«Я проста стаю!» У Казахстане затрымалі хлопца з чыстым аркушам паперы


Хлопец хацеў паказаць адсутнасць у краіне грамадзянскіх правоў. 6 траўня ён выйшаў на плошчу да помніка паэту Абаю ў горадзе Уральск, трымаючы ў руках пусты плакат.

«Людзі дзівяцца, што кагосьці затрымалі за цытату з Канстытуцыі. Мяне ўсё роўна забяруць у аддзел паліцыі, нават калі ў мяне няма ніякіх надпісаў на плакаце, і я не выкрыкваў ніякіх лозунгаў», – напісаў 24-гадовы Аслан Сагутдзінаў у Facebook.

Працаўнікі патрульна-паставой службы прыехалі цягам некалькіх хвілінаў, адвялі да паліцэйскага аўтамабіля, абяцаючы ва ўсім разабрацца, і забралі ў аддзяленне.

Сам маладзён адзначае, што праваахоўнікі амаль пасварыліся паміж сабой, бо не ведалі, што з ім рабіць.

«Яны сказалі, маўляў, напішы нешта на плакаце тады і паглядзім, што з табой рабіць», – напісаў 24-гадовы Аслан Сагутдзінаў у Facebook.

У выніку юнака дапыталі і адпусцілі.

У каментары belsat.eu Нур-Аслан распавёў, што людзі нават баяцца проста выйсці на пікет або акцыю.

«Яны пішуць на плакатах, вешаюць і сыходзяць, але іх і так знаходзяць і арыштоўваюць на 5–15 содняў. Я наглядна прадэманстраваў ўсім глыбокі абсурд і маразм уладаў», – кажа хлопец.

Актывіст упэўнены, што паліцыя не пакіне яго ў спакоі.

«Яны звярнуліся ў пракуратуру, бо баяцца: калі іншыя пабачаць, што гэта не караецца, то будуць паўтараць».

Паводле прэс-службы дэпартаменту паліцыі Заходне-Казахстанскай вобласці, актывіст парушыў закон аб парадку правядзення мірных мітынгаў. Маўляў, правапарушэнне не ў дэманстрацыі пустога плакату, а выказванне «пра адсутнасць у Казахстане дэмакратыі ды свабоды слова» – і гэтак у грамадскім месцы ён выказаў сваё меркаванне.

Наконт эфектыўнасці працы казахскіх паліцыянтаў пачалі жартаваць у сацсетках.

Сёння дзеля падтрымання актывіста ў інтэрнэце ладзяць флэшмоб – выходзяць з чыстым аркушам або робяць выгляд, што трымаюць у руках плакат.



У Казахстане амаль немагчыма правесці мітынг або пікет. На акцыю трэба атрымаць дазвол уладаў, але яны з розных падставаў адмаўляюць.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў