У адэскай калоніі адбыўся бунт зняволеных


Адэскія СМІ паведамілі пра бунт зняволеных у калоніі № 51 на Люстдорфскай дарозе ў Адэсе, які адбыўся 27 траўня. Начальнік следчага ўпраўлення абласной паліцыі Сяргей Шайхет пацвердзіў інфармацыю пра бунт, але паведаміў, што ахвяраў і пацярпелых у выніку інцыдэнту няма, піша currenttime.

«Частка зняволеных (іх прыкладна 30 асобаў) забарыкадавалася, каб іх не збілі, з імі вядуць перамовы», – адзначыў Сяргей Шайхет.

Першы намеснік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Украіны Вячаслаў Аброськін паведаміў, што спроба захопу ў калоніі № 51 «стала следствам загадаў «злодзеяў у законе»:

«Сёння ў Адэсе па загадзе «злодзеяў у законе» у папраўчай установе асуджаныя ажыццявілі спробу захопу адміністрацыйнага будынку і здзейснілі падпал», – пацвердзіў Вячаслаў Аброськін.

Паводле Odessa.online, цяпер на тэрыторыі папраўчай установы знаходзяцца пажарныя аўтамабілі і бачны дым: гарыць будынак калоніі. Ратавальнікі на пытанні відавочцаў адказваюць, што праводзяцца вучэнні, але відавочцы кажуць пра пажары ў самім будынку і пра падпал аўтамабіля.

Таксама да калоніі сцягнутыя сілы Нацгвардыі, якія рыхтуюцца штурмаваць будынак, а каля ста вязняў, па словах відавочцаў, ствараюць барыкады. Каля ўстановы шмат пажарных машын і карэты хуткай дапамогі.

Намеснік начальніка Паўднёвага міжрэгіянальнага ўпраўлення па пытаннях выканання крымінальных пакаранняў і прабацыі Мінюсту Наталля Білак заявіла, што беспарадкі ўзніклі ў калоніі падчас «планавага ператрусу». Газета «Думская» са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах распавяла, што некалькі дзён таму ў калоніі паранілі супрацоўніка, які адказвае за працяглыя спатканні. Пасля гэтага спатканні для зняволеных адмянілі. Акрамя таго, адмененыя агульныя прыёмы ежы ў сталовай.

«Людзі пачалі пратэставаць і праз кепскую якасці ежы. Тады начальнік адэскай крымінальна-выканаўчай службы Яўген Ляніваў паабяцаў ім «вучэнні» спецназу, гэта значыць масавае збіццё». «Вучэнні» былі прызначаныя на сёння, таму зняволеныя і вырашылі іх папярэдзіць бунтам», – паведамляе адэскае выданне.

Hавiны
Бунт у калоніі ў Таджыкістане: загінулі 32 чалавекі
2019.05.20 22:51

СК belsat.eu

Стужка навінаў