Ва Украіне прайшло другое, чарговае пасяджэнне суда над жыхаром Віцебску, які ў 2014 годзе далучыўся да баевікоў так званай «Данецкай Народнай Рэспублікі». Судзяць беларуса ва Украіне па артыкуле 258-м «Удзел у тэрарыстычнай арганізацыі». Першае слуханне прайшло яшчэ ў чэрвені.
Дружкоўка – невялікае мястэчка за 70 кіламетраў ад акупаванага Данецка. У Гарадскім судзе Дружкоўкі падсудны, ураджэнец Віцебску, раней судзімы ў Беларусі. На радзіме засталася жонка, і дзіця 10-ці гадоў. Новікаву пагражае тэрмін да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Калі выбіралі меру стрымання Новікаў прызнаў віну, акрамя таго, адвакат Аляксандр Гарэлаў запэўнівае, ягоны падабаронны сам з’явіўся ў СБУ і супрацоўнічаў са следствам. Афіцыйнае паведамленне пракуратуры: «затрыманы 10 жніўня 2018 года на тэрыторыі Украіны. Прыбыў на тэрыторыю краіны для працягу супрацьпраўнай дзейнасці, дзе і быў затрыманы». Пазней СБУ выклала відэа допыту ў сеціва, ваяваў беларус на Данбасе ў складзе баевікоў ДНР два гады.
Знаходзячыся ў СІЗА Новікаў меў доступ да сродкаў сувязі і яшчэ там даў інтэрв’ю журналісту «Белсату». Яго сапраўды затрымалі ў Харкаўскай вобласці, пры перасячэнні мяжы з Расейскай Федэрацыяй, гэта пацвярджае афіцыйнае паведамленне пракуратуры. Як распавёў Новікаў журналісту Белсату, на вайну ён «паехаў ў 2014-ым, вярнуўся на радзіму ў 2016, дзе быў завербаваны КДБ».
Са слоў самога Новікава, ён «даў падпіску як сакрэтны супрацоўнік, але рэальна працаваць на КДБ не хацеў і з’ехаў у Расею». Новікава дасталі і там, і шантажом вымусілі выканаць заданне на неакупаванай тэрыторыі Украіны. Нібыта забраць сумку з нейкім грузам, заехаўшы з тэрыторыі Расеі, і адвезці сумку ў Беларусь. Са слоў падсуднага, «у Белгарадзе ён сустрэўся з супрацоўнікам КДБ і адправіўся ў Харкаў», а на прапускным пункце «Гоптаўка» яго арыштавалі. Дзмітрый Новікаў сцвярджае, што менавіта «улады Беларусі садзейнічалі яго арышту».
Сам адвакат у прыватнай гутарцы з журналістам «Белсату» так і назваў справу «мутнай, якая безумоўна будзе мець працяг, улічваючы, што ні ў Расеі, ні тым больш у Беларусі майго падсуднага не чакаюць, баюся нават мне падапечны не гаворыць ўсю праўду. Вяртацца ў Беларусь ён не хоча», – сказаў Аляксандр Гарэлаў журналісту.
Па хадайніцтве пракурора затрыманне Дзмітрыя Новікава працягнулі яшчэ на 60 дзён. А па патрабаванні самога падсуднага слуханне справы перанесена на месяц. На судзе Новікаў запатрабаваў правесці онлайн трансляцыю, якую ўкраінскае судаводства абавязана выканаць. Суд пастанавіў забяспечыць онлайн трансляцыю і наступнае слуханне пройдзе ўжо 16 верасня 2019 года. Журналісты Белсату сочаць за ходам справы.
Юлія Гаркуша/АА belsat.eu