«Як выйдзе са шпіталя, будзе адбываць арышт». Размова з жонкаю журналіста Змітра Лупача


Глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач трапіў у рэанімацыю пасля прысуду.
Фота: «Белсат»

11 траўня глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач, які супрацоўнічае з «Белсатам», трапіў у рэанімацыю з гіпертанічным крызам. Змітру зрабілася блага пасля таго, як глыбоцкі суддзя Дзмітрый Тарасевіч прысудзіў яму 10 содняў арышту за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і дадаткова аштрафаваў на Br 1200 за сюжэт на «Белсаце». Мы размаўлялі з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, але найперш дазваніліся да жонкі Змітра – спадарыні Жанны.

Як сябе пачувае Зміцер?

Я званіла ў рэанімацыю, там сказалі, што здароўе мужа больш-менш стабільнае. Некалькі дзён ён будзе пад назіраннем, і калі ўсё будзе добра, то магчыма нават не спатрэбіцца перавод у палату. Зараз яму трошкі лепей.

Hавiны
Журналіст «Белсату» Зміцер Лупач пасля арышту і суда патрапіў у рэанімацыю
2020.05.11 20:13

Праблемы са здароўем у вашага мужа з’явілася пасля перабывання ў ізалятары?

Яшчэ два тыдні таму ў яго быў павышаны ціск, мы збівалі яго. Зміцер скардзіўся на сэрца, але ён жа такі чалавек, што нікому нічога не кажа. Нават міліцыянтам, якія яго затрымлівалі і адвозілі ў пастарунак. Я казала яму – схадзі да доктара. А ён: «Ай, валер’янкі вып’ю і добра». Але ўся гэтая сітуацыя яго, вядома, падкасіла. Што там у тым ізалятары? Ні сонечнага святла, ні свежага паветра, ні нармальнага сну. Спаць даводзілася на жорсткіх нарах. Ды й які там сон? Першую ноч ён наагул не спаў там. Ну і не малады ўжо чалавек, 52 гады.

Зміцер перад судом казаў, што пасля ягонага затрымання вы засталіся ўдома хворая адна.

Зміцер пазваніў мне ў пятніцу апоўдні і кажа: «Жана, мяне забіраюць на содні». І ўсё, сувязь абарвалася. Я так расхвалявалася – за што, чаму? А ўжо праз некаторы час пазваніў маёр міліцыі Сяргей Цырбан, які і паведаміў пра затрыманне [той самы міліцыянт, які неаднаразова складаў пратаколы на нашага калегу за працу без акрэдытацыі. – Belsat.eu]. Тры дні я амаль не сплю, увесь час бяру валер’янку. Учора таксама падчас суда над Змітром моцна балела ў грудзях – далі таблетку ад павышанага ціску. Баліць галава. Трэба б было супакоіцца, каб паспаць трохі, а заснуць не атрымоўваецца.

На вашую думку, чаму такі ціск на Змітра?

31 сакавіка Зміцер пайшоў на сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Але ж мне цікава, чаму цэлы месяц яны не чапалі мужа, а вырашылі забраць перад самым святам [9 траўня. – Belsat.eu]. Дарэчы, некаторых іншых, хто прыйшоў на гэтую сустрэчу ў Глыбокім, таксама пакаралі – штрафамі. А Змітру вырашылі даць і штраф Br 1215 і 10 содняў арышту.

Hавiны
Змітра Лупача пакаралі штрафам і арыштам, пасля суда журналісту «Белсату» стала кепска і яго забрала хуткая
2020.05.11 18:26

Што будзе пасля таго, як Зміцер выйдзе са шпіталю?

Сёння [12 траўня Belsat.eu] я хадзіла ў пастарунак, забірала ягоныя рэчы. Дык міліцыянты сказалі мне – усё адно яму давядзецца адбыць гэты арышт. Хай, маўляў, папраўляецца, а як будзе сябе пачуваць нармальна, прыйдзе і адбудзе гэтыя содні. Каб ім не давялося яго шукаць.

Ці хацелі б вы нешта сказаць суддзі Дзмітрыю Тарасевічу і міліцыянтам, якія затрымлівалі і арыштоўвалі вашага мужа?

Вы ж ведаеце, якая ў нас сітуацыя ў краіне. Той жа самы суддзя можа і рад быў бы судзіць па справядлівасці, але ёсць жа загад зверху. У нас у краіне папросту няма справядлівасці: я ўжо не кажу пра захаванне правоў журналістаў, бо нават простым людзям нельга ні пра што выказвацца. Галоўнае – заткнуць усім рот, – падсумавала Жанна Лупач.

Апрача Змітра Лупача, суд у Магілёве арыштаваў на 10 содняў нашага калегу Міхаіла Аршынскага, пазаштатнага карэспандэнта кампаніі БелаПАН Алеся Асіпцова, а таксама журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова. З гэтай нагоды Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала заяву, у якой запатрабавала вызваліць калегаў і перагледзець справы:

«Прыцягненне журналістаў да адказнасці за выкананне імі прафесійных абавязкаў выклікае рашучы пратэст прафесійнай супольнасці. Асаблівым здзекам лічым ужыванне ў якасці пакарання адміністрацыйнага арышту ў перыяд пандэміі каронавірусу, што ставіць пад сур’ёзную небяспеку здароўе калег», – адзначаецца ў заяве арганізацыі.

Складана сказаць, чаму мы назіраем менавіта такі ціск на журналістаў апошнімі днямі, – адзначыў у каментары belsat.eu юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў:

«Я мяркую, што гэта звязана ў першую чаргу з павелічэннем колькасці публічных сустрэчаў, падчас якіх гучаць пратэстныя настроі – а менавіта іх і асвятляюць нашыя калегі. Што датычыць сітуацыі са Змітром Лупачам, у нашым разуменні яна абсалютна непрымальная. Апрача незаконнага арышту за выкананне прафесійных абавязкаў, Лупач атрымаў у дадатак вялізны штраф за працу без акрэдытацыі. Прычым, паводле нашых назіранняў, журналіста штрафуюць амаль за кожны матэрыял, паказаны ў эфіры «Белсату»».

Толькі за гэты год глыбоцкага журналіста пакаралі ўжо амаль на Br 3,5 тысячы.

«Раней такі ціск мы назіралі ў дачыненні іншых журналістаў «Белсату» – Кастуся Жукоўскага, Ларысы Шчыраковай, Вольгі Чайчыц і Андруся Козела”. Цяпер гэткай мішэнню стаў Зміцер. Калі рабіць прагноз, мяркую, далейшы ціск на журналісцкую супольнасць будзе залежаць ад росту вулічнай актыўнасці перад прэзідэнцкімі выбарамі. Улады будуць намагацца, каб гэтыя пратэстныя настроі не траплялі ў публічную прастору, а значыць, мы можам назіраць узмацненне рэпрэсіяў».

Віталь Бабін Belsat.eu

Стужка навінаў