У Менску з’явілася ЛГБТ-міліцыя

ВІДЭА

Тэатральная лабараторыя Fortinbras правяла чарговую акцыю падтрымання супольнасці ЛГБТ.

6 снежня Свабодны тэатр апублікаваў у сваім «Фэйсбуку» відэа акцыі «Дэканструкцыя міліцыянта», якая прайшла ў мінулую сераду ў Менску. Студэнты акторскай студыі ў адмысловых мундзірах з пагонамі ў колерах вясёлкавага сцягу затрымлівалі людзей за «неадпаведны настрой», пыталі аб усмешцы, танчылі і раздавалі свісткі:

«Дуйце ў іх кожны раз, калі бачыце сумнага чалавека», – казалі яны мінакам.

«Страшэнны вобраз міліцыянта мае патрэбу ў дэканструкцыі. Мы пераўтварылі страх у любоў. Кожны можа быць ЛГБТ, а ЛГБТ часцяком мае патрэбу ў абароне ад нашага гамафобнага грамадства. Таму мы паказалі міліцыі прыклад і самі стварылі адмысловы дэпартамент па абароне правоў ЛГБТ», – заявілі аўтары відэа, якое з’явілася па выніках акцыі.

Акцыя «Дэканструкцыя міліцыянта» у Менску

«Беларускі Свабодны тэатр ладзіць шэраг акцыяў, прысвечаных ЛГБТ, бо гэта адна з самых табуяваных тэмаў у Беларусі. Яна сталася яшчэ больш актуальнай пасля заявы міністра МУС Шуневіча. Гэта ўжо чацвёртая па ліку акцыя, калі лічыць тое, што мы цалавалі гарадавага», – распавяла «Белсату» Марыя Бяльковіч, акторка Свабоднага тэатру.

Акцыю рыхтавалі каля тыдня. Цягнулася яна некалькі гадзінаў.

«Спачатку хлопцы прыйшлі ў іншы гандлёвы цэнтр, але іх прагнаў ахоўнік, якому не спадабалася іхная форма – маўляў, яна «не па норме», давялося змяніць месца», – дадае Бяльковіч.

Беларуская міліцыя вядомая сваёй непрыязню да супольнасці ЛГБТ. Гэтак, АМАП рэгулярна ладзіць аблавы на клуб «Бурлеск», дзе збіраюцца прадстаўнікі ЛГБТ.

Сёлета ў траўні МУС выказала незадаволенасць, што амбасада Вялікай Брытаніі вывесіла на сваёй тэрыторыі вясёлкавы сцяг. У сваёй заяве міністэрства пісала, што прадстаўнікі ЛГБТ – несапраўдныя і ў Беларусі «не пройдуць».

Пасля гэтага акцыі супраць беларускага міністра ўнутраных справаў прайшлі па ўсім свеце.

Камінг-аўт года: Шуневіч прызнаўся, што пакаянне падлетка перад помнікам – ягоная ідэя

ДД, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары