У Казахстане заблакаваныя інфармацыйныя сайты і ўсе сацсеткі


У Казахстане 9 траўня, у дзень, калі забаронены ў краіне рух «Дэмакратычны выбар Казахстану» заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсці на акцыю пратэсту паралельна з афіцыйнымі шэсцямі «Несмяротнага палка», узніклі праблемы з інтэрнэтам, адначасова затрымліваюць актывістаў і журналістаў.

Паліцэйскі гутарыць з жыхаркай Алматы Турсынкуль Жаланавай перад яе затрыманнем. 9 мая 2019 года.
Фота: Радые «Азатык»

Напярэдадні казахстанская паліцыя перайшла на ўзмоцнены варыянт службы. А Генеральная пракуратура перасцерагла грамадзянаў ад удзелу ў несанкцыянаваных пратэстах, паведамляе Радыё «Азатык».

Раніцай 9 траўня ў Казахстане былі недасяжныя шматлікія інфармацыйныя сайты ды старонка Казахстанскага бюро па правах чалавека. Таксама ў месцах правядзення масавых акцый адсутнічае мабільны інтэрнэт. З перабоямі працуюць і сацыяльныя сеткі. Казахстанскія карыстальнікі сацыяльных сетак адзначаюць, што блакаванні такога маштабу – першыя на іх памяці.

ВІДЭА
«Я проста стаю!» У Казахстане затрымалі хлопца з чыстым аркушам паперы
2019.05.07 13:22

«На жаль, блакаванні ў Казахстане – гэта сталая з’ява. На мой погляд гэта робяць улады, праваахоўныя органы, каб людзі не атрымлівалі доступ да інфармацыі онлайн», – адзначыла ў каментары belsat.eu юрыст Прававога медыя-цэнтру Гульміра Біржанава.

Паводле яе, летась у краіне штодня ўвечары блакаваўся доступ да «Facebook» і «Youtube», аднак некалькі месяцаў таму такія блакаванні спыніліся.

«Але сёння заблкаванае мноства сайтаў. Не проста «Facebook» і «Youtube». Заблакаваныя «Telegram», «Whatsapp». Практычна засталася толькі тэлефонная сувязь», – распавяла Гульміра Біржанава.

На яе думку, такія блакаванні з’яўляюцца грубым парушэннем правоў чалавека.

Таксама паведамляецца пра затрыманні журналістаў і актывістаў. Гэтак, у Алматы паліцыя затрымала карэспандэнта партала vlast.kz Даніяра Малдабекава. Пра затрыманне паведаміў алмацінскі праваабаронца Ерлан Каліеў. Некаторыя грамадзянскія актывісты заяўляюць, што ля пад’ездаў іх дамоў дзяжураць паліцэйскія машыны.

Ёсць затрыманні на шэсцях «Несмяротнага палку»: не менш за трох чалавек затрымалі ў Алматы, яшчэ некалькіх – у Нур-Султане.

На мінулым тыдні, 1 траўня, у некалькіх гарадах Казахстана прайшлі пратэсты, удзельнікі якіх заклікалі байкатаваць прызначаныя на 9 чэрвеня пазачарговыя прэзідэнцкія выбары. Акцыі 1 траўня сталі самымі маштабнымі з 2016 года.

ВІДЭА
Назарбаеву далі зразумець – ён павінен сысці
2019.05.01 09:00

МГ belsat.eu

Стужка навінаў