Украіна паміж граблямі і віламі

Падчас выбарчых кампаніяў у дэмакратычных дзяржавах агляды вынікаў праходзяць днём, калі Цэнтральныя выбарчыя камісіі або іншыя ўпаўнаважаныя органы атрымліваюць ад участковых камісіяў копіі пратаколаў з так званымі «мокрымі пячаткамі» і подпісамі членаў камісій. Як правіла, адбываецца гэта раніцай наступнага за выбарамі дня, і прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды праводзяцца часцяком а дванаццатай гадзіне па раніцах.

Часам вынікі падліку галасоў адрозніваюцца пры гэтым ад вынікаў экзіт-полаў (сацыялагічных апытанняў на выхадзе з участкаў).

Уласна кажучы, менавіта на гэта і варта звярнуць увагу. Юлія Цімашэнка, што прыйшла на прамежкавы фініш прэзідэнцкай гонкі ва Украіне (паводле экзіт-полу) трэцяй,не закаціла істэрыку, а заявіла, што будзе чакаць менавіта дванаццацігадзіннага падліку галасоў. На яе думку, у другі тур разам з шоўменам і бізнесменам Уладзімірам Зяленскім выходзіць не дзейны кіраўнік украінскай дзяржавы, а менавіта яна, Цімашэнка. І калі не, то… перамогу ў яе могуць скрасці.

Выбарчы ўчастак у амбасадзе Украіны ў Менску. Фота – belsat.eu

Падставы для такіх заяў у Цімашэнкі ёсць. За мінулыя гады яе беспаспяховага балатавання на пасаду прэзідэнта Украіны сфармавалася група людзей, якая гатовая паслядоўна аддаваць ёй свае галасы, аднак не гатовая прызнавацца ў гэтым публічна. Асабліва калі ўлічыць, што пыталіся іх пра гэта на участках для галасавання – пасля гучнай кампаніі, падчас якой самую харызматычную палітычную лэдзі Украіны не абвінавацілі хіба што ў педафіліі. Таму некалькі адсоткаў галасоў Юлія Уладзіміраўна папросту можа падабраць па дарозе.

ВІДЭА
ЦВК Украіны праверыў больш за палову пратаколаў: у другі тур выходзяць Зяленскі і Парашэнка
2019.04.01 09:03

Пытанне ў тым, ці хопіць іх, каб абыйсці ўсё яшчэ дзейнага прэзідэнта Пятра Парашэнкі, які, згодна з экзіт-полам, пакуль з’яўляецца срэбным прызёрам у прамежкавым заліку. Калі хопіць, то Цімашэнка, абвінаваціўшы ўкраінскіх сацыёлагаў у спробе маніпуляцый грамадскай думкай, магчыма, збольшага правы. Бо ўся кампанія будавалася па прынцыпе: ты за Парашэнка або за Цімашэнка? Ты за граблі, на якія адзін раз краіна ўжо наступіла, ці за вілы, якімі нам ужо ціха (напаўголаса абяцаючы трэці майдан) пагражаюць?

Надзвычай цікава, як вырасла актыўнасць украінскіх выбарнікаў у параўнанні з 2014 годам.

Да 20-00 дня галасавання 31 сакавіка стала відавочным, што:

  • Актыўнасць галасавання ў неакупаванай часткі Данецкай вобласці вырасла на 44,03%
  • У Луганскай вобласці – на 17,82%
  • У Харкаўскай вобласці – на 16,73%
  • У Запарожскай вобласці – на 13,27%
  • У Адэскай вобласці – на 12,87%

У гэтых рэгіёнах дзейнічае досыць жорсткі адміністрацыйны рэсурс, кантраляваны былым актывам Партыі Рэгіёнаў (рэгіёны «двайны лаяльнасці»). Па чутках, прадстаўнікі штаба Парашэнка вялі актыўныя кулуарныя перамовы з асноўнымі донарамі цяперашняга «чацвёртага фіналіста» Юрыя Бойкі аб тым, каб усталяваць кантроль над ходам галасавання і павысіць працэнт, атрыманы ў шэрагу абласцей дзейным прэзідэнтам. Так што можа апынуцца, што Цімашэнка мае рацыю.

Уладзімір Зяленскі прагаласаваў на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне, 2019/03/31, Кіеў. Фота – Ганна Лысун, belsat.eu

Аднак цяпер мы будзем зыходзіць менавіта з вынікаў экзіт-полаў, паколькі афіцыйных лічбаў ад украінскага Цэнтрвыбаркама ні ў каго няма. Гэта значыць, з таго, што ў другі тур выходзяць Уладзімір Зяленскі з прыкладна 30% падтрымання і Пётр Парашэнка з прыкладна 18%.

Вам гэта нічога не нагадвае?

Мне гэта моцна нагадвае 1994 год у Беларусі, калі вілы апынуліся не ў руках у Пазняка (чытай: Цімашэнка), а зусім нават у Лукашэнкі (чытай: Зяленскі). І ў другім туры Вячаслаў Францавіч Парашэ… гэта значыць, Кебіч, вядома, прайграў з трэскам, хоць пару адсоткаў у аўтсайдараў адкусіць паспеў. Але адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваць ён ужо не змог: чыноўнікі распаўзліся, як прусакі пад сталом.

Я не кажу пра тое, што Зяленскі і Лукашэнка – адно і тое ж. У іх проста агульны тыпаж: чалавек з народу, які паказвае «чырвоную картку» усёй уладнай эліце.

Але вось электарат у іх розны. За Лукашэнку аддавалі галасы пераважна старыя людзі, расчараваныя ў постсавецкай дэмакратыі. Потым ужо адбылася некаторая рэструктурызацыя электарату, хоць сам прэзідэнт, падобна, гэтага да гэтага часу не ўсвядоміў і ўпарта працягвае працаваць у пошуках падтрымання выміраючых аматараў чыстых каровіных задніц.

Юлія Цімашэнка прагаласавала на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне, 2019/03/31, Кіеў. Фота – Антон Перапяліца, belsat.eu

А за Зяленскага аддаюць галасы як раз маладыя, што стаміліся ад тасаваня адной і той жа зашмальцаванай калоды палітычных карт, але ў дэмакратыі не зняверыліся.

І калі менавіта яны кансалідуюцца і прыйдуць галасаваць за свайго кандыдата, то мы атрымаем новую палітычную рэальнасць у Украіне. Бо галасы аўтсайдэраў часта адыходзяць як раз да лідараў выбарчай гонкі. І тады наступіць пяць гадоў, падчас якіх шматлікія парашэнкі, цімашэнкі – імя ім легіён – канчаткова ператворацца ў начных прывідаў. Проста іх электарат вымрэ канчаткова.

Праўда, досвед падказвае, што рэструктурызацыя электаральнай падтрымкі магчымая і ў другім туры. Мы не ведаем, наколькі ўкраінская чыноўніцкая эліта будзе гатовая супрацоўнічаць з тым, каго яна лічыць Карабас-Барабасам пры марыянетцы Арлекіне Зяленскім – з Ігарам Каламойскім, грозным алігархам, абражаным Пятром Парашэнкам ў лепшых бізнэс-пачуццях. І калі не гатовая, то ўжо дзейны парламент лёгка можа зрэзаць канстытуцыйныя паўнамоцтвы прэзідэнта-электа Зяленскага – яшчэ ў прэзідэнтуру Парашэнка.

Прэзідэнцкія выбары ва Украіне, 2019/03/31, Кіеў. Фота Алесь Папко, belsat.eu

Зрэшты, пра Уладзіміра Аляксандравіча Зяленскага, яго электаральны феномен і наступствы яго абрання для Украіны нам, відавочна, прыйдзецца пісаць пасля другога тура. Пачакаем.

І, сябры мае, не трэба хрысціцца з тым, каб ад нас Бог адвёў такія напаці. Нам век такой волі не відаць.

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў