У Ваўкавыску мужа і жонку прызналі вінаватымі ў гвалце над міліцыянтам


Суд Ваўкавыскага раёна 24 снежня прызнаў Алега і Анастасію Фаміных вінаватымі паводле арт. 364 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні міліцыянта) Крымінальнага кодэкса. Пра гэта паведамляе spring96.org.

Анастасію асудзілі да 1 года і 6 месяцаў «хатняй хіміі», а яе мужа – Алега Фаміна – да 2 гадоў і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Таксама Алег павінен выплаціць міліцыянту 2000 рублёў за маральную і фізічную шкоду. Вырак вынес суддзя Мікалай Талашка.

Раней belsat.eu распавядаў пра гэтую справу. 15 жніўня Алег і Настасся Фаміны вярнуліся дахаты пасля дазволенай акцыі пратэсту. Якраз у гэты дзень у суседа насупраць, бацькі міліцыянта Вячаслава Іванова, адзначалі юбілей, на свята сабраліся сваякі і сябры. Алег Фамін пабачыў праз вакно, што з дому выходзіць Вячаслаў, і пастанавіў выйсці сказаць, што пра яго думае. Хутка паміж суседзямі завязалася бойка.

Паводле версіі дзяржаўнага абвінавачання, бойку пачаў Алег Фамін. Нібыта ён першы штурхнуў міліцыянта Іванова і біў яго па галаве ды целе, а таксама выкарыстаў супраць яго здушвальны прыём. Настасся Фаміна, каб дапамагчы мужу, вырвала з плота штыкеціну і біла ёю Вячаслава Іванова. У выніку міліцыянт атрымаў закрытую ЧМТ, страсенне мозгу, у яго парванае вуха, сінякі.

Фаміны сваёй віны не прызналі. Паводле Алега, ён падышоў да дому Івановых, некалькі разоў крыкнуў «Жыве Беларусь!». У адказ ад маці Вячаслава пачуў «падонак».

«Пасля гэтага я развярнуўся і пайшоў дахаты. Але Вячаслаў затрымаў мяне за плячо, развярнуў да сябе і ўдарыў кулаком у нос. Пайшла кроў, пацямнела ў вачах. Ад удару мяне адкінула на праезную частку практычна пад колы аўтамабіля», – згадвае Алег Фамін.

Паводле Настассі, спачатку яна не ўмешвалася, стаяла на супрацьлеглым баку дарогі і нават раіла жонцы Іванова таксама не лезці: маўляў, мужыкі самі разбяруцца, а яна можа выпадкова атрымаць. Пакуль не ўбачыла, як міліцыянт схапіў Алега Фаміна за шыю здушвальным прыёмам. «Якая мае быць рэакцыя жанчыны, калі яна бачыць, што ейнага мужа душаць, хто б гэта ні рабіў?» – кажа яна.

Алегу Фаміну 46 гадоў, ён прадпрымальнік, трэнер па футболе. Настассі Фаміной 37 гадоў, кабета доўгі час працавала мікрабіёлагам на дзяржаўным прадпрыемстве, але ў траўні звольнілася і занялася сваёй уласнаю справаю – стрыжкай жывёлінаў. У сужэнства – 10-гадовая дачка.

Гісторыі
«Пры чым тут фашыст?» У Ваўкавыску судзяць сужэнства за гвалт над міліцыянтам
2020.11.23 12:14

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў