Украіна абмяняла беларуса-антымайданаўца, які ўдзельнічаў у масавых закалотах у Адэсе

Грамадзянін Беларусі Алег Ткачук, які быў асуджаны за ўдзел у масавых закалотах 2 траўня 2014 года ў Адэсе, быў перададзены Украінай у «ЛНР» падчас абмену палоннымі, што адбыўся 29 снежня 2019 года. Пра гэта belsat.eu паведаміла крыніца сярод прарасейскіх валанцёраў.

У 2014 годзе беларус Алег Ткачук далучыўся да «антымайдану», стаў чальцом прарасейскай групоўкі «Адэская дружына». 2 траўня 2014 года ён удзельнічаў у крывавых сутыкненнях з праўкраінскімі актывістамі, што прывяло да пажару ў Доме прафсаюзаў. Агулам у трагічных падзеях 2 траўня ў Адэсе загінулі 48 чалавек і больш за 200 атрымалі раненні.

Праз 2 тыдні пасля тых падзеяў Ткачука затрымала СБУ, але потым адпусціла на волю. Ён з’ехаў у Беларусь, аднак потым вярнуўся ў Адэсу. У 2017 годзе беларуса ўсё ж асудзілі ва Украіне за ўдзел у масавых закалотах і пакаралі 3 гадамі ўмоўна. Аднак летам 2019 года Ткачука зноў арыштавалі. 29 снежня падчас падчас абмену палоннымі паміж Украінай і сепаратыстамі яго перадалі ў «ЛНР».

«Ён з лета ў адэскім СІЗА быў. Паспелі падняць шум, дадаць яго ў спіс на абмен», – паведаміла крыніца belsat.eu сярод прарасейскіх валанцёраў.

Беларус-антымайданавец Алег Ткачук. Фота – lug-info.com

Алег Ткачук пасля абмену паспеў даць кароткае інтэрвʼю выданню «Аргументы и факты». Ён патлумачыў, што ў 2019 годзе яго арыштавала СБУ паводле падазрэння ў падрыхтоўцы замаху на аднаго з байцоў «Правага сектара». Ткачук таксама патлумачыў у размове з журналістамі, што аказаўся ў 2014 годзе ў Адэсе нібыта выпадкова, бо прыехаў да сваякоў у госці. Але вырашыў далучыцца да мясцовага антымайдану, калі пра яго пачуў.

У інтэрв’ю lug-info.com Ткачук распавёў, што праз крымінальны пераслед ва Украіне не можа вярнуцца ў Беларусь. Ён таксама дадаў, што не шкадуе пра тое, што ўдзельнічаў у антымайдане.

Раней былы лідар адэскага «Правага сектара» Сяргей Стэрненка сцвярджаў, што Ткачук 2 траўня 2014-га «страляў па тых, хто выйшаў на абарону Украіны». Таксама актывіст распавядаў, што беларус на радзіме нібыта меў судзімасць «за згвалтаванне, разбойны напад, крадзеж і рабаванне».

Паводле актывіста «Правага сектару» Сяргея Стэрненкі, беларус Алег Ткачук у траўні 2014-га страляў на вуліцы Дэрыбасаўскай па тых, хто выйшаў на абарону Украіны
Паводле ўкраінскага актывіста, на здымку – менавіта беларус Алег Ткачук. Пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў няма

Крыніца belsat.eu таксама пацвердзіла інфармацыю пра абмен ураджэнца Віцебску Дзмітрыя Новікава, які ў 2014-2015 гадах ваяваў на Данбасе на баку «ДНР».

Такім чынам, падчас абмену палоннымі 29 снежня Украіна перадала сепаратыстам двух грамадзянінаў Беларусі.

Украіна выдала «ДНР» грамадзяніна Беларусі. Ён сцвярджаў, што быў завербаваны КДБ

ІІ belsat.eu

 

 

 

Hавiны