Улады Беларусі маюць намер атрымаць крэдыт з боку Шанхайскага філіялу Банку развіцця Кітая ў памеры 3,5 млрд юаняў, што ў эквіваленце складае больш за 500 млн долараў. Гэта вынікае з указу кіраўніка краіны, які апублікаваны на Нацыянальным Прававым інтэрнэт-партале.
Тэрміновы крэдыт з боку Кітаю Беларусь мае намер прыцягнуць ужо да канца бягучага году. Сродкі будуць залічаныя на банкаўскі рахунак, які ўлады краіны створаць у Кітаі.
Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, кітайскі крэдыт пойдзе на пагашэнне вонкавых пазыкаў. Прадугледжваецца, што пазыку з боку Пекіна ў памеры 500 мільёнаў долараў Беларусь атрымае на пяць гадоў.
Сёлета Расея скараціла крэдытаванне для Менску. Мінфін чакаў, што ў бюджэт краіны ўдасца прыцягнуць 200 мільёнаў долараў апошняга траншу ад фонду Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, а таксама 600 мільёнаў долараў з боку ўраду Расеі. Але ў выніку ў Крамлі вырашылі сродкі не даваць. У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка нават распавёў, што забараніў Міністру фінансаў браць грошы ад Расеі.
CК belsat.eu