У Расеі суд пакараў буйным штрафам беларусаў за хабар мытнікам


Грамадзяне Беларусі – генеральны дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю і яго 45-гадовы знаёмы былі затрыманыя ў Смаленску за спробу дачы хабару мытнікам. Два гады, падчас следства, абвінавачаныя правялі за кратамі. У выніку суд прызнаў беларусаў вінаватымі ў злачынстве і пакараў буйным штрафам.

Следчае Упраўленне Следчага Камітэту Расеі па Смаленскай вобласці паведамляе, што справе мела месца яшчэ ў лістападзе 2016 году. Беларусы, каб паскорыць працэдуру мытнага афармлення грузаў, у распранальні супрацоўнікаў Смаленскай мытні паклалі грашы больш чым у 90 персанальных кабінак.

Мужчыны былі затрыманыя падчас праведзенага сумеснага мерапрыемства супрацоўнікамі рэгіянальных упраўленняў СК і ФСБ Расеі непасрэдна на месцы здзяйснення злачынства, калі адзін з абвінавачаных завяршаў раскладваць канверты з грашыма ў кабінкі супрацоўнікаў Смаленскай мытні. Агульная сума хабару склала каля 3 мільёнаў рублёў.

Прысудам суда генеральнаму дырэктару беларускай фірмы прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 3 мільёны расейскіх рублёў, другому падсуднаму прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 2 мільёны рублёў. З улікам змяшчэння падсудных на працягу двух гадоў пад вартай, пакаранне стала больш мяккім і канчаткова прызначаныя штрафы ў памеры 2 і 1 мільёнаў рублёў адпаведна.

Hавiны
«Шкадую, што не здолеў устрымацца ад спакусы». Як медычныя функцыянеры бралі хабары на дзясяткі тысяч долараў
2019.01.11 13:58

СК, belsat.eu

Стужка навінаў