Як БелАЭС пасварыла Менск і Маскву

Новая кропка напружання з’явілася ў адносінах паміж Расеяй і Беларуссю – Беларуская АЭС. Пабудова гэтае станцыі мела знізіць нашу залежнасць ад газу ды спыніць штогадовыя спрэчкі вакол кантрактаў на блакітнае паліва. Хацелі як лепш, а выйшла як заўсёды. У выніку сцэнар, у якім Беларусь адкладзе запуск Астравецкай АЭС на нявызначаны тэрмін, можа прынесці Менску тыя ж бонусы, што і запуск АЭС.

Літоўская выведка рапартуе: паміж беларускімі структурамі, што кантралююць пабудову атамнай станцыі ў Астраўцы, і расейскай карпарацыяй «Росатом», якая яе будуе, разгарэўся сур’ёзны канфлікт. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Міністэрства абароны Літвы аб пагрозах бяспецы. Магчыма, гэтым канфліктам і тлумачыцца пачатак правярання, якое зладзіў беларускі Дзяржатамкантроль, каб высветліць, ці гатовая станцыя да прыёму ядравага паліва.

Каментуе Дзмітрый Кучук, старшыня партыі «Зялёныя»:

«Дзяржкантроль, які будзе правяраць Беларускую атамную станцыю, не ёсць абсалютна незалежным. Структура падуладная ўраду ці Мінэнерга. Таму прасочваюцца пэўныя карупцыйныя элементы, і цяжка сказаць, якое рашэнне яны вынесуць. Але калі базавацца на тых заявах, якія былі зробленыя паўгода таму, то АЭС не была гатовая да прыёмкі паліва паводле некаторых крытэрыяў».

Такая залежнасць ведамства атамнага кантролю ад рашэнняў уладаў і дазваляе павярнуць вынік правярання ў любы патрэбны бок. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў: «Росатом» сарваў тэрміны ўводу АЭС у эксплуатацыю. Станцыя павінна была запрацаваць у 2018 г., а дамова, паводле кіраўніка краіны, прадугледжвае вялікія штрафныя санкцыі за спазненне.

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Вы сарвалі тэрміны, давайце дамовімся, мы ж узялі крэдыт на пабудову, адсотак высокі, давайце яго зменшым да ўзроўню, як вы будуеце ў Вугоршчыне і Вʼетнаме. Гэта недзе 3 %. Мы не будзем уводзіць санкцыяў, і тое на тое выйдзе. Ну, і калі тэрміны сарваныя, крэдыт пачнем выплочваць не праз два гады, а праз пяць».

Літоўскі дэпутат: мяжа з незалежнай Беларуссю – гэта ўжо мяжа і з Расеяй

Аляксандр Лукашэнка цвердзіць, што падчас сустрэчы 7 лютага Уладзімір Пуцін ідэю падтрымаў. Але ўжо 11 лютага прыйшоў адказ з расейскага Міністэрства фінансаў.

Сяргей Старчак, намеснік міністра фінансаў Расейскай Федэрацыі:

«Адначасовае падаўжэнне перыяду выкарыстання крэдытных сродкаў і памяншэнне працэнтнай стаўкі не адпавядае фінансавай тэорыі, таму трэба шукаць кампрамісы ў іншай плоскасці».

Перакладаючы з дыпламатычнай мовы на нармальную: плаціць прыйдзецца так, як дамаўляліся. Дзіўны адказ, улічваючы, што і ў Беларусі ў гэтым выпадку ёсць тузы ў рукаве. У выпадку міжнароднага разгляду права на кампенсацыю за сарваныя тэрміны Менск хутчэй за ўсё атрымае. Другі туз – гэта той жа Дзяржатамкантроль, які можа сваім рашэннем адкласці ўвядзенне станцыі ў эксплуатацыю на любы тэрмін ды павялічыць такім чынам штрафы для карпарацыі «Росатом». Аргументаў для гэтага дастаткова.

Працягвае Дзмітрый Кучук:

«У нас няма дамовы з РФ на перапрацоўванне ядравага паліва. Праз два гады нам трэба выцягнуць гэтыя стрыжні (ядравае паліва для рэактару), а нам няма іх нават куды пакласці ці дзе захоўваць, не кажучы ўжо пра тое, што няма дамовы з Расеяй на іх перапрацоўванне».

Правяранне Дзяржатамкантролю можа працягнуцца нават 30 дзён. Вынік сёння цяжка прадказаць. Ясна адно – гэта можа быць яшчэ адным інструментам у руках Менску ў перамовах з Крамлём. З іншага боку расейскае кіраўніцтва абрала курс на поўнае адключэнне Беларусі ад усіх магчымых прэферэнцыяў ды льготаў. Пайсці на саступкі ў крэдыце азначала б зламаць гэтую лінію.

Гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Праблема ў тым, што паміж Беларуссю ды Расеяй нейкія пакетныя асіметрычныя дамоўленасці. І там калі няма газу – няма нафты, няма нафтапрадуктаў… Кожны бок кідае ў агульны кошык усе прэтэнзіі, якія ён мае. На выхадзе мы ўвогуле не разумеем, дзе мы знаходзімся».

Прычынай незгаворлівасці Крамля можа быць тое, што разбор аб кампенсацыі за зрыў тэрмінаў запуску АЭС – справа доўгая ды можа ісці гадамі. А вось выплаты ў межах крэдыту Менск мусіць пачаць ужо неўзабаве. Адмова плаціць прывядзе да зніжэння крэдытнага рэйтынгу Беларусі, што ў сваю чаргу зробіць новыя крэдыты для нас больш дарагімі. Час зноў гуляе на карысць Крамля.

Для Менску сітуацыя абвастраецца тым, што ўлады дагэтуль не маюць плану, што рабіць з электрычнасцю з Астравецкай АЭС. Увод у эксплуатацыю двух рэактараў забяспечыў бы палову патрэбаў краіны, але ўжо сёння мы маем электрычнасці з лішкам. А разам з нядаўняй заявай Украіны пра стаўку на максімальную нагрузку ўласных магутнасцяў знікае апошняя надзея на нейкі буйны кантракт на экспарт.

«Мы дагэтуль не ведаем, як будзе выкарыстоўвацца, каму прадавацца электраэнергія з БелАЭС. Гэта асноўнае пытанне. Я думаю, беларускі бок намагаецца ўсё зрабіць для таго, каб не плаціць адсоткаў па крэдыце да той пары, пакуль не вырашыцца пытанне продажу», – працягвае Яраслаў Раманчук.

Літва за дамову Беларусі з NATO

Ёсць і яшчэ адзін плюс: АЭС на сёння – гэта адзіны крытычны пункт, які не дазваляе Беларусі і Еўразвязу рухацца далей у адносінах у выніку радыкальнай пазіцыі афіцыйнае Вільні. Адсюль і нядаўняя згода ўладаў дапусціць на АЭС дэлегацыю еўрапейскіх ядравых экспертаў, і гатовасць сесці з Літвой за стол перамоваў, пра што днямі казаў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей. Але нават калі ў выніку перанос запуску АЭС прынясе афіцыйнаму Менску шэраг выгадаў, без дамовы з Расеяй плаціць па крэдыце давядзецца нават за нерабочую станцыю.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота на прэв’ю: Mikhael Klimentyev, SPUTNIK/Reuters/Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 21.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

Hавiны