Топ-6 скандальных забудоваў Менску. Што з імі цяпер?


Belsat.eu падрыхтаваў агляд самых скандальных праектаў забудоваў у Менску за апошнія гады, а таксама высвятляў, на якой стадыі яны знаходзяцца.

Бізнес-центр каля парку Чалюскінцаў

Бізнес-цэнтр у жылым двары на Незалежнасці, 93б будуе фірма «Вецер», падкантрольная буйной дэвелаперскай кампаніі «Сігмаполюс» бізнесоўца Віталя Сініцкага. Паводле праекту, гэта будзе бізнес-цэнтр класа А з паркінгам на 126 машынамесцаў. Супраць будаўніцтва ў 2018 годзе выступілі мясцовыя жыхары: яны выходзілі на пікеты, падавалі скаргі ў дзяржаўныя органы і звярталіся ў суд. На іх думку, бізнес-цэнтр і паркоўка размешчаны надта блізка да іх дамоў. Акрамя таго, на думку юрыстаў, забудова закранае ахоўную зону, дзе знаходзіцца так званы «Генеральскі дом».

Будоўля ў двары па вуліцы Талбухіна. Belsat.eu

На мінулым тыдні стала вядома, што пракуратура сапраўды знайшла парушэнні ў праекце: адлегласць новай паркоўкі да суседняга будынку на Талбухіна, 3 не адпавядае нормам. Справа ў тым, што на Талбухіна, 3 раней месціўся гатэль «Дружба», а цяпер там – інтэрнат. Паводле заканадаўства, гэта розны тып будынкаў (адміністратыўны і жылы адпаведна) і адлегласць ад новай паркоўкі мусіць быць рознай. Але забудоўнік пры зацверджанні праекту падаваў старое пасведчанне, паводле якога на Талбухіна знаходзіцца менавіта адміністратыўны будынак гатэлю.

Будоўля ў двары па вуліцы Талбухіна. Belsat.eu

Юрыст Аляксандр Жук, які аказваў дапамогу ініцыятыўнай групе мясцовых жыхароў у судзе, лічыць: ліст пракуратуры не зменіць сітуацыю, бо мае фактычна рэкамендацыйны характар.

«Згодна з законам аб пракуратуры ёсць некалькі формаў дакументаў абавязковых для выканання. Сярод іх – прадпісанне і прадстаўленне. А гэты ліст пракуратуры ні прадпісанне, ні прадстаўленне. Такім чынам гэты дакумент з’яўляецца проста канстатацыяй факту: так, былі парушэнні і было б добра іх выправіць. Калі ніхто нічога не зробіць, то прыцягнуць іх да адказнасці немагчыма», – адзначае Жук у размове з belsat.eu.

Будоўля ў двары па вуліцы Талбухіна. Belsat.eu

У сваю чаргу мясцовыя жыхары не збіраюцца здавацца. Як паведаміла belsat.eu прадстаўніца ініцыятыўнай групы Алена, яны будуць спрабаваць прабіцца на прыём да чыноўнікаў і працягнуць абскарджваць праект забудовы ў судовым парадку.

«На думку грамадскасці, калі забудоўнік падаў несапраўдныя дакументы (наконт будынку на Талбухіна, 3. – Заўв. Belsat.eu), то гэта вельмі сурʼёзнае парушэнне. Гэта ж не памылка, гэта наўмысны падлог, – кажа Алена. – Адлегласць паркоўкі ад жылых дамоў – гэта прынцыповае пытанне, гэта бяспека людзей. Мы робім усё, што ў нашых сілах».

Ушчыльненне Сухарава і знос царквы «Новае жыццё»

Микрараён Сухарава. Ірына Арахоўская /Belsat.eu

Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама замовіў план забудовы тэрыторыі плошчай у 170 га ў мікрараёну Сухарава. У межах маштабнага праекту, які ўлады хочуць рэалізаваць да 2030 года, насельніцтва мікрараёну мусіць вырасці з 12 да 28 тысяч чалавек, плануецца пабудаваць шматкватэрнае жыллё і грамадскія аб’екты, а таксама знесці 79 прыватных дамоў і будынак пратэстанцкай царквы «Новае жыццё».

Мікрараён Сухарава Ірына Арахоўская /Belsat.eu

Праект забудовы быў прадстаўлены 16 студзеня 2019 года, мясцовыя жыхары выступілі супраць. Жыхароў раёну таксама падтрымалі лідары «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі. Рымашэўскі, у прыватнасці, заклікаў стварыць ініцыятыўную групу і сабраць 10 тысяч подпісаў супраць праекту ушчыльнення Сухарава.

Што тычацца царквы «Новае жыццё», то гарадскія ўлады спрабуюць канфіскаваць будынак ужо амаль 14 гадоў. У 2009 годзе пратэстантаў пазбавілі права ўласнасці, а ў 2010 годзе Гаспадарчы суд пакараў «Новае жыццё» штрафам у памеры каля 86 тысяч USD. Вернікі лічаць дзеянні ўладаў незаконнымі, яны праводзілі галадоўкі, ладзілі начныя дзяжурства, а судовыя штрафы не выплочвалі.

Царква “Новае жыццё”. Ірына Арахоўская /Belsat.eu

Дагэтуль прыхаджанам удавалася адстаяць сваю царкву, але што будзе цяпер – невядома. Даведацца пра далейшыя планы вернікаў у іх канфлікце з уладамі пакуль няма магчымасці – як паведамілі belsat.eu у царкве, цяпер пастар «Новага жыцця» Вячаслаў Ганчарэнка знаходзіцца за мяжой, а больш ніхто каментаваць сітуацыю не ўпаўнаважаны.

Эпапея з не-кемпінскі

Гатэль «Кемпінскі» каля цырку пачала будаваць даччыная структура групы кампаніяў «Трайпл» алігарха Юрыя Чыжа – Elite Estate JLCC company. Фірма атрымала надзвычайныя льготы адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі ад 11 траўня 2010 года. Здаць аб’ект планавалася яшчэ да 1 траўня 2014 года. Аднак у Юрыя Чыжа ўзніклі фінансавыя цяжкасці (вясной 2016-га яго наогул арыштаваў КДБ) і праект быў замарожаны.

Будынак у Белдзяржцырка на беразе Свіслачы Belsat.eu

Пры гэтым СМІ высветлілі, што сусветны брэнд «Kempinski» не мае дачынення да будаўніцтва гатэлю ў цэнтры Менску, хаця менавіта гэтая назва фігуравала ва ўказе Лукашэнкі. Будоўля суправаджалася парушэннем заканадаўства аб ахове гістарычных помнікаў, абвінавачаннямі ў карупцыі ды абурэннямі грамадства.

Будынак у Белдзяржцырка на беразе Свіслачы. Belsat.eu

У 2017 годзе фінансаваць завяршэнне будоўлі гатэльнага комплексу ўзяўся расейскі «Сбербанк». Долю Elite Estate JLCC company расейцы выкупілі за сімвалічную суму ў 1,99 беларускага рубля. На той момант у праект ужо было ўкладзена каля $100 млн і прыкладна столькі ж патрабавалася ўкласці для яго завяршэння. 10 красавіка Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз перанёс тэрміны завяршэння будоўлі з 2018 на 2020 год.

Будынак у Белдзяржцырка на беразе Свіслачы. Belsat.eu

Летась у «Сбербанку» заявілі, што замест гатэльнага комплексу каля цырку зʼявіцца офісны цэнтр. Як заявіў старшыня праўлення «Сбербанку» Герман Грэф, на верхніх паверхах будынку будуць месціцца офісы (у тым ліку цэнтральны офіс «БПС-Сбербанку»), а на ніжніх – крамы, кавярні і рэстарацыі.

Гандлёвы цэнтр на Кастрычніцкай плошчы

Пасля зносу музею Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць шматфункцыйны комплекс, які мусіць спалучыць офісы, гандлёвы цэнтр, рэстаран на даху ды падземны паркінг. БК «Капітал-Цэнтр» мае паўстаць у 2020 годзе. За асваенне тэрыторыі ўзялася кампанія «Белінтэ-Робэ», што ўваходзіць у будаўнічы «Дана-холдынг», найбольш вядомы праектамі «Маяк Менску» ды «Minsk World». Гэта – бізнес сербскіх алігархаў, братоў Карычаў. Багалюб Карыч лічыўся самых паспяховым бізнесоўцам часоў кіравання Слабадана Мілошэвіча, але пасля змены ўлады ў Сербіі пазіцыі Карыча моцна саслаблі.

Шматфункцыйны комплекс па вуліцы Кастрычніцкая. Belsat.eu

Праект забудовы Кастрычніцкай плошчы выклікаў хвалю абурэння ў грамадстве. Адмыслоўцы лічаць, што будынак БК «Капітал-Цэнтр» надта вялікі, ён не ўпісваецца ў гарадскі архітэктурны ансамбль і цалкам псуе выгляд Кастрычніцкай плошчы.

«Дзіч, якую будзе відаць з усіх канцоў гораду», – адзначаў летась у каментары «Белсату» мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Цяпер на пляцоўцы будучага БК «Капітал-Цэнтр» вядуцца актыўныя будаўнічыя працы.

Шматфункцыйны комплекс па вуліцы Кастрычніцкая. Belsat.eu

Рэстарацыя сябра Лукашэнкі ў заказніку «Лябяжы»

Яшчэ ў 2014 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №365, паводле якога кампанія «Тапас» атрымала частку тэрыторыі побач з заказнікам «Лябяжы» для пабудовы там шматфункцыянальнага комплексу. Праект забудовы сам па сябе выклікаў шмат пытанняў у грамадскіх актывістаў і эколагаў – яны выказвалі меркаванні, што жыллёвы комплекс можа нашкодзіць прыродзе. Аднак у 2018 годзе сітуацыя яшчэ больш абвастрылася – ва ўжо зацверджаны праект сталі ўносіць істотныя змены.

Жылы комплекс каля заказніка «Лябяжы» Belsat.eu
Жылы комплекс каля заказніка «Лябяжы» Belsat.eu

Блогер Антон Матолька ў 2018 годзе звярнуў увагу на тое, што замест спартовых пляцовак і дзіцячай зоны забудоўнік вырашыў паставіць 8 катэджаў, а дамы зрабіў не 8-павярховымі, а 9-павярховымі. За самавольную будоўлю яшчэ аднаго паверха «Тапас» аштрафавалі ў адміністрацыйным парадку на суму, што не перавышае 1200 долараў, аднак за дадатковы паверх забудоўнік атрымае 1,4 млн USD. Але самае галоўнае, што «Тапас» залез на берагавую лінію сажалкі Лябяжы, хаця гэтая зона мае статус «тэрыторыі з адмысловым рэжымам засваення і ўтрымання». Цяпер там мусіць з’явіцца рэстарацыя.

Будоўля каля заказніка «Лябяжы» Belsat.eu

Асабліва скандальнай робіць сітуацыю той факт, што ўладальнік «Тапаса» Павел Белы – нападнік хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі. Разам з Лукашэнкам ён гуляе ў хакей мінімум з 2006 года. За гэты час былы спартовец стаў топавым бізнесоўцам і адным з галоўных забудоўнікаў Менску. Па стане на 2018 год 38-гадовы Павел Белы займае 34-е месца ў рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых беларускіх бізнесоўцаў.

Лукашэнка і Белы. Фота – president.gov.by

Элітны жыллёвы комплекс у цэнтры сталіцы

Закрыты элітны жыллёвы комплекс на тэрыторыі былога трамвайна-тралейбуснага парка №1 плануе пабудаваць кампанія «А-100 Дэвэлапмэнт» – гэтая фірма ўваходзіць у склад групы кампаніяў «А-100», уладальнікам якой з’яўляецца бізнесовец Аляксандр Цэнтэр. Аўкцыён па продажы тэрыторыі плошчай у 6,76 гектараў у межах пр. Незалежнасці – пр. Машэрава – вул. Чырвоная – вул. Кісялёва адбыўся 12 верасня 2017 года. Участак быў выкуплены «А-100 Дэвелапмэнт» за 8,8 млн USD, там мусіць быць пабудаванае элітнае жыллё. Забудова закране не толькі тэрыторыю былога тралейбуснага дэпо, але таксама будынак, дзе раней месцілася галерэя «Ў». Новы жыллёвы комплекс з’явіцца фактычна ў дварах жылых дамоў.

Тралейбусны парк, Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Belsat.eu падрабязна распавядаў пра гэты праект яшчэ ў верасні 2018 года. Паводле каардынатара кампаніі «Гарадскі Ляснічы» Ігара Корзуна, які знаёмы з дэталямі папярэдняга праекту, усю тэрыторыю жыллёвага комплексу планавалася абнесці плотам, куды будзе забаронены ўваход грамадзянам. Ігар Корзун падкрэсліваў: нават калі «А-100 Дэвэлапмэнт» хоча пабудаваць жыллёвы комплекс, то вакол яго можна было б стварыць кавярні, крамы і галерэі. Але атрымліваецца, што вялізарная тэрыторыя ў цэнтры Менску можа проста знікнуць з грамадскага жыцця – туды будуць мець магчымасць трапіць толькі людзі з чып-ключом.

Тралейбусны парк, Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Між тым пакуль што праект далёкі ад рэалізацыі. Як паведамілі belsat.eu у кампаніі «А-100 Дэвэлапмэнт», праект жыллёвага комплексу дагэтуль не ўзгоднены з гарадскімі ўладамі. Прадстаўнік кампаніі адзначыў, што навінаў па тэме забудовы былога трамвайнага дэпо трэба чакаць не раней чым праз паўгода.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў