«Галоўнае – не панікаваць». Бортправадніца беларускай авіякампаніі тлумачыць, што рабіць падчас аварыйнага прызямлення


У маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева» ўвечары 5 траўня пры аварыйнай пасадцы загарэўся самалёт «Sukhoi Superjet 100» авіякампаніі «Аэрафлот». З 78 чалавек на борце загінулі 41. Сярод загінулых быў 22-гадовы сцюард, які ратаваў людзей з полымя. Belsat.eu распытаў былую бортправадніцу беларускай авіякампаніі, якім чынам у такіх выпадках павінна адбывацца эвакуацыя пасажыраў і што мусіць рабіць экіпаж самалёта.

Борт «Аэрафлоту», які выконваў рэйс Масква-Мурманск, здзейсніў аварыйную пасадку ў «Шарамецьева». Эвакуацыя з палаючага самалёта заняла 55 секунд, як афіцыйна заявіў «Аэрафлот» – гэта менш, чым патрабуюць нарматывы. Аднак шэраг СМІ пісалі, што эвакуацыю значна тармазілі пасажыры, якія спрабавалі забраць з сабой ручную кладзь.

Сярод асноўных версіяў здарэння, якія цяпер разглядае Следчы камітэт Расеі – неспрыяльныя метэаўмовы, няспраўнасць «Суперджэта» і недастатковая кваліфікацыя пілотаў, дыспетчараў і спецыялістаў, што праводзілі тэхнічны агляд лайнера.

У беларускай нацыянальнай авіякампаніі «Белавія», як і ва ўсіх сусветных, бортправаднікі праходзяць некалькі інструктажаў.

Былая бортправадніца Анастасія Розум. Фота – vk.com

«За паўтары гадзіны да рэйсу мы праходзім медагляд, пасля чаго «першы нумар» – галоўны адказны бортправаднік – збірае нас на перадпалётны брыфінг, падчас якога з намі праводзяць інструктаж. Пасля, пры сустрэчы пасажыраў, мы інструктуем ужо іх, глядзім, каб у аварыйным раду не было няпоўнагадовых або інвалідаў – асобаў, якія не змогуць дапамагчы ў эвакуацыі», – распавядае ў каментары belsat.eu былая бортправадніца беларускай авіякампаніі Анастасія Розум. Дзяўчына працавала сцюардэсай пяць гадоў.

Акрамя такіх брыфінгаў, працаўнікі беларускай авіякампаніі кожныя тры гады праходзяць паглыбленыя курсы – шкаленне, дзе іх навучаюць, як дзейнічаць у экстрэмальных выпадках, аказваць першую медычную дапамогу, тушыць пажар. Паводле словаў Анастасіі, кожны месяц працаўнікі авіякампаніі праходзяць тэхнічнае навучанне, падчас якога асвяжаюць веды па аварыйна-выратавальных працэдурах; рэгулярна адбываюцца праверкі і метадычныя палёты, дзе правяраюць навыкі бортправаднікоў.

Дарэчы, правілы пажарнай бяспекі і аператыўны план дзеянняў пры аварыйных сітуацыях як для экіпажу, так і для працаўнікоў аэрапорту, прапісаныя ў адмысловым дакуменце, распрацаваным МНС і зацверджаным пастановай Савету міністраў. Як адзначаецца на афіцыйным сайце «Белавія», камандзір паветранага судна можа аддаваць любому грамадзяніну на борце распараджэнні, якія падлягаюць абавязковаму выкананню. Бортправадніку, у сваю чаргу, камандзір загадвае сачыць за выкананнем пасажырамі правілаў і ў выпадку парушэння тэрмінова яму паведамляць.

«Калі здараецца нестандартная сітуацыя – мы маем 10-15 хвілінаў на падрыхтоўку салона да пасадкі. «Першы нумар» зачытвае па гучнай сувязі інфармацыю пасажырам, паведамляе пра непаладкі з самалётам. Тым часам астатнія праваднікі замацоўваюць столікі, цялежкі, адкрываюць шторкі. Просім людзей зняць абцасы, адшпіліць усе вострыя прадметы, каб не парваць надзіманы трап. Мы таксама кажам пасажырам, што пакідаць самалёт можна будзе толькі пасля канчатковага спынення і калі ў вакне побач няма агню. Браць з сабой рэчы, даставаць багаж падчас эвакуацыі катэгарычна забараняецца», – тлумачыць Анастасія.

Пры аварыйнай пасадцы на сушу або ваду галоўная задача экіпажа – як мага хутчэй эвакуяваць з самалёту ўсіх людзей. Бортправаднікоў трэніруюць праводзіць гэтую працэдуру максімальна эфектыўна – ад правільнасці іхных дзеянняў залежаць жыцці пасажыраў. Для паскарэння эвакуацыі ля кожнага выхаду павінен знаходзіцца чалец экіпажу. Чым большая колькасць пасажыраў – тым складаней іх аператыўна эвакуяваць.

Нацыянальны аэрапорт Менск

Паводле нарматыву, пры зладжанай працы каманды, за 2 хвіліны праз дзвярны праём памерам 0,61 х 1,22 м могуць выбрацца да 85 чалавек, праз люк над крылом – ад 12 да 25. Пры ўзгаранні судна гэты час скарачаецца да 90 секунд. Разгортванне аварыйнага трапу павінна займаць не больш за 50 секунд, пасля чаго два бортправаднікі спускаюцца на зямлю (ваду) і страхуюць пасажыраў знізу. Некаторыя ў стане нервовага шоку могуць заставацца ў крэслах і не рухацца – тады бортправадніку трэба самастойна адшпіліць яму рамяні бяспекі і вывесці з самалёта.

Пры пасадцы на ваду, пасля спуску з трапу, пасажыры і чальцы экіпажу надзімаюць ратавальныя камізэлькі (перад палётам сцюарды інструктуюць, як імі карыстацца). У некаторых самалётах ёсць надзіманыя платы, якія могуць утрымліваць па некалькі чалавек на паверхні вады да прыбыцця дапамогі.

Экіпаж заўсёды пакідае судна апошнім – неабходна дакладна ведаць, што ён пусты. Пасля эвакуацыі, калі самалёт гарыць, бортправаднікі кажуць усім адбегчы як мінімум на сто метраў у кірунку супраць ветру.

«На шчасце, у мяне экстраных сітуацый не здаралася, але ў калег, сябровак былі. Мінулым летам яны толькі ўзляцелі з Менску, як пілот паведаміў, што не адкрываецца шасі, заклініла, і давядзецца сядаць на «жывот». Але перад тым трэба скінуць паліва, бо сядаць з поўнымі бакамі небяспечна, самалёт можа выбухнуць ад удару аб зямлю. У выніку яны лёталі кругамі над Менскам, але ў апошні момант шасі запрацавала і селі нармальна», – прыгадвае суразмоўца belsat.eu.

Паводле словаў Анастасіі, у беларускай авіякампаніі дасведчаныя пілоты і пазаштатных здарэнняў амаль ніколі не бывае.

«Часам сітуацыя, падаецца, гучыць страшна, але насамрэч яе ўдаецца паспяхова пазбегнуць. Таму галоўнае – не панікаваць».

ВІДЭА
Што вядома пра катастрофу ў «Шарамецьева»? Галоўнае
2019.05.06 09:18

КА belsat.eu

 

Стужка навінаў