Новыя выракі за карупцыю ў сферы аховы здароўя. Што трэба ведаць пра «справу медыкаў»


Менгарсуд 27 снежня агучыў чарговы вырак па справе аб карупцыі ў сферы аховы здароўя. Пакараны 21 чалавек – не толькі чыноўнікі, але і вядомыя бізнесоўцы. Belsat.eu нагадвае, што такое «справа медыкаў», каго ўжо асудзілі раней і якія пытанні дагэтуль застаюцца без адказу.

Суд па «справе 21-го». Фота – belsat.eu

У межах «справы 21-го» (адна з частак вялікай «справы медыкаў») Менгарсуд пакараў:

  • кіраўніка Цэнтру экспертызаў і выпрабаванняў аховы здароўя Аляксандра Сталярова 7 гадамі пазбаўлення волі, ягонага намесніка Андрэя Зінчанку 3 гадамі зняволення, кіраўніка аднаго з дэпартаментаў Сяргея Ляшчылоўскага 3 гадамі;
  • гендырэктара «Белфармацыя» Вячаслава Гніція 6 гадамі калоніі;
  • бізнесоўца, дырэктара кампаніі «Іскамед» Сяргея Шакуціна (брата алігарха Аляксандра Шакуціна) – 1,5 года зняволення (і вызвалілі з клеткі ў залі суда);
  • гендырэктара гарадзенскага дзяржаўнага прадпрыемства «Фармацыя» Андрэя Шчуку – 2,5 гады зняволення, кіраўніцу гомельскага прадпрыемства «Фармацыя» Наталлю Судакову – 3 гадамі калоніі агульнага рэжыму, намесніцу гендырэктара віцебскага прадпрыемства «Фармацыя» Кацярыну Шнітко – 5 гадамі зняволення;
  • дырэктара РУП «Академфарм» Міхаіла Гаўрылава – 4 гады пазбаўлення волі;
  • старшыню савету дырэктароў найбуйнейшай прыватнай сеткі «Аптэка груп» Леаніда Томчына – 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, выканаўчага дырэктара «Аптэка груп» Рамана Альтшулера –3 гады без накіравання ў калонію, заснавальніка медычнай кампаніі «Геол-М» Уладзіміра Ладуцьку і Генадзя Сабалеўскага – да штрафу па 1000 базавых велічыняў кожнаму (25,5 тыс. руб);
  • прадстаўнікоў бізнесу (у тым ліку наёмных працаўніков) Майю Наўбатаву – да штрафу ў 400 базавых (10,2 тыс. руб.), Віктара Балоціна 3 гады абмежавання волі.
Алігарх Аляксандр Шакуцін прыйшоў падтрымаць свайго брата Сяргея Шакуціна.
Фота: Belsat.eu

Разгляд справы 21-го» распачаўся 19 жніўня. З 21 фігуранта справы 7 перабывалі пад вартаю, астатнія – пад хатнім арыштам і падпіскай аб нявыездзе. Фігурантаў справы вінавацілі ў шматгадовым атрыманні або дачы хабараў. Агульная сума хабараў, пра якія ідзе гаворка ў «справе 21-го», складае каля 120 тысяч долараў і больш за 26 тысяч еўра.

У Менгарсудзе. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Амаль усе абвінавачаныя цалкам або часткова сваю віну прызналі. Лінія абароны большасці з іх будавалася на тым, што суд мусіць змякчыць адказнасць за карупцыю, бо падсудныя актыўна супрацоўнічалі са следствам. Напрыклад, адвакат бізнесоўца Леаніда Томчына настойваў на тым, што ягонаму падабароннаму не залічылі яўку з павіннай, хаця, паводле закону, яўка з павіннай пазбаўляе ад крымінальнага пераследу асобу, што давала хабары.

Цалкам не прызнаў сваю віну, у прыватнасці, Сяргей Шакуцін – ён быў адзіным бізнесоўцам, які ўвесь час следства і суду знаходзіўся за кратамі.

Сяргей Шакуцін на волі.
Фота: Belsat.eu

Што такое «справа медыкаў»?

Цяперашні суд – частка вялікай справы аб карупцыі пры закупах медычнага абсталявання і лекаў. У СМІ яе называюць «справай медычных функцыянераў» або «справай медыкаў». У межах справы вясной–летам 2018 года былі затрыманыя не менш за 95 асобаў (у тым ліку дзясяткі чыноўнікаў). Паводле КДБ, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз.

«На хабары без перабольшання сыходзілі мільёны долараў ЗША. У выніку ператрусаў, добраахвотнага пакрыцця шкоды, вяртання незаконна атрыманых сродкаў у даход дзяржавы паступіла ўжо больш як $ 15 млн», – адзначаў летам 2018 года старшыня КДБ Валерый Вакульчык.

Падчас ператрусу ў генеральнага дырэктара «Белмедтэхніка» Аляксандра Шарака. Скрыншот з відэа «Беларусь-1»

У КДБ сцвярджалі, што незаконна атрыманыя грошы карупцыянеры пераводзілі на рахункі фірмаў у Гон-Конгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Праз карупцыю кошт і лекаў, і абсталявання нібыта завышаўся на 10-60 %, у асобных выпадках – на 100 %.

«На жаль, факты карупцыі здараюцца ўсюды, але ў ахове здароўя праблема стала не кропкавай, а скразной, сістэмнай. Яна закранула не асобных службовых асобаў, а закранула практычна ўсю вертыкаль – ад прыватнікаў, вайскоўцаў, дзяржаўных служачых да Міністэрства аховы здароўя, а можа быць, і вышэй, следства разбярэцца. Мной была пастаўлена прынцыповая і цвёрдая задача – не знайсці «стрэлачнікаў», а літаральна выкарчаваць гэтую заразу дашчэнту, дакапацца да арганізатараў гэтага беззаконня», – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў лістападзе 2018 года.

Цягам года, з лета 2018-га па лета 2019-га, адбыўся шэраг судовых працэсаў, больш за дзесяць чыноўнікаў атрымалі розныя тэрміны зняволення. Па стане на студзень 2019 года паведамлялася: Камітэт дзяржаўнай бяспекі вядзе папярэдняе следства па 4 крымінальных справах, у рамках якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сістэмы аховы здароўя і 63 асобы – бізнесоўцы, кіраўнікі і працаўнікі камерцыйных структураў.

Hавiны
«Шкадую, што не здолеў устрымацца ад спакусы». Як медычныя функцыянеры бралі хабары на дзясяткі тысяч долараў
2019.01.11 13:58

Каго раней асудзілі па «справе медыкаў»?

У студзені 2019 года пачаліся першыя судовыя працэсы па «справе медычных функцыянераў». Цягам 2019-га сталі вядомыя наступныя выракі:

– намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі6 гадоў пазбаўлення волі;

Ігар Ласіцкі, былы намеснік міністра аховы здароўя.
Фота: Belsat.eu

– начальнік ваенна-медычнага ўпраўлення Мінабароны Аляксей Яськоў – 9 гадоў;

– начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак – 7,5 гадоў пазбаўлення волі;

– дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, акадэмік Аляксандр Бялецкі – 7,5 гадоў;

– галоўны доктар 12-ай гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Уладзімір Краўчонак – 5 гадоў;

Уладзімір Краўчонак.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– загадчык эндаскапічнага аддзялення 9-й гарадской клінічнай бальніцы Менска Андрэй Саўчанка – 2,5 года;

– галоўны ўрач Менскай абласной бальніцы Андрэй Каралько – 4 года;

– галоўны ўрач 1-й гарадской клінічнай бальніцы Алег Фамін – 4 года;

– галоўны ўрача 9-й бальніцы Валерый Кушнярэнка – 5 гадоў калоніі;

– намеснік галоўнага ўрача медцэнтра МТЗ Сяргей Семяжона – 7,5 года;

– галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтру медычнай рэабілітацыі і бальнеалячэння Сяргей Карыцька – 2,5 года «хатняй хіміі»;

– кіраўніца ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя Людміла Рэвуцкая6 гадоў калоніі.

Hавiны
«Усе ўсё разумелі». У судзе над топ-чыноўнікам распавялі пра сістэму «адкатаў» у сферы аховы здароўя
2019.01.10 15:09

Каго яшчэ будуць судзіць?

На дадзены момант у Менгарсудзе чакаецца як мінімум яшчэ адзін судовы працэс па справе аб карупцыі ў сферы аховы здароўя. Там фігуруюць шэсць абвінавачаных, сярод іх – генеральны дырэктар «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак. У яго падчас ператрусу была выяўлена больш за $ 620 тыс.

Падчас ператрусу ў Шарака. Скрыншот з відэа «Беларусь-1»

Папярэднія слуханні распачаліся 12 снежня. Таксама на лаве падсудных апынуцца начальнік аддзелу рэалізацыі «Белмедтэхніка» Кірыл Кастрыцкі і чатыры бізнесоўца – Барыс Ранчынскі, Яўген Волкаў, Ілля Карповіч і Аляксандр Юсаў. Вядома, што Шарак і Ранчынскі заключылі дасудовае пагадненне аб супрацы.

Разгляд справы, па сутнасці, пачнецца 13 студзеня, але будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Паводле суду, у матэрыялах справы знаходзяцца дакументы, што змяшчаюць камерцыйную тайну і інфармацыю абмежаванага распаўсюду.

Ці будзе гэты суд апошнім па «справе медыкаў» або рыхтуюцца і іншыя працэсы, пакуль невядома.

Якія пытанні ў «справе медыкаў» застаюцца без адказаў?

Першае пытанне без адказу: куды дзеліся грошы? Калі пачаліся арышты па «справе медыкаў», КДБ распавядаў, што ў карупцыйных схемах фігуравалі вялізарныя сумы хабараў – да $ 350 тысячаў за адзін раз і агулам да $ 15 млн. Таксама паведамлялася, што ў асобных карупцыянераў дома знаходзілі сотні тысяч долараў. Але падчас судовых справах такія сумы і блізка не фігуравалі: гаворка ішла пра тысячы або пра дзясяткі тысячаў карупцыйных грошай.

Аляксандр Бялецкі.
Фота: Belsat.eu

Напрыклад, у дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага канфіскавалі амаль $ 500 тыс. Аднак на судзе фігуравалі хабары толькі на сумы ў 4 тысячы еўра і 3 тысячы долараў. Аналагічныя сітуацыя назіралася ў справе галоўнага лекара 1-й гарадской клінічнай бальніцы Менску Алега Фаміна: падчас ператрусу ў медыка знайшлі $ 140 тысяч, але судзілі за хабары на суму каля 3 тысяч долараў.

Акрамя таго, калі КДБ распавядаў пра акалічнасці «справы медыкаў», то адмыслова падкрэслівалася: у выніку карупцыі «кошт і лекаў, і абсталявання завышаліся на 10-60%, у асобных выпадках – на 100%». Аднак падчас судоў наўпроставая ўзаемасувязь паміж хабарамі і цэнамі не прасочвалася. Чыноўнікаў не вінавацілі ў тым, што яны заключалі нявыгадныя кантракты і за хабары аддавалі перавагу кампаніям, што прапаноўвалі завышаныя кошты на абсталяванне. Калі верыць падсудным, на тэндарах усё роўна перамагалі фірмы, што прапаноўвалі найбольш выгадныя ўмовы і найбольш якаснае абсталяванне. Адваротнае бок абвінавачвання нават не імкнуўся даказаць. Характэрна, што чыноўнікаў судзілі менавіта за хабарніцтва, але не за перавышэнне або злоўжыванне паўнамоцтвамі.

Аб’ектыў
«Справа медыкаў». Хабар на ўсялякі выпадак
2019.01.24 21:09

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў