Улады адклікалі дазвол на будаўніцтва бізнес-цэнтру каля парку Чалюскінцаў. Але будоўля працягваецца


Прадстаўніцы ініцыятыўнай групы, якая змагаецца супраць будаўніцтва бізнес-цэнтру ў жылым двары на Незалежнасці, 93б, распавялі belsat.eu, што на прыёме ў старшыні Менгарвыканкаму Анатоля Сівака ім заявілі: ад 23 студзеня будоўля фактычна лічыцца самавольнай.

«Два дні таму, 30 студзеня, мы былі на прыёме ў мэра. Там мы даведаліся, што 22 студзеня Камітэт архітэктуры адклікаў сваё заключэнне па праекту. Следам аўтаматычна адклікала заключэнне «Галоўдзяржбудэкспертыза». Цяпер улады шукаюць механізмы спынення будоўлі. Фактычна з 23 студзеня будоўля самавольная – гэта словы мэра», – распавяла прадстаўніца ініцыятыўнай групы Галіна.

Аднак сёння жыхары дамоў па вуліцы Талбухіна заўважылі, што будоўля ўсё роўна працягваецца. «Адзін з будаўнікоў нам сказаў: якая розніца, якія там былі заключэнні? Маўляў, у нас ужо былі выпадкі, што спынялі будоўлю, але пабудавалі і дагэтуль усё стаіць», – кажа Галіна.

Belsat.eu пакуль не атрымаў каментар па дадзенай сітуацыі ад прадстаўнікоў забудоўніка.

Будоўля ў двары па вуліцы Талбухіна. Belsat.eu

Бізнес-цэнтр каля Парку Чэлюскінцаў будуе фірма «Вецер», падкантрольная буйной дэвелаперскай кампаніі «Сігмаполюс» бізнесоўца Віталя Сініцкага. Паводле праекту, гэта будзе бізнес-цэнтр класа А з паркінгам на 126 машынамесцаў. Супраць будаўніцтва ў 2018 годзе выступілі мясцовыя жыхары: яны выходзілі на пікеты, падавалі скаргі ў дзяржаўныя органы і звярталіся ў суд. На іх думку, бізнес-цэнтр і паркоўка размешчаны надта блізка да іх дамоў. Акрамя таго, на думку юрыстаў, забудова закранае ахоўную зону, дзе знаходзіцца так званы «Генеральскі дом».

18 студзеня стала вядома, што пракуратура сапраўды знайшла парушэнні ў праекце: адлегласць новай паркоўкі да суседняга будынку на Талбухіна, 3 не адпавядае нормам. Справа ў тым, што на Талбухіна, 3 раней месціўся гатэль «Дружба», а цяпер там – інтэрнат. Паводле заканадаўства, гэта розны тып будынкаў (адміністратыўны і жылы адпаведна) і адлегласць ад новай паркоўкі мусіць быць рознай. Але забудоўнік пры зацверджанні праекту падаваў старое пасведчанне, паводле якога на Талбухіна знаходзіцца менавіта адміністратыўны будынак гатэлю.

Будоўля ў двары па вуліцы Талбухіна. Belsat.eu

Юрыст Аляксандр Жук лічыць, што ліст пракуратуры мае фактычна рэкамендацыйны характар і сама па сябе не спыніць будоўлю. Але жыхары дамоў на вуліцы Талбухіна ўпэўнены: гэта сур’ёзнае парушэнне, якое ўлады праігнараваць не маюць права.

«На думку грамадскасці, калі забудоўнік падаў несапраўдныя дакументы (наконт будынку на Талбухіна, 3. – заўв. belsat.eu), то гэта вельмі сурʼёзнае парушэнне. Гэта ж не памылка, гэта наўмысны падлог, – адзначыла прадстаўніца ініцыятыўнай групы Алена. – Адлегласць паркоўкі ад жылых дамоў – гэта прынцыповае пытанне, гэта бяспека людзей. Мы робім усё, што ў нашых сілах».

ВІДЭА
Топ-6 скандальных забудоваў Менску. Што з імі цяпер?
2019.01.25 09:31

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў