Украіна выдала «ДНР» грамадзяніна Беларусі. Ён сцвярджаў, што быў завербаваны КДБ


Ураджэнец Віцебску Дзмітрый Новікаў, які ў 2014-2015 гадах прымаў удзел у баявых дзеяннях на Данбасе на баку баевікоў, быў перададзены Украінай у «ДНР» падчас абмену палоннымі, што адбыўся 29 снежня 2019 года. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Раней Новікаў сцвярджаў, што быў завербаваны КДБ Беларусі.

Паводле «Радыё Свабода», Дзмітрыя Новікава 29 снежня 2019 году абмянялі на ўкраінскіх вайскоўцаў на кантрольным пункце «Маёрскае» ў Данецкай вобласці. Гэта стала магчыма пасля таго, як Дружкаўскі гарадскі суд Данецкай вобласці, у якім знаходзіцца справа Новікава на разглядзе, ухваліў рашэнне аб ягоным вызваленні. У той жа час, вызваляючы Дзмітрыя Новікава з-пад варты, суд абавязаў яго прыбываць у суд і да пракурораў па першым патрабаванні, а таксама паведамляць аб змене месца пражывання.

Крыніцы belsat.eu на баку сепаратыстаў яшчэ летам 2019 года паведамлялі, што «ДНР» мае намер уключыць Новікава ў спісы на абмен.

31-гадовы беларус ваяваў на баку «ДНР» у 2014-2015 гадах у складзе падраздзялення «Самалі». Дзмітрыя Новікава затрымалі ў жніўні 2018 года на памежным пункце «Гоптаўка» (траса Харкаў-Белгарад) пры спробе перайсці ўкраінскую мяжу. Яго вінавацілі ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, удзеле ў агрэсіўнай вайне і незаконным пераходзе праз дзяржаўную мяжу. Судовы працэс над беларусам распачаўся летам 2018 года.

Новікаў сцвярджаў, што быў завербаваны КДБ Беларусі пасля таго як у 2016 годзе вярнуўся на радзіму з Данбасу. Са слоў беларуса, ён даў падпіску як сакрэтны супрацоўнік, але рэальна працаваць на КДБ не хацеў і з’ехаў у Расею. Новікава дасталі і там, і шантажом вымусілі выканаць заданне на неакупаванай тэрыторыі Украіны. Нібыта забраць сумку з нейкім грузам, заехаўшы з тэрыторыі Расеі, і адвезці яе ў Беларусь. Паводле беларуса, «у Белгарадзе ён сустрэўся з супрацоўнікам КДБ і адправіўся ў Харкаў», а на прапускным пункце «Гоптаўка» яго арыштавалі. Дзмітрый Новікаў сцвярджае, што менавіта ўлады Беларусі садзейнічалі ягонаму арышту.

Летась ягоны адвакат Аляксандр Гарэлаў распавядаў belsat.eu, што Новікаў не мае намеру вяртацца ў Беларусь.

Hавiны
Суд на баевіком «ДНР» з Віцебску. «Мяне завербаваў КДБ»
2019.08.16 17:10

Нагадаем, падчас абмену палоннымі 29 снежня Украіна выдала «ДНР» 124 чалавекі, а «ДНР» Украіне – 76. Поўны спіс людзей, якія былі перададзеныя сепаратыстамі не публікаваўся.

Hавiны
Украіна і сепаратысты пачалі абмен палоннымі
2019.12.29 11:37

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў