IT-краіна з агракласамі. Як развіваць тэхналогіі ў Беларусі?


У Менску ўпершыню адбыўся міжнародны форум «High-Tech Nation», прысвечаны праблемам развіцця інфармацыйных тэхналогіяў, а таксама перспектывам у гэтай галіне для беларускіх кампаніяў. У якім кірунку варта развівацца беларускай ІТ-індустрыі, і што можа зрабіць дзяржава, каб дапамагчы развівацца?

У беларускага сектару інфармацыйных тэхналогіяў вялікія бізнес-перспектывы. Але ці магчыма развіваць нейкую адну галіну эканомікі, калі ў іншых сферах сітуацыя, мякка кажучы, далёкая ад ідэалу?

Адказы на гэтае, а таксама іншыя пытанні шукалі ў Менску на першым міжнародным форуме«High-Tech Nation». Прадстаўнікі беларускага бізнесу маглі азнаёміцца з досведам перадавых краін у ІТ-індустрыі: Ізраілю, Сінгапуру, Кіпру, ЗША.

«Цяпер вельмі істотна, каб усё больш людзей, у тым ліку з сусветных цэнтраў кампетэнцыяў, прыязджалі ў Беларусь, каб быў нейкі абмен думкамі, экспертызай, досведам. Мы сёння на форуме будзем казаць, як гэтыя першыя паспяховыя вынікі, якія з прыняццем дэкрэту з’явіліся, як іх распаўсюдзіць на ўсё заканадаўства, на ўсю эканоміку», – зазначае арганізатар форуму Віталь Валянюк.

Удзельнікі форуму адзначылі важнасць не проста развіцця ІТ, а інтэграцыі гэтых рашэнняў у іншыя сферы: сельскую гаспадарку, цяжкую прамысловасць, адукацыю. Адпаведна, вялікім пытаннем застаецца падрыхтоўка кадраў.

«Трэба навучанне, каб дзяржава неяк па-іншаму паглядзела на гэта. Таму што трэнд на нацыяналізацыю навучання працягваецца, прыватных мала. А ў здольнасці развярнуцца ў дзяржаўных навучальных установаў я не надта веру… Спадзяюся, што дзяржава разумее, што выбару асабліва няма, трэба ў гэтым сэнсе змяняцца і пускаць у тым ліку і ў адукацыю», – кажа віцэ-прэзідэнт «EPAM» Павел Галенчанка.

Але, выглядае, што новае і нетыповае мысленне – не тое, што ўспрымаецца пазітыўна ў беларускіх высокіх кабінетах. Ва ўсялякім выпадку, пакуль Міністэрства адукацыі не мадэрнізуе адукацыйны працэс і праграмы, а адмяняе іспыты ў гімназіі ды стварае ў школах спецыялізаваныя агракласы.

«Увогуле, большасць дзяржаўных праектаў не працуе. Але дзяржава можа адыграць важную ролю як стваральнік экасістэмы для бізнесу. Яны мусяць выдзяляць бюджэт на тое, каб будаваць сувязі з экасістэмамі іншых краінаў: дапамагаць стартапам глядзець на іншыя рынкі», – мяркуе Чўэ Сынгхён Чхо з кампаніі «MARVELSTONE».

З другога боку, са словаў экспертаў, улады Беларусі сапраўды зрабілі вялікі крок для прыцягнення інвестыцыяў у краіну, прыняўшы дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі. Аднак, толькі гэтым праблемы не развязваюцца.

«Сённяшняе беларускае ІТ – гэта ў асноўным стартапы, якія не выконваюць нейкай вялікай функцыі: яны або прадаюцца заходнім кампаніям, альбо граюць нейкую нішавую ролю – гульні і гэтак далей. Я думаю, што асноўны спосаб развіцця ІТ, калі мы кажам з гледзішча краіны, – гэта развіццё ІТ на сутыку вялікіх індустрыяў», – лічыць Павел Галенчанка.

Але мысленне пакуль усё тое ж – з аднаго боку – прагрэсіўны «лічбавы» дэкрэт, а з другога – папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі ды спроба цалкам паставіць пад кантроль інтэрнэт. А на адным ручным кіраванні далёка ў сучасным свеце не заедзеш.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»