Назарбаеву далі зразумець – ён павінен сысці


Пераможца прэзідэнцкіх выбараў у Казахстане 9 чэрвеня ўжо вызначаны і зацверджаны Масквою, упэўнены Віктар Каўтуноўскі – эксперт Фонду развіцця парламентарызму ў Казахстане. Чаму Дарыга Назарбаева, дачка першага прэзідэнта гэтай краіны, непрымальная для Крамля? Каго больш баяцца казахі – Кітаю ці Расеі? Як Казахстан адрэагаваў на Данбас?Інтэрв’ю Аркадзя Несцярэнкі ды Дзяніса Дзюбы для праграмы «Прасвет».

Вы і ў інтэрв’ю нам, і ў сваіх артыкулах амаль прадказалі развіццё падзеяў з адстаўкаю Назарбаева. Які Ваш прагноз на найбліжэйшыя месяцы? Як будуць развівацца падзеі на выбарах?

Тое, што ў нас цяпер адбываецца, – гэта працяг транзіту ўлады, які ідзе паводле вызначанага сцэнару. Выбарчая кампанія, якую цяпер абвесцілі, – частка гэтага сцэнару. Транзіт не можа скончыцца, пакуль не будзе абраны легітымна прэзідэнт, не пройдуць чарговыя пазачарговыя выбары. Я ўпэўнены ў тым, што яшчэ да таго, як Назарбаеў сышоў у адстаўку, увесь гэты сцэнар быў распісаны. Можа быць, дата выбараў трохі варʼіравалася, можа, планавалі пазней правесці, а вырашылі раней – гэта ўсё магчыма, але асноўная канва, асноўны сцэнар і асноўны кандыдат, які пераможа, былі вызначаныя ўжо тады.

Але я перакананы, што сцэнар будзе ранейшы, як было пры Назарбаеве. Ёсць нейкія кандыдаты, іх называюць спарынг-партнёры, але насамрэч гэта дэкаратыўныя такія фігуры, якія павінныя надаць цывілізаваны выгляд працэдуры пад назваю «выбары». Я думаю, што гэта будзе ранейшая выбарчая кампанія, проста зменіцца галоўная дзейная асоба – будзе не Назарбаеў, а Такаеў.

Hавiны
У Казахстане на пасаду прэзідэнта прэтэндуюць дзевяць асобаў
2019.04.28 20:26

Што гэта могуць быць за прычыны, якія перашкодзілі Назарбаеву, калі ён быў прэзідэнтам, паставіць Дарыгу замест сябе?

Я не ведаю, з якое прычыны, але відавочна, што Дарыга не задавальняла Крамля. Тут можна толькі гадаць, спекуляваць, што гэта можа быць. Можа, проста Пуцін проста не прызвычаіўся мець справу з жанчынаю. Вы ведаеце, што вельмі шмат якія пытанні на постсавецкай прасторы развязваюцца ў гэткай кулуарнай мужчынскай абстаноўцы. Можа быць, Дарыга нешта дзесьці калісьці неасцярожна сказала, можа быць, у Пуціна няма ўпэўненасці ў тым, што Дарыга ўтрымае ўладу, што не ўзнікне вакол яе нейкага браджэння. Увогуле ёсць нейкія прычыны, з якіх Крэмль адкінуў ейную кандыдатуру. Такаеў даўно стаў пераемнікам – 6 гадоў таму. Гэта, дарэчы, галоўны паказнік, чаму я рабіў свой прагноз увосень мінулага года, і чаму я быў так упэўнены, што прэзідэнтам будзе Такаеў. Бо ён прыйшоў на пасаду пераемніка, гэта значыць, старшыні сенату – гэта пасада пераемніка ў Казахстане. Ён прыйшоў з пасады намесніка генеральнага сакратара ААН, ён наагул карʼерны дыпламат, для яго міжнародная атмасфера, праца – гэта сэнс усяго ягонага жыцця. Ён любіць гэтую працу, ён заўсёды хацеў працаваць на міжнароднай арэне. І тут першы казах, які дамагаецца такой высокай пасады намесніка генеральнага сакратара ААН, нечакана, не даседзеўшы да канца тэрміну, сыходзіць, што называецца, праседжваць штаны ў сенаце – проста штампаваць законы, напісаныя ў адміністрацыі ды ўрадзе. Гэта ж не проста так. Можна таксама разважаць і здагадвацца, чаму Крэмль паставіў на Такаева, але я бачу, што гэта відавочны факт.

Чаму вы так упэўненыя, што ўся гэтая працэдура транзіту зыніцыяваная Крамлём, і чаму гэта не ініцыятыва Назарбаева?

Я не маю доступу да нейкай канфідэнцыйнай інфармацыі – ні ў Астане, ні ў Крамлі. Можна толькі выказаць здагадку. У Назарбаева ўжо сталы ўзрост, ён даўно сядзіць, ён тут усім надакучыў. Чакаць, калі ён натуральным чынам сыдзе, і тут пачнецца барацьба за ўладу, Крэмль не можа. Пасля таго, што здарылася ў 2014 годзе ва Украіне, і да гэтага, што адбывалася ва Украіне… Крэмль Украіну страціў, і страціць яшчэ і Казахстан для яго будзе чарговаю катастрофай. Сэнс палітыкі Пуціна ў тым, каб спрабаваць склеіць нейкія рэшткі Расейскай імперыі. Калі ад яе адваліцца яшчэ і Казахстан, то гэта канец Мытнаму саюзу, Еўразійскаму саюзу, АДКБ. Таму Крэмль ні ў якім разе не можа рызыкаваць з Казахстанам. Назарбаеву далі зразумець: калі ён хоча спакойна сысці, калі ён хоча, каб Крэмль служыў нейкім гарантам транзіту ўлады, то ён павінен сысці – і ён сышоў.

ВІДЭА
Казахстан: Крэмль супраць дачкі Назарбаева
2019.04.30 13:29

Якія альтэрнатывы былі ў Казахстану? Змадэлюем сітуацыю: напрыклад, Назарбаеў не сышоў, дапусцім, памёр, і прыйшоў хтосьці, не ўзгоднены з Крамлём. Якія вектары развіцця маглі б быць у Казахстану тады?

Я думаю, што Казахстан не зможа памяняць нейкі вектар развіцця. Ціск Расеі занадта моцны. Адзін з інструментаў ціску на Назарбаева, то бок спосаб прымусіць яго пайсці паводле транзітнага сцэнару Крамля, – гэта поўная залежнасць нашай эканомікі. Вядома, у нас не так вялікі абʼём гандлю з Расеяй, хоць Расея – гэта самы буйны гандлёвы партнёр, але наш экспарт, 80 %, – гэта Еўропа, а 100 % транспартавых транзітаў у Еўропу – гэта Расея. Гэта значыць, калі Расея перакрые трубаправоды і чыгунку, то ў нас будзе эканамічны калапс. З гэтым павінен лічыцца любы кіраўнік краіны, ён вымушаны з гэтым лічыцца. Гэтак жа, як Сярэдняя Азія лічыцца з гэтым, бо Расея можа закрыць доступ мігрантам, і таксама будзе вельмі несалодка ў краінах Цэнтральнай Азіі.

Наступны фактар ціску – гэта інфармацыйная прастора: 30–40 % расейскамоўнага насельніцтва, якое жыве ў расейскім тэлевізары і абагаўляе Пуціна, – гэта больш, чым Данбас. Гэта такая мяккая сіла, якую можна ўжо і не мяккаю назваць. З гэтым Назарбаеў таксама павінен лічыцца. У яго не было выйсця, апроч як прыняць сцэнар транзіту. Гэтыя ўсе фактары – яны ціснуць, і прыйдзі які-небудзь нацыяналіст у Казахстане да ўлады, ён павінен з гэтым лічыцца, і нічога добрага не будзе. Але Крэмль не хоча рызыкаваць. Казахстану, у адрозненне ад Украіны, няма куды падзецца. Украіна можа паспрабаваць пераарыентавацца на Еўропу, як і Беларусь, а Казахстан на каго? Ад Кітаю мы і так залежым. І калі казаць пра страхі, то перад Кітаем ён значна вышэйшы, чымся страх перад Расеяй – нават у карэннага тытульнага насельніцтва. Таму мы заціснутыя паміж гэтымі гігантамі, і наш выбар наканаваны. Ніякай шматвектарнасці, якую мы абвяшчаем, фактычна няма.

А Амерыка, амерыканскія інтарэсы?

У амерыканцаў ёсць бізнес-інтарэсы – нафтавыя кампаніі працуюць у Казахстане. У прынцыпе, яны таксама зацікаўленыя ў тым, каб захаваўся статус-кво. Крэмль дый Крэмль – галоўнае, каб Крэмль не перашкаджаў пампаваць нафту і зарабляць грошы. Я думаю, што Крэмль не пойдзе на тое, каб перашкаджаць зарабляць амерыканцам тут грошы.

ВІДЭА
У Казахстане прызначылі датэрміновыя прэзідэнцкія выбары
2019.04.09 11:42

Чаму тады страхі перад Кітаем нашмат большыя, чымся страхі перад Крамлём?

Па-першае, казахі ўжо даўно жывуць з расейцамі, у нас узаемнае пранікненне культураў. Мы прызвычаіліся, мы жывем адзін з адным. Шмат для каго Расея – гэта імперыя, гэта дрэнна, але чым Кітай лепшы? Калі казаць пра пагрозы суверэнітэту, чым залежнасць ад Кітаю лепшая за залежнасць ад Расеі? Калі выбіраць з двух ліхаў, то казахі выбіраюць Расею, мне так здаецца.

Падзеі 2014 года ва Украіне – як іх успрынялі тут?

Як і ў Расеі, у нас адбыўся раскол у грамадстве. Не ведаю, можа, у Беларусі тое ж самае, але ў нас сталі дзяліцца на заходнікаў і ватнікаў. У нас яшчэ гэты раскол адбываецца паводле нацыянальнай лініі. Казахаў, вядома, гэтая сітуацыя вельмі заклапаціла. Бо, калі прапаганда крычыць, што фашысты, бандэраўцы захапілі ўладу ў Кіеве, – заўтра той жа самы канал можа крычаць, што ўладу ў Астане захапілі басмачы, якія пагражаюць выразаць расейскае насельніцтва. Гэта падарве абстаноўку ў грамадстве. Гэта ўсіх напалохала – і ўладны алімп гэта напалохала, і Акорду [рэзідэнцыя прэзідэнта Казахстану – заўв. belsat.eu], і грамадства напалохала. Грамадства ў ацэнках падзялілася: хтосьці падтрымлівае палітыку Расеі, нехта да яе пачаў ставіцца значна больш негатыўна.

А сітуацыя ў паўночным Казахстане? Кажуць, што Расея можа пачаць клапаціцца аб правах тых, хто там жыве.

Яна можа разыграць гэтую карту, так.

Унутры Казахстану гэтая тэма абмяркоўваецца?

Яе імкнуцца не абмяркоўваць, абыходзіць, але палітыка ўлады таксама істотна змянілася пасля анексіі Крыму. Калі ў нас да гэтага міграцыю казахаў этнічных з замежжа неяк спынілі, праграмы гэтыя, то пасля 2014 года іх аднавілі – гэта, па-першае. Па-другое, пачалася палітыка перасялення з поўдня на поўнач. Поўдзень казахскамоўны, а поўнач расейскамоўная, казахаў з поўдня перасялялі паводле дзяржаўных праграмаў і працягваюць перасяляць на поўнач. Вось гэта зваротная рэакцыя. Пра гэта публічна не гаворыцца: мы ўсе за мір, за дружбу, у важных міжнародных пытаннях Казахстан не супярэчыць палітыцы Расеі ці, як мінімум, стараецца маўчаць, але тое, што робіць Казахстан унутры краіны, – гэта відавочна.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 26.04.2019

 

 

Стужка навінаў