У Савецкай Беларусі квітнела сексуальная анархія


Гісторык Аляксандр Гужалоўскі на прэзентацый сваёй кнігі ў Горадні. 3 лістапада 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

Барацьба з сям’ёй, сексуальнае разняволенне і дазвол на аборты, якія прыйшлі ў БССР разам з новай уладай прывялі да трагічных вынікаў. Гісторыю сексуальнай рэвалюцыі ў Беларусі ў 1920-ых гг. упершыню адкрывае прафесар гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Гужалоўскі.

Новую кнігу прафесара «Сексуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі 1917-1929» дзяржаўныя выдавецтвы публікаваць адмовіліся. Аднак кніга ўсё роўна выйшла ў свет і адкрыла чытачам адну з самых табуяваных старонак гісторыі БССР. Першае дзесяцігоддзе пад савецкай уладай адзначалася неверагоднай нават па сённяшніх мерках свабодай нораваў і маралі. Сексуальная рэвалюцыя таго часу прывяла да поўнай трансфармацыі інстытуту сям’і і дэмаралізацыі грамадства.

«Сям’я» – варожы буржуазны перажытак

Новая сацыялістычная ідэалогія крытыкавала інстытут сям’і як адну з галоўных перашкодаў на шляху пабудовы камунізму. «Ужо класікі марксізму зразумелі, што сям’я гэта тая структура, якая прадукуе ўвесь час прыватную ўласнасць. І гэта тое, што перашкаджае збудаваць горад сонца. Пачынаючы з 1917-га года пачынаецца мэтанакіраванае змаганне з сям’ёй. Усе пагаджаліся з тым, што сям’ю трэба знішчаць, але мала хто ведаў, што замест яе», – распавядае Аляксандр Гужалоўскі.

Гісторык Аляксандр Гужалоўскі на прэзентацый сваёй кнігі ў Горадні. 3 лістапада 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

«Дарогу крылатаму Эрасу!»

У тэарэтычных пошуках Савецкай Расеі свой значны след пакінула Аляксандра Калантай, адна з найбуйнейшых спецыялістаў у галіне гендарных адносінаў у расейскай сацыял-дэмакратыі. Менавіта яна ў сваіх ідэях упершыню аб’яднала марксізм і сексуальнасць. У 1920-ым годзе Калантай піша сваю апошнюю працу на тэму сексуальнай маралі «Дарогу крылатаму Эрасу!», якая моцна паўплывала на погляды камсамольскай моладзі БССР.

У сваім звароце яна піша: «Мараль рабочага класа адкідае вонкавую форму любоўных зносін палоў. Для класавых задач рабочага класу зусім абыякава, набывае каханне форму працяглага і аформленага саюзу або выражаецца ў форме сувязі, якая мінае. Ідэалогія рабочага класа не ставіць аніякіх фармальных межаў для кахання».

Прэзентацыя кнігі “Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі 1917-1929 гг.” Горадня. 3 лістапада 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

Беларускія тэарэтычныя пошукі

Прыхільніцай Калантай у Беларусі стала былая каханка Маякоўскага Соф«я Шамардзіна, якая ўзначальвала жаночы аддзел ЦК КП(б)Б. Як і Калантай, Шамардзіна была гарачай прыхільніцай бытавой роўнасці, грамадзянскага шлюбу, лёгкіх разводаў і абортаў. У сваіх шматлікіх выступах яна будуе вобраз «новай жанчыны», вольнай ад старой маралі. Гэтая «новая жанчына» сваёй галоўнай задачай лічыць служэнне грамадству, а таксама самаўдасканальванне, у тым ліку ў галіне адносін з процілеглым полам. Адвечныя сацыяльныя ролі маці і жонкі для яе з’яўляюцца другаснымі.

С.С. Шамардзіна, кіраўнічка жаночага аддзелу ЦК КП(б)Б, гарачая прыхільніца бытавой роўнасці, грамадзянскага шлюбу, лёгкіх разводаў і абортаў. Горадня. 3 лістапада 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

Новыя ідэі, накіраваныя на разбурэнне традыцыйнай сям’і актыўна абмяркоўваліся на старонках тагачаснага беларускага друку. На прыклад галоўная газета рэспублікі «Звязда» змяшчала артыкулы ў падтрыманне жанчын, якія наважыліся кінуць выклік старой маралі, пакінуць нялюбага мужа і рушыць насустрач новаму вольнаму каханню.

Юрыдычнае вырашэнне «новай маралі»

У 1918-ым годзе ў Савецкай Расеі быў прыняты Кодэкс аб актах грамадзянскага стану, шлюбным, сямейным і апякунскім праве, які дзейнічаў таксама на тэрыторыі БССР. Менавіта гэты Кодэкс увасобіў у жыццё ЗАГС, які атрымаў выключнае права рэгістраваць шлюбы. Праз некаторы час у выніку сексуальнага разняволення савецкіх грамадзянаў юрыдычна было ўведзена паняцце «фактычнага» шлюбу акрамя зарэгістраванага, якое абавязвала выплачваць аліменты. Кодэкс максімальна спрашчаў скасаванне шлюбу, дзеля якога быў дастатковы пісьмовы ці вусны зварот мужа або жонкі. Вельмі вострым аказалася маёмаснае пытанне. Пасля скасавання права на маёмасць сужэнца, пасля разводу шмат якія жанчыны з дзецьмі знаходзіліся ў крытычнай сітуацыі. 18 лістапада 1920 г. было дазволена штучнае перапыненне цяжарнасці ў медычных установах незалежна ад таго, пагражае яно здароўю жанчыны ці не.

Васіль Малчанаў/ Белсат

Сацыяльна-сексуальны эксперымент

Барацьба са «старым бытам» у краіне ішла поўным ходам. Спрэчкі вяліся наконт таго, якія дамы і кватэры, якая мэбля і інтэр’ер патрэбныя рабочым, як павінныя апранацца камсамольцы. Двухспальны ложак разам са шлюбным строем і заручальным пярсцёнкам ганіліся як праявы мяшчанства і сексуальнай эксплуатацыі жанчыны. Сыходзілі ў нябыт правілы этыкету.

Па ўсёй краіне арганізоўваліся камуны, заснаваныя на абагульненай маёмасці і працы іх сяброў. З 1924 года мужчынам і жанчынам было дазволена пражываць разам у адным пакоі нават у выпадку, калі да засялення яны не былі знаёмыя. Усё гэта мела на мэце спрыяць знікненню маральных межаў і фармаванню новага тыпу асобы, аскетычнай да ўмоў пражывання. У рэальнасці расчараваныя дзяўчыны былі вымушаны нярэдка пакідаць моладзевыя камуны з-за спробаў таварышаў-камунараў наладзіць з імі сексуальныя адносіны.

Білет прастытуткі, які дазваляў займацца гэтым промыслам у гарадах (1904 г.) Горадня. 3 лістапада 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

Гісторык апісвае таксама выпадкі рэгістрацыі калектыўных шлюбаў, калі двое мужчын жаніліся з дзвюма дзеўчынамі. Агульнасць мужоў і жонак павінная была стварыць абыякавасць да палавых зносінаў, знішчыць каханне і абагульніць жыццё.

«Далоў сорам!»

Сапраўды шакавалі тагачаснае савецкае грамадства акцыі таварыства радыкальных нудыстаў «Далоў сорам!». Удзельнікі гэтага руху, у тым ліку такія ўплывовыя як чалец ЦК РКП(б)Б Карл Радэк лічылі сорам атрыбутам старога быту, а аголенасць – праявай дэмакратыі і роўнасці. Найбольш шматлікія былі публічныя акцыі нудыстаў у 1924-1925 гг. у Маскве. 10 чэрвеня 1924 г. у лісце да жонкі Якуб Колас наступным чынам апісвае свой побыт у савецкай сталіцы:

«Парток купляць не буду – перабуду ў гэтых. А калі будзе горача, то можна і без іх. У Маскве я бачыў многа такіх, што ходзяць голыя, і толькі самая сярэдзіна іх прыкрытая».

Менскія барацьбіты з сорамам кінулі выклік грамадскай маралі яшчэ ў чэрвені 1921 г., калі ў найбольш люднай частцы гарадскога сада наладзілі імправізаваную купальню. «Дзясяткі грамадзянаў бесцырымонна распранаюцца ледзь не на алеі саду і гэтак жа бесцырымонна, ніколькі не саромеючыся, боўтаюцца ў Свіслачы. І на гэты прыкры факт ніхто не звяртае ўвагі, быццам бы ўсё апісанае ў парадку рэчаў», – распавядала чытачам газета «Звязда».

Прэзентацыя кнігі “Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі 1917-1929 гг.” Горадня. 3 лістапада 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

Але найбольш ашаламляльнае для традыцыйнага беларускага грамадства відовішча падрыхтавалі віцебскія прыхільнікі таварыства «Далоў сорам!». Сябры таварыства не толькі не апраналі адзення на пляжы ці дома, але шпацыравалі аголенымі па гарадскіх вуліцах. Так, адным ліпеньскім днём жыхары мястэчка Яновічы Віцебскай акругі былі вельмі здзіўленыя, убачыўшы чатырох камсамольцаў і чатырох камсамолак, якія пасля антырэлігійнай вечарыны выправіліся на шпацыр цалкам аголеныя.

Масавы ўсплёск групавога гвалту

Адным з вынікаў дэмаралізацыі паслярэвалюцыйнага грамадства сталі нярэдкія групавыя згвалтаванні жанчын. Найбольш брутальныя формы адносіны з дзеўчынамі набывалі ў рабочым моладзевым асяроддзі, дзе нядаўнія сяляне, пазбаўленыя традыцыйных нормаў і забаронаў, давалі найвялікшую колькасць згвалтаванняў, абортаў, пазашлюбных дзяцей, падкідышаў. У лістападзе 1928 году ў Нова-Барысаве група маладых рабочых мясцовай гуты імя Домбаля згвалціла работніцу, прычым жахлівай чаргой распараджаўся камсамолец Дзяругін. Карэспандэнт «Чырвонай змены» у 1927 г. так апісваў сексуальныя зносіны працоўнай моладзі на гуце імя Камінтэрна ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёну:

«У інтэрнат прыводзяць дзяўчат батрачак, пояць іх да бяспамяцтва, да таго, пакуль ім ня стане млосна, і тады гвалтуюць па чарзе і, пасля ўсяго, заплаціўшы некалькі капеек, іх збіваюць».

Сексуальны гвалт меў месца і ў беларускай вясковай моладзі, якая ў 1920-ыя гг. перастала прытрымлівацца традыцыйных паводзін.

Крах эксперыменту

«Усе гэтыя эксперыменты безумоўна праваліліся. І галоўнымі ахвярамі іх рабіліся дзяўчыны, якія або заставаліся з дзецьмі на руках, або беглі з камунаў, калі рабіліся аб’ектамі гвалту. У БССР колькасць абортаў дасягнула 50 % ад колькасці цяжарнасцяў. Грамадства знаходзілася ў вельмі цяжкім, незразумелым, расбалансаваным стане», – падсумоўвае гісторык.

Эксперыменты пачалі завяршацца ў канцы 1929-га года. Калі Сталіну спатрэбіліся працоўныя чалавечыя рэсурсы. У 1934 г. Сталін асудзіў публічна практыку арганізацыі камунаў. У студзені 1930 г. былі расфармаваныя жанаддзелы, што азначала спыненне жаночай эмансіпацыі. У дадатак да хатняй гаспадаркі і выхавання дзяцей жанчыны атрымалі абавязак штодзённай 8-мі гадзіннай працы. У 1935 г. з мэтай умацавання шчыльнай сувязі паміж мацярынствам, сталым замужаствам і моцнай індывідуальнай сям’ёй у савецкай прэсе разгарнулася шырокая кампанія супраць абортаў і разводаў. У 1936-м годзе выйшла пастанова «Аб забароне абортаў, павелічэнні матэрыяльнай дапамогі парадзіхам, усталяванні дзяржаўнай дапамогі шматсямейным, узмацненні крымінальнага пакарання за неплацеж аліментаў і аб некаторых зменах у заканадаўстве аб разводах».

Бюлетэнь”12 полавых запаведзяў рэвалюцыйнага пралетарыята”. Горадня. 3 лістапада 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

Напрыканцы 1920-ых гг. да камсамольскага кіраўніцтва прыйшло канчатковае разуменне таго, што сексуальная свабода моладзі павярнулася вялікай колькасцю ранніх шлюбаў, разводаў, абортаў, згвалтаванняў і як вынік, зламаных чалавечых лёсаў. Сацыялістычны аскетызм пачаў рабіцца нормай жыцця. Улада мабілізоўвала моладзь на працоўныя подзвігі, рыхтавала яе да вайны, фармавала мадэль паводзін маладога чалавека, дзе не было месца для сексу. Секс у савецкай моладзі замянілі фізічная культура і спорт. Пры ўсёй супярэчлівасці сексуальная рэвалюцыя 1920-ых гг, упершыню паставіла сексуальнасць у грамадскі дыскурс, назаўсёды пазбавіла інтымную сферу, як і рэлігію, таямнічасці і сакральнасці, змяніла менталітэт жыхароў Савецкай Беларусі.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў