Віктар Бабарыка: «Беларусь прачнулася. Новая Беларусь змяце рэшткі старога рэжыму»


Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка назваў пераслед набліжаных да яго людзей «беззаконнем».

У адмысловым стрыме на сваім YouTube-канале Бабарыка пракаментаваў апошнія падзеі – крымінальную справу, звязаную з дзейнасцю кампаніі «ПрыватЛізінг», і шэраг ператрусаў у сябраў і калегаў патэнцыйнага кандыдата.

Бабарыка адзначыў, што гэтыя падзеі дэманструюць: прадстаўнікі ўлады гатовыя выкарыстоўваюць любыя сродкі для недапушчэння сумленных выбараў.

«Увесь цынізм гэтых дзеянняў у тым, што яны накіраваныя не на мяне. Яны накіраваны на маіх сяброў, на людзей, з якімі я працаваў. Чаму гэта зроблена? Таму што прамога кампрамату на мяне няма і ёсць вялікая надзея, што людзей запалохаюць, што людзей прымусяць гаварыць няпраўду, агаворваць сябе і іншых», – падкрэсліў ён.

Бабарыка заявіў, што адзіным правільным адказам на гэтае «самавольства і безаконне» будзе «працяг нашай барацьбы». Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты таксама звярнуўся да тых, хто ўжо «падвергнуўся пераследу і допытам»: «Не бойцеся казаць праўду. Не кажыце хлусню – не агаворваецца сябе і іншых людзей».

«Самая вялікая памылка ў гэтых дзеяннях улады складаецца ў тым, што яны не разумеюць: той Беларусі, якая была раней і якой яны памыкалі, як сваім статкам, больш не існуе. Беларусь прачнулася. Новая Беларусь у любым выпадку змяце рэшткі старога рэжыму. Мы – моцная і свабодная краіна. Мы – народ пераможца», – заявіў Бабарыка.

Раніцай 11 чэрвеня працаўнікі ДФР прыйшлі з вобшукам ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку». Таксама ператрусы адбываюцца ў офісах кампаніяў «ПрыватЛізінг», «Кампары» і «Кентаўр». У КДК паведамілі, што ДФР распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч.2 арт. 335 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структур, былыя і дзейныя працаўнікі банкаўскай сістэмы. Але Віктара Бабарыкі, які кіраваў «Белгазпрамбанкам» 20 гадоў, сярод іх няма.

Hавiны
Ператрусы адбываюцца ў офісах кампаніяў «ПрыватЛізінг», «Кампары» і «Кентаўр»
2020.06.11 12:58

Нагадаем, на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка намякнуў, што адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты можа быць датычны да махлярства і папрасіў спытаць свайго апанента «што такое ПрыватЛізінг» і «дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі». Канкрэтнае імя кандыдата не было названае. Аднак Віктар Бабарыка заявіў, што ведае кампанію «ПрыватЛізінг» – гэта даўні кліент «Белгазпрамбанку». «Кампанія «ПрыватЛізінг» мае структуру валодання, у якую ўваходзяць, калі я не памыляюся, два ці тры былыя супрацоўнікі «Белгазпрамбанка». На гэтым гісторыю я магу скончыць», – адзначыў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў