У Беларусі расце колькасць кіберзлачынстваў


4741 – столькі кіберзлачынстваў было здзейснена ў Беларусі цягам мінулага году. А гэта, як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы тэхналогіяў МУС Кірыл Вяткін, на 53 % перавышае паказнікі 2017 года.

Большасць злачынцаў, з якімі даводзіцца сутыкацца беларускім праваахоўнікам, – гэта мужчыны старэйшыя за 18 гадоў. Адсотак раскрыцця такіх злачынстваў вагаецца ў межах 53-55.

78 % з усіх зарэгістраваных у 2018-м кіберзлачынстваў ацэньваюцца як менш цяжкія. Яшчэ 20 % не робяць вялікай небяспекі для грамадства, і амаль 1 % адносяцца да катэгорыі цяжкія і асабліва цяжкія.

Самымі частымі сярод кіберзлачынстваў летась з’яўляюцца крадзяжы праз выкарыстанне кампутарнай тэхнікі – такіх было здзейснена 75,5 %. На несанкцыянаваны доступ да кампутарных звестак прыйшлося 18 %, на кампутарны сабатаж – 3,5 %.

Больш за ўсё вырасла колькасць злачынстваў па несанкцыянаваным доступе да інфармацыі (арт. 349 КК РБ). У 2018-м іх колькасць павялічылася на 97 %, у параўнанні з 2017 годам.

Як распавёў старшы следчы па асабліва важных справах галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата СК Іван Судніковіч, такі рост у большасці сваёй чыняць злачынцы, якія зʼяўляюцца адмыслоўцамі.

Акрамя таго, старшы следчы па асабліва важных справах звярнуў увагу, што за летась стала болей справаў, у якіх падазраваныя знаходзяцца за межамі нашай рэспублікі, а пацярпелыя – у Беларусі. Раней сітуацыя часцей за ўсё была адваротнай.

Акрамя іншага, наша краіна трапіла ў ТОП-10 дзяржаў свету з горшай кібербяспекай. Адпаведнае даследаванне правёў брытанскі рэсурс Сomparitech.

Беларусь апынулася 8-й пазіцыі, паводле брытанскіх экспертаў. Бо ў нас высокі ўзровень заражэння смартфонаў і кампутараў шкоднасным ПЗ: заражаныя 9,33 % смартфонаў і 31,1 % кампутараў.

На першым месцы знаходзіцца Алжыр. Расея, для параўнання, заняла 38-ю пазіцыю, Польшча – 40-ю.

Аб’ектыў
IT-краіна з агракласамі. Як развіваць тэхналогіі ў Беларусі?
2018.04.20 22:06

СК, belsat.eu, паводле 4esnok.by

Стужка навінаў