«Шкадую, што не здолеў устрымацца ад спакусы». Як медычныя функцыянеры бралі хабары на дзясяткі тысяч долараў


У Менскім гарадскім судзе 11 студзеня распачаўся разбор крымінальнай справы ў дачыненні да намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага і галоўнага доктара 12-ай гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Уладзіміра Краўчонка. Абодва цалкам прызнаюць сваю віну.

Ласіцкаму прад’яўлена абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабараў неаднаразова ў асабліва буйным памеры). Краўчонка вінавацяць у хабарніцтве (арт. 430) і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424).

Хабары ў сферы аховы здароўя: хто больш?

Ігар Ласіцкі на судзе

Паводле следства, Ігар Ласіцкі, займаючы пасаду намесніка міністра, у 2015-2017 гг. неаднаразова браў хабары. Першы эпізод абвінавачвання меў месца ў жніўні 2015 года, калі чыноўнік атрымаў хабар у памеры $1.500 ад кіраўніка кампаніі, што займаецца продажам медычнага абсталявання. За гэта Ласіцкі мусіў афіцыйна рэкамендаваць дзяржаўным медычным установам медтэхніку гэтай фірмы. Передача грошаў адбылася на аўтастаянцы каля менскай рэстарацыі «Ракаўскі бровар».

У 2016 і 2017 гадах чыноўнік атрымліваў ад бізнесоўцаў хабары ў памеры $10 тыс. і £10 тыс. за допуск іх кампаніяў да працэдуры дзяржаўных закупак. У верасні 2016 года хабар у памеры $2.000 Ласіцкаму перадаў асабіста Краўчонак – за гэта намеснік міністра мусіў дапамагчы вырашыць праблемы медычнай фірмы дачкі галоўнага лекара 12-й паліклінікі.

«Я цалкам прызнаю сваю віну», – заявіў на судзе Ласіцкі.

Краўчонак, паводле следства, браў хабары з 2013 па 2018 гг. У 2013 годзе ён атрымаў «адкат» у памеры $10 тыс. ад бізнесоўца Уладзіміра Ладуцькі ў якасці падзякі за перамогу ягонай кампаніі «Геол-М» у тэндары на закуп камп’ютарнага тамографа для 12-й гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі. У 2017 годзе той жа Ладуцька «аддзячыў» Краўчонка ўжо £15 тыс. за перамогу «Геол-М» у тэндары на закуп стаматалагічнага абсталявання. Акрамя таго, у абвінавачванні былога галоўнага лекара прысутнічае яшчэ 6 эпізодаў атрымання невялікіх «адкатаў» у памеры ад $150 да $300 ад розных медычных фірмаў за заключэнне з імі кантрактаў. Краўчонак сваю віну таксама цалкам прызнаў.

Агулам галоўны лекар Краўчонак, паводле следства, атрымаў «адкатаў» на суму каля $28 тыс. – нават больш чым намеснік міністра аховы здароўя. Ласіцкага вінавацяць у атрыманні хабараў толькі на суму $23,5 тыс. І абодва яны набралі хабараў менш чым былы начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак – агульная сума хабараў у межах ягоных карупцыйных эпізодаў перавысіла $37 тыс.

«Гэта была асабістая ініцыятыва бізнесоўцаў»

Уладзімір Краўчонак перад пачаткам суду

Уладзімір Краўчонак у судзе прызнаў сваю віну, але адзначаў, што ягоныя дзеянні не неслі шкоды медычнай установе, якой ён кіраваў з 2005 па 2018 год. Былы галоўны лекар падкрэсліваў, што пад ягоным кіраўніцтвам 12-я гарадская клінічная стаматалагічная паліклініка дасягнула выдатных вынікаў: у персаналу былі добрыя заробкі, узровень медычнага абслугоўвання быў вельмі высокі, ды яшчэ дзейнасць установы прыносіла прыбытак – экспарт медычных паслугаў у 2017 годзе дасягнуў 2,5 млн. беларускіх рублёў. Краўчонак у сваю чаргу заўсёды імкнуўся набываць для паліклінікі найлепшую медычную тэхніку, прычым рабілася гэта за ўласныя сродкі 12-й паліклінікі.

Гэтак у 2013 годзе ён вырашыў купіць сучасны камп’ютарны тамограф. Паводле Краўчонка, найлепшымі характарыстыкамі на рынку валодалі фінскія тамографы, адзіным пастаўшчыком якіх у Беларусь зʼяўлялася кампанія «Геол-М». Яе дырэктарам і заснавальнікам зʼяўляецца Уладзімір Ладуцька.

«У мяне адбылася размова з Ладуцькай. Ён паабяцаў, што калі кантракт будзе заключаны, то ён «аддзячыць» мне. Але ў першую чаргу я быў зацікаўлены ў пастаўках якаснага абсталявання», – падкрэсліў ён.

Бок абвінавачвання сцвярджае, што Краўчонак злоўжываў сваймі паўнамоцтвамі – загадзя папярэдзіў Ладуцьку аб правядзенні тэндару і склаў патрабаванні да тэхніка такім чынам, каб перамагла менавіта ягоная фірма. У выніку, мяркуе пракуратура, пры правядзенні тэндару для ягоных удзельнікаў склаліся апрыёры няроўныя ўмовы, таму і перамог «Геол-М». Галоўны лекар прызнае, што сапраўды папярэдзіў Ладуцьку, але падкрэслівае – на вынікі тэндару гэта не паўплывала. У тамографаў Ладуцькі былі найлепшыя характарыстыкі ў любым выпадку, таму ён і перамог. Калі б характарыстыкі былі горш, то Краўчонак ніяк дапамагчы фірме «Геол-М» не змог бы.

Пасля тэндару Ладуцька патэлефанаваў Краўчонку і запрасіў яго ў свой офісе на «кубачак кавы». Пасля кавы бізнесовец перадаў галоўнаму лекару канверт з $10 тыс. Аналагічным чынам Краўчонак апісвае сітуацыю і пры закупах стаматалагічнага абсталявання ў 2017 годзе: на вынікі тэндара ён не мог паўплываць. А кампанія Ладуцькі на гэты раз хоць і не мела відавочнай перавагі па характарыстыках, але прапанавала больш нізкую цану за свае паслугі. Па выніках тэндара ён атрымаў ад Ладуцькі £15 тыс., але загадзя не мог гарантаваць яму перамогі.

У выпадку астатніх 6 карупцыйных эпізодаў, дзе ён атрымліваў хабары ў памеры ад $150-300, Краўчонка не вінавацілі ў злаўжыванні сваймі службовымі паўнамоцтвамі. Папярэдне «аддзячыць» яму не абяцалі і кантракты на момант перадачы грошаў ужо былі заключаны. «Адкаты», як тлумачыць Краўчонка, бізнесоўцы перадавалі з мэтай «заахвоціць» яго за супрацу. «Мне прапанавалі – я не змог адмовіцца», – кажа ён.

«Я сапраўды разумею, што грошы мне перадаваліся выключна таму, што я займаў адказную пасаду. Гэта заўсёды была ініцыятыва саміх бізнесоўцаў. Я шкадую, што не змог устрымацца ад спакусы», – заявіў Краўчонак на судзе.

Што тычацца эпізоду, калі сам Краўчонак даваў хабар Ласіцкаму, то тады ён дапамагаў сваёй дачцэ – хаця яна нібыта не прасіла пра гэта і нічога пра намаганні бацькі не ведала. «Я ўспрыняў яе праблемы па-бацькоўску», – патлумачыў ён. Краўчонак патэлефанаваў Ласіцкам і сустрэўся з ім на стаянцы каля Міністэрства аховы здароўя – перадаў намесніку міністра бутэльку са спіртным напоям і канверт з $2 тыс.

Hавiны
«Усе ўсё разумелі». У судзе над топ-чыноўнікам распавялі пра сістэму «адкатаў» у сферы аховы здароўя
2019.01.10 15:09

4 студзеня адбылося папярэдняе судовае паседжанне, бо Уладзімір Краўчонак заключыў дасудовае пагадненне аб супрацы. Ён прызнаў сваю віну і пагадзіўся цалкам кампенсаваць шкоду, нанесеную дзяржаве. Пракурор Юрый Шарснёў падкрэсліў, што Краўчонак паведаміў праваахоўным органам раней невядомыя факты наконт карупцыйных злачынстваў, чым дапамог следству выкрыць іншых карупцыянераў. Сёння, 11 студзеня, распачаўся разгляд справы па-сутнасці.

Ігар Ласіцкі знаходзіцца пад вартаю з 29 чэрвеня 2018 года. Уладзімір Краўчонак быў пад вартаю з 17 чэрвеня па 17 кастрычніка. Яму змянілі меру стрымання на хатні арышт і з лістапада 2018 года ён працуе шараговым стаматолагам у 7-й паліклініцы.

***

  • Суд над Ласіцкім і Краўчанкам – частка вялікай справы аб карупцыі пры закупах медычнага абсталявання і лекаў. У СМІ яе называюць «справай медычных функцыянераў» або «справай медыкаў». У межах справы вясной–летам 2018 года былі затрыманыя больш за 60 асобаў (у тым ліку 37 чыноўнікаў). Паводле КДБ, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Гон-Конгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Праз карупцыю кошт і лекаў, і абсталявання завышаўся на 10-60 %, у асобных выпадках – на 100 %.
  • Акрамя Ласіцкага і Краўчанкі, сярод арыштаваных – дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце, у Бялецкага – каля $ 500 тыс.
  • Ігар Ласіцкі стаў намеснікам міністра ў сакавіку 2013 года, лічыўся пратэжэ экс-міністра Васіля Жарка. Ласіцкі ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва і кантроль за будаўніцтвам, рэканструкцыяй і развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны аховы здароўя. Курыраваў пытанні абароту медычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзавання, з’яўляўся старшынём профільных камісіяў Міністэрства аховы здароўя і «Белмедтэхнікі». Летась у ліпені Ласіцкага затрымаў КДБ.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў