Vuraj&CherryVata: магія несумяшчальнасці. Прэм’ера нязвыклай каляднай песні!


Гурт Vuraj акурат на дзень свайго 5-годзьдзя прэзентуе песню «Шчодры вэчор», зробленую разам з электронным праектам CherryVata для праекту «Новае пакаленне на Новы год».

Абрадавая палеская песня загучала ў нечаканай электроннай апрацоўцы з жывымі інструментамі. Лідар Vuraj Сяржук Доўгушаў запісаў яе падчас сваёй першай палескай экспедыцыі ў вёсцы Заверше, што ў Драгічынскім раёне. На падставе гэтага спеву гурт зрабіў уласную кампазіцыю. Для навагодняга канцэрту на «Белсаце» музыкі пайшлі на эксперымент і зрабілі версію трэку разам з гуртом CherryVata.



«Я нават не ўяўляў, што падобнае супрацоўніцтва магчымае, мы ніколі дагэтуль з электроншчыкамі ня гралі, а я выступаў заўжды толькі за жывое гучанне. Але тым больш зацікавіў такі эксперымент. І ў гэтай нашай несумяшчальнасці якраз утварылася магія», – кажа Сяржук.

Разам з Доўгушавым кампазіцыю выканала вакалістка CherryVata, уладальніца шыкоўнага голасу Кацярына Штырц, якая надала спеву яшчэ большай магічнасці ды чароўнасці.

«Я люблю выпрабоўваць сябе ды іншых музыкаў, калі сумяшчаюцца і сутыкаюцца розныя музычныя сусветы. Ды што музычныя – гэта ў прынцыпе розныя сусветы, – зазначае лідар CherryVata Дзмітрый Літвіновіч, вядомы як Diamos Roll. – І вельмі важна, што мы прыйшлі да нечага адзінага, хоць на пачатку працы было і несалодка. Ганаруся тым, што спрычыніліся да таго, што перанеслі нашу архаіку ў сучаснасць. Гэта мае каштоўнасць ня толькі музычную, але і гісторыка-культурную». Музыкі з абедзвюх каманд надзвычай задаволеныя вынікам, падчас працы яна пасябравалі. Vuraj запрасіў CherryVata выступіць на канцэрце з нагоды свайго 5-годзьдзя, музыкі маюць намер працягнуць сумесныя эксперыменты.

Песня «Шчодры вэчор» была запісаная ўжывую для праекту «Новае пакаленне на Новы год». Відэавэрсію гэтага праекту можна будзе ўбачыць у ноч з 31 снежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат».

А ў полю, ў полю сьвецёлка стоіць.

Шчодры вэчор, добры вэчор!

А ў той сьвецёлцэ тры окэнэчкы:

Ў пэршым окэнцы ясны місяцік,

Ў другім окэнцы яснэ сонэчко,

Ў трэцім окэнцы ясны зорэчкы.

Ой, шо місяцік – то й господарык,

А шо сонэчко – то й господынька,

А шо зорочкы – то іx(э) дэткы.

Шчодры вэчор, добры вэчор

СБ/МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў