Ператрусы адбываюцца ў офісах кампаніяў «ПрыватЛізінг», «Кампары» і «Кентаўр»


У кампаніі «ПрыватЛізінг», з працай якой звязаны вобшук у галоўным офісу «Белгазпрамбанку», адбываецца ператрус. Таксама паведамляецца пра вобшукі ў офісах фірмаў «Кампары» і «Кентаўр».

Пра ператрус у «ПрыватЛізінгу» паведамляе «Наша Ніва».

«Да пачатку працоўнага дня прыехала група з розных канцоў краіны: на шаўронах гербы Дэпартамента фінансавых расследаваняў па Віцебскай, Гарадзенскай абласцях. Нехта зусім без шаўронаў. Прыбылі для правядзення следчых мерапрыемстваў, канкрэтна праводзіцца вобшук, шукаюць дакументы, звязаныя са злачынствам па артыкуле 243 (ухіленне ад сплаты падаткаў). Прынамсі нам паказалі пастанову ў якой фігураваў толькі гэты артыкул«, – паведамілі «НН» у кампаніі.

Суразмоўцы выдання кажуць, што ператрус праходзіць карэктна. Між тым, цяпер адсутнічае сувязь з некаторымі высокапастаўленымі работнікамі «ПрыватЛізінгу».

TUT.by паведамляе, што КДК таксама праводзіць ператрус ў офісах кампаніяў «Кентавр» і «Кампары». Дырэктар «Кампары» Анатоль Булава – сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

Раніцай 11 чэрвеня працаўнікі ДФР прыйшлі ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку». У КДК паведамілі, што ДФР распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч.2 арт. 335 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структур, былыя і дзейныя працаўнікі банкаўскай сістэмы. Але Віктара Бабарыкі, які кіраваў «Белгазпрамбанкам» 20 гадоў, сярод іх няма.

Абноўлена
У офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі працаўнікі ДФР, распачатая крымінальная справа
2020.06.11 10:49

Віктар Бабарыка заявіў, што сёння распачаліся ператрусы ў людзей, звязаных з ім. Патэнцыйны кандыдат кажа, што крымінальная справа тычацца кампаніі «ПрыватЛізінг».

«Тое, што цяпер адбываецца, асноўны ціск і нават тое, што я не ўваходжу ў кола (падазраваных – заўв. belsat.eu) – гэта ціск на мяне. Фармаванне комплексу віны за людзей, якія паверылі і пайшлі. Мне не вельмі прыемна гэта адчуваць. Але я да гэтага, у прынцыпе, рыхтаваўся і гэта разумею», – заявіў ён.

Нагадаем, на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка намякнуў, што адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты можа быць датычны да махлярства і папрасіў спытаць «што такое ПрыватЛізінг» і «дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі». Канкрэтнае імя кандыдата не было названае. Аднак Віктар Бабарыка заявіў, што ведае кампанію «ПрыватЛізінг» – гэта даўні кліент «Белгазпрамбанку». «Кампанія «ПрыватЛізінг» мае структуру валодання, у якую ўваходзяць, калі я не памыляюся, два ці тры былыя супрацоўнікі «Белгазпрамбанка». На гэтым гісторыю я магу скончыць», – адзначыў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў