Літва за дамову Беларусі з NATO

Вільня з Менскам павінныя распрацаваць план дзеянняў і могуць разам запрапанаваць ЮНЭСКО правесці Год Скарыны. БелАЭС – не справа Літвы і Беларусі, а справа Еўрапейскага Звязу і Расеі, заявіла «Прасвету» Аста Скайсгірыце, старэйшая дарадца прэзідэнта Літвы ў пытаннях замежнай палітыкі.

Ці задаволеная Літва цяперашнімі стасункамі з Беларуссю?

Літва хоча мець добрасуседскія стасункі з кожнаю краінай і, натуральна, з Беларуссю як з нашаю блізкаю суседкай, з якою мы дзелім агульную мяжу – самую працяглую мяжу. Таму самае галоўнае для нас – мець вельмі добрыя стасункі з Беларуссю. І мы спадзяемся, што гэты інтарэс узаемны і Беларусь яго падзяляе.

Літва спрабуе аднавіць дыялог з Беларуссю. Навошта вам гэта патрэбнае?

Паўтаруся, нам патрэбная гісторыя пра добрасуседскія стасункі, нам патрэбны дыялог – гэта свайго роду звычайная справа паміж дзвюма суседнімі краінамі. Як вы ведаеце, наш міністр замежных справаў на мінулым тыдні быў у Менску і сустракаўся з вашым прэм’ер-міністрам, з міністрам замежных справаў, ён таксама сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. У нашых інтарэсах падтрымліваць дыялог з грамадзянскаю супольнасцю, не толькі з дзяржаўнымі інстытутамі.

Таксама была сустрэча з літоўскай меншасцю, бо ў Беларусі кампактна жыве літоўская дыяспара. Чаму мы гэта робім? Мы зацікаўленыя ў тым, каб падтрымліваць добрыя адносіны з Беларуссю. Мы зацікаўленыя ў падтрыманні беларускага суверэнітэту і ў выбары Беларуссю збліжэння з Еўрапейскім Звязам і Захадам. Гэта нашая пазіцыя, з якой мы едзем у Менск, і ў мяне склалася ўражанне, што нас там пачулі.

Зразумела, што ў нас ёсць адно, я б сказала, балючае пытанне – Астравецкая АЭС. Таму мы разумеем, што трэба зрабіць шмат, але гэтая праблема выходзіць за межы двухбаковых стасункаў Беларусі ды Літвы. Мы разумеем, што «Астравец» – гэта расейскі праект, які рэалізоўвае «Росатом». А з іншага боку не толькі Літва, але і такія краіны, як Латвія, Польшча, Эстонія і Еўрапейскі Звяз, – усе яны зацікаўленыя ў тым, каб АЭС была бяспечная і быў прыняты шэраг захадаў перад пастановаю аб запуску электрастанцыі. Да прыкладу, трэба было прыцягнуць экспертаў з Еўрапейскай камісіі ды Еўрапейскую групу рэгулявання ядравай бяспекі – The European Nuclear Safety Regulators Group, якая рэгулятар у сферы ядравай энергетыкі ў Еўропе. Яны зрабілі стрэс-тэст на Астраўцы. Ён выявіў, што шмат якія рэчы павінныя лепш функцыянаваць, чым гэта робіцца цяпер. Таму перад пачаткам эксплуатацыі гэтыя парушэнні трэба разгледзець належным чынам.

Тры праблемы Беларусі абмеркавалі ў Еўрапарламенце

Якая была рэакцыя афіцыйнага Менску на вашыя прапановы аб дыялогу?

Міністр меў вельмі добрыя сустрэчы і з прэм’ер-міністрам, і з міністрам замежных справаў. Яны гаварылі на розныя тэмы, пра Астравец у тым ліку, а таксама пра беларускую будучыню, наколькі Беларусь хацела б зблізіцца з Еўрапейскім Звязам.

Як нашая агульная гісторыя ў Вялікім Княстве Літоўскім можа дапамагчы нам знайсці агульную мову ў будучыні?

Сапраўды, Літва і Беларусь маюць унікальны гістарычны досвед, перабываючы ў адной дзяржаве цягам нават не дзесяцігоддзяў, а стагоддзяў. Натуральна, пасля расейскай акупацыі нашыя палітычныя пазіцыі сталі адрознівацца. У той час, як Літва змагалася з савецкім ладам, Беларусь больш камфортна адчувала сябе ў той сітуацыі. Магчыма, пералом адбыўся ў 1990-я гады, калі Савецкі Саюз разваліўся, і тады мы абралі крыху іншыя шляхі. Улічваючы тое, што Беларусь – у Еўропе, яна мусіць быць як мага бліжэй да Еўрапейскага Звязу. У кантэксце нашай агульнай спадчыны я не магу не згадаць вельмі прыгожую падзею мінулага года. У Вільні праходзіла ўшанаванне ўдзельнікаў паўстання 1863–64 гг., дзе ўсе літоўцы, беларусы, палякі разам змагаліся супраць тыраніі царызму. Калі герояў паўстання ўрачыста пахавалі ў Вільні, беларусы і палякі, украінцы і нават латышы аб’ядналіся, што было вельмі добрым эмацыйным момантам для нашых краінаў.

https://belsat.eu/news/perapahavanne-kalinouskaga/

На вашую думку, чаму мы, беларусы і літоўцы – у мінулым дзеці адной дзяржавы – цяпер так далёка адно ад аднаго палітычна. Што пайшло не так?

Я б не сказала, што мы вельмі далёкія адзін ад аднаго. Калі вы трапіце ў Вільню ў выходныя і адправіцеся ў «Акропаліс», вы ўбачыце там шмат беларусаў, таму гэта не так, што мы вельмі далёкія адзін ад аднаго, але, так, нашыя палітычныя сістэмы адрозніваюцца. Эканамічна мы вядзем актыўны гандаль, які налічвае больш за 1 мільярд еўраў на год, а гэта шмат. У нас таксама вялікі аб’ём транзіту ў Клайпедскі порт і з яго. Я магу таксама адзначыць, што Літва адыграла ролю ў дыверсіфікацыі вашых нафтавых рэсурсаў. Беларусь набыла нафту ў Нарвегіі, якую пазней перавезлі праз Клайпедскі порт у Беларусь, каб у вас была альтэрнатыва і не было абавязку набываць нафту ды газ толькі ў Расеі. Існуюць і іншыя варыянты, і Літва гатовая іх прапанаваць.

А палітычна?

Палітычна мы павінныя распрацаваць план дзеянняў. Я вельмі спадзяюся, што ў палітычным сэнсе ў нейкі момант прэзідэнты змогуць сустрэцца. Але зноў жа мы павінныя вельмі добра падрыхтаваць такую сустрэчу.

Ці ў найбліжэйшай будучыні гэта магчымае?

Я б не разважала, наколькі хутка гэта магчымае. Але, маючы на ўвазе дынаміку нашых стасункаў, мы можам назіраць, як яны будуць далей развівацца.

Як вы бачыце развязанне спрэчкі паміж Беларуссю і Літвой наконт ядравай электрастанцыі?

Як я ўжо казала, Астравец – справа не Літвы і Беларусі, а Еўрапейскага Звязу і Расеі, таму гульцы – не Літва і Беларусь. Я спадзяюся, што Еўрапейскаму Звязу ўдасца зрабіць усё дзеля таго, каб АЭС у Астраўцы была бяспечная. Сёння мы не лічым, што яе функцыянаванне будзе бяспечнае.

Што вы думаеце пра супрацу паміж Менскам і NATO? Ці можа Літва пагадзіцца падпісаць пагадненне аб абмене інфармацыяй паміж Альянсам і Менскам?

NATO мае такія пагадненні аб абмене інфармацыяй са шмат якімі краінамі-партнёрамі. Дык чаму б і не з Беларуссю? Мы не бачылі ніякіх прычынаў, праз якія NATO не можа мець такога пагаднення з Беларуссю. Вядома, мы не будзем супраць таго, калі будзе знойдзены кансэнсус з усімі краінамі NATO, мы таксама за гэта.

https://belsat.eu/news/nato-karta-lukashenki-u-pokery-z-putsinym/

Беларусь – цудоўная краіна. Гэта краіна, з якой мы маем агульную гісторыю. Нашыя гісторыкі маглі б збірацца разам часцей дзеля абмеркавання нашага гістарычнага мінулага дзвюх краінаў. Напрыклад, мы маглі б прасоўваць такія праекты, як «Скарына». Як вы ведаеце, набліжаецца 500 гадоў, як Скарына заснаваў у Вільні друкарню. Дык чаму б Літве і Беларусі не паехаць разам у ЮНЭСКО, каб запрапанаваць зрабіць наступны год Годам Скарыны, і рабіць падобныя рэчы. У нас сапраўды шмат агульнай гісторыі, якую мы маглі б разам паказаць усяму свету.

Размаўляла Ганна Русінава

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 14.02.2020

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны