У Расеі затрымалі ды адмянілі 11 рэйсаў «Sukhoi Superjet 100»


У Расеі з вечара 7 траўня з розных прычыны затрымалі або адмянілі не менш за 11 рэйсаў, якія меліся выконваць самалёты «Sukhoi Superjet 100».

ВІДЭА
Што вядома пра катастрофу ў «Шарамецьева»? Галоўнае
2019.05.06 09:18

Гэтак, у аэрапорце Растова-на-Доне праз непаладку адмянілі вылет самалёта, які павінен быў накіравацца ў Маскву а 05:40. Пасажыраў адправілі ў палёт іншымі рэйсамі, паведамляе РИА «Новости».

Адмененыя таксама рэйсы SU1392 / 1393 з Масквы ў Перм і назад. З Масквы самалёт мусіў вылецець а 00:50, а назад – а 21:55. Выконваць абодва рэйса павінен быў SSJ100, вынікае з паведамлення онлайн-табло пермскага аэрапорту.

Быў затрыманы і вылет з Масквы ў Рыгу. SSJ100 павінен быў адправіцца 7 траўня а 22:55, але вылецеў 8-га а 01:09. Як распавёў адзін з пасажыраў тэлеканалу «Москва 24», у салоне адчуваўся пах гару, а да самалёта пад’язджалі пажарныя машыны. Людзей адправілі ў Рыгу на іншым самалёце.

Hавiны
«Галоўнае – не панікаваць». Бортправадніца беларускай авіякампаніі тлумачыць, што рабіць падчас аварыйнага прызямлення
2019.05.06 18:51

Таксама вылет рэйсу SU 1830 з маскоўскага «Шарамецьева» у Менск самалётам «Sukhoi Superjet 100», прызначаны на 8:35, быў адкладзены на некалькі гадзінаў праз замену судна з тэхнічных прычынаў.

Пазней стала вядома, што кампанія «Аэрафлот» адмяніла рэйс з Масквы ў Ніжні Ноўгарад з вылетам у 16:30 і зваротны рэйс SU1227 з Ніжняга ў Маскву, вылет якога па раскладзе быў намечаны на 18:40.

Апроч таго, адменены рэйс SU2180 з Масквы ў Ётэборг. Самалёт мусіў вылецець а 17:20. Зваротны рэйс SU2181 у Маскву з прыбыццём а 23:10 таксама скасаваны. Гэтак жа, як і рэйс SU1374 з Масквы ў Белгарад з вылетам а 19:40 і зваротны SU1375 з Белгараду ў Маскву з прылётам а 23:35. Пералёты па ўсіх гэтых маршрутах мусілі выконваць самалёты «Sukhoi Superjet 100».

Агулам «Аэрафлот» перанёс або адмяніў 11 рэйсаў, пералёты па якіх павінны былі выконваць самалёты «Superjet», паведамляе РБК.

Пасля аварыі 5 траўня самалёту SSJ100 у Маскве, у выніку якой загінуў 41 чалавек, больш за 150 тыс. чалавек падпісаліся пад петыцыяй з патрабаваннем спыніць палёты самалётаў гэтай мадэлі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў