МУС Беларусі выступіла супраць геяў і лесбіянак: «Яны не пройдуць!»


Міністэрстве ўнутраных справаў апублікавала на сваім сайце заяву, у якой выказвае шкадаванне з нагоды таго, што 17 траўня над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску быў вывешаны вясёлкавы сцяг – сімвал ЛГБТ-супольнасці.

Брытанскія дыпламаты зрабілі гэта, каб звярнуць увагу грамадскасці на ЛГБТ-людзей і дыскрымінацыю, з якой тыя сутыкаюцца. Аднак МУС Беларусі аказаўся незадаволены гэтым жэстам. Сілавікі звяртаюць увагу, што пераважная большасць беларусаў прытрымліваецца традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, таму пазіцыя брытанскай амбасады – «выклік гэтым каштоўнасцям».

Паводле МУС, саюз мужчыны і жанчыны «стаіць на чале светапарадку» і таму дзяржава аберагае гэты саюз.

«Прадстаўнікі аднаполых адносін люта адстойваюць сваю пазіцыю, нягледзячы на асновы і традыцыі, ​​якія склаліся ў грамадстве. Як ні круці, але аднаполыя адносіны – гэта падробка. А сутнасць падробкі заўсёды аднолькавая – абясцэньванне ісціны. ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці – усяго толькі падробка! Беларусь абапіраецца на падмурак традыцыйных інстытутаў сям’і і шлюбу. Але пры гэтым мы ў роўнай ступені адкрытыя для ўсяго карыснага, патрэбнага, прагрэсіўнага: для ўсяго таго, што палепшыць жыццё беларуса і будзе спрыяць развіццю грамадства ў цэлым. Мы – за сапраўднае, яны не пройдуць!» – адзначаецца ў заяве, апублікаванай на сайце МУС.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў