся ўсялякія перашкоды з боку праціўнікаў усяго беларускага: ад звычайнай агітацыі да ложных даносаў нямецкай адміністрацыі аб шпіянажы дезячоў на карысць расійскаму ураду. Але і гэта не замінала весці сваю дзейнасць патрыётам.

Дзе зараз драматычны тэатр – раней быў мужчынскі Барыса-Глебскі манастыр, дзе ў сутарэннях адбываліся заняткі школкі

Беларуская школка была вядомая на ўсю гарадзенскую ваколіцу. Ужо ў лістападзе 1918 году былі сабраныя ажно 3 беларускія класы! У беларускай пачатковай школе дзеці навучаліся цалкам бясплатна, а яшчэ школьныя прылады ды падручнікі, разам з харчаваннем былі дармавымі.

Як пахаванне стала маніфестацыяй з нацыянальнымі сцягамі

Цяжкія ўмовы працы сказаліся моцна на здароў’і маладых настаўнікаў, якія амаль адначасова захварэлі на сухоты. Тэкля Станішэўская зʼехала ў Вільню летам 1918 года, а Грыкоўскі вырашыў застацца ды далей працягваць апекавацца беларускай адукацыяй. Жыў ён там жа, дзе была школка, у невялічкім сырым пакойчыку мужчынскага Барыса-Глебскага манастыру.

Пахаванне настаўніка вылілася ў сапраўдную маніфестацыю з бел-чырвона-белымі сцягамі. Фота з архіва Андрэя Чарнякевіча

Пазней, хворага Грыкоўскага ўгаварыў Антон Луцкевіч перабрацца ў больш утульны пакой з гаспадыняй, якая яго даглядала. Аднак, гэта не дапамагло ў змаганні з хваробай. 13 сакавіка ўва ўзросце 26 год маладога настаўніка не стала.

Цела Грыкоўскага пад нацыянальным сцягам. Фота з архіва Андрэя Чарнякевіча

Пахаванне настаўніка вылілася ў сапраўдную маніфестацыю з бел-чырвона-белымі сцягамі. Такога шэсця горад яшчэ не бачыў. У апошні шлях Аляксандра Грыкоўскага праводзілі сябры мясцовых беларускіх арганізацый ды яго вучні. Выдаткі ж на пахаванне дзеяча ўзяла на сябе рада міністраў БНР. Спачыў вечным сном Аляксандр Грыкоўскі на старых праваслаўных могілках у Горадні, паблізу Нёмана.

Помнік настаўніку сіламі неабыякавых гарадзенцаў

Мінулі дзесяцігоддзі і пра першага гарадзенскага беларускага настаўніка ўзгадвалі толькі гісторыкі ў сваіх публікацыях. Магіла была ў занядбаным стане і яе цяжка было знайсці. Сітуацыя змянілася больш за год таму, калі неабыякавыя гарадзенцы склаліся грашыма і аднавілі помнік славутаму педагогу.

Пакуль жа можна ўшанаваць памяць першага беларускага настаўніка Горадні хаця б усклаўшы кветкі на яго магілу ды запаліць знічкі ў гадавіну смерці

Магчыма, калісьці, у Горадні зʼявіцца школа імя Аляксандра Грыкоўскага, а гісторыя гарадзенскай беларускай школьнай справы возьме за пачатак дзейнасць першых беларускіх настаўнікаў у Горадні – дырэктара школкі Грыкоўскага і настаўніцы Станішэўскай.

Мікола Дзямідаў belsat.eu

Стужка навінаў