Украінец страціў прытомнасць у цэху па вытворчасці трун. Польскі працадаўца адвёз яго ў лес. Мужчына памёр


Ганаровы консул Украіны ў Польшчы Вітальд Хароўскі вядзе збор сродкаў для сям’і Васіля Чарнея, цела якога знайшлі ў лесе ў 125 км ад месца, дзе ён нелегальна працаваў.

Па стане на 27 чэрвеня ўдалося сабраць 140 000 злотых (каля $ 37 500).

Паводле выдання poznan.wyborcza.pl, Васіль страціў прытомнасць у сталярным цэху, дзе рабілі труны. Кіраўніца фірмы Гражына Ф. забараніла выклікаць хуткую і загадала іншым працаўнікам ісці дахаты. Цела нелегала яна завезла ў лес. Пакуль не вядома, дзе менавіта памёр украінец: у цэху, па дарозе ў лес ці ў лесе. Цяпер жанчына арыштаваная, а паліцыя шукае магчымых саўдзельнікаў.

Сямʼя 36-гадовага ўкраінца даведалася пра смерць Васіля выпадкова – сусед убачыў ягоны фотаздымак у сацсетцы, піша tsn.ua. Жонка нябожчыка зразумела, што з мужам здарылася нешта нядобрае 15 чэрвеня, бо Васіль не павіншаваў сваю дачку з днём народзінаў.

Жыхар прыкарпацкага сяла Троіца Васіль Чарней прыехаў працаваць у Польшчу 4 месяцы таму. Ён працаваў на будове і падпрацоўваў у сталярным цэху.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў