Ці СК меў права змушаць журналіста да супрацы? Тлумачыць эксперт


Будынак СК, фота sk.gov.by

Былы следчы пракуратуры Алег Волчак каментуе змушэнне рэдактара FINANCE.TUT.BY Дзмітрыя Бобрыка да супрацы ў Следчым камітэце. Ці правільна зрабіў Бобрык, прызнаўшыся ў падпісанні гэтага дакументу?

«Я адразу звярнуў увагу на тое, што фігурантаў «справы БелТА» затрымлівалі і адпраўлялі за краты, хаця артыкул, па якім была распачатая справа, не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі. Ужо тады з’явілася думка, што гэта робіцца дзеля таго, каб націснуць на журналістаў, атрымаць прызнальныя паказанні і схіліць да супрацы. Гэтак і адбылося. У працаўнікоў Следчага камітэту тут, відавочна, было перавышэнне службовых паўнамоцтваў, бо супрацоўнічаць са следствам грамадзяне могуць толькі на добраахвотнай аснове. У дадзеным выпадку былі і пагрозы, і шантаж. Пракуратура абавязана правесці праверку па факце заявы Бобрыка і распачаць крымінальную справу па арт. 426 Крымінальнага кодэксу (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) супраць следчых», – кажа праваабаронца.

Алег Воўчак

Алег Волчак адзначае, што Дзмітрый Бобрык не парушыў закону, публічна прызнаўшыся пра падпісанне дамовы аб супрацы са следствам.

«Ён зрабіў усё правільна. Падпіска аб супрацы была атрымана незаконна, таму ён нічога не парушыў. Затое зняў з сябе адказнасць перад сваім сумленнем і сваймі сябрамі», – кажа эксперт.

Паводле Алега Волчака, фармальна заяву аб гатоўнасці супрацоўнічаць са следствам нельга лічыць «вярбоўкай» – нормы крымінальна-працэсуальнага кодэксу прадугледжваюць такія формы добраахвотнай супрацы са следствам дзеля раскрыцця злачынства. Потым падобныя дакументы могуць уплываць на ступень адказнасці яе падпісантаў падчас суду.

«Але выпадак Бобрыка можна лічыць менавіта «вярбоўкай», бо гаворка пра добраахвотную супрацу не ідзе», – адзначае ён.

Дзмітрый Бобрык. Фота з «Фэйсбуку» журналіста

Заяву пра пагрозы і шантаж з боку следства Дзмітрый Бобрык зрабіў 25 верасня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Паводле Бобрыка, 7 жніўня пасля трохгадзіннага допыту ў Следчым камітэце па «справе БелТА» ён праявіў слабасць і падпісаў дамову аб супрацы. «Спачатку мне паабяцалі раскрыць дэталі асабістага жыцця, калі адмовіцца ад супрацы. А скончылася пагрозамі ў адрас родных, якія могуць пацярпець. Тут мяне закалаціла, мне пагражалі самым важным у жыцці. Я напісаў паперу аб супрацы», – напісаў журналіст. Паводле Бобрыка, ён адразу зразумеў, што супрацоўнічаць са следствам яму не дазволіць сумленне. Адразу пасля гэтага журналіста са статуса сведкі перавялі ў статус падазраванага. Бобрык прызнаецца, што пасля гэтага ціск на яго ўзмацніўся.

Следчы камітэт адказаў жартам на прызнанне журналіста TUT.BY у вярбоўцы

«Справа БелТА» была распачатая паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі» (максімальнае пакаранне – 2 гады пазбаўлення волі). Паводле следства, цягам 2017-2018 гг. падазраваныя больш за 15 тыс. разоў незаконна карысталіся платнай падпіскай на стужку навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА.

  • Агулам 7-9 жніўня былі затрыманыя 18 журналістаў. Дзесяць з іх былі адпушчаны адразу пасля допытаў, 8 прадстаўнікоў СМІ ўзялі пад варту. Ператрусы таксама адбыліся ў офісе TUT.by, БелаПАН, дзяржаўнай газеты «Культура» і «Навука», парталу Realt.by, а таксама кампаніі «АйТиВи».
  • Журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова і рэдактаркі TUT.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Уласік правялі за кратамі 2 содняў і былі вызваленыя 9 жніўня. Таксама 9 жніўня выйшаў на свабоду рэдактар сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў, якога затрымалі 8 жніўня. Галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і карэспандэнта Deutsche Welle у Беларусі Паўлюка Быкоўскага вызвалілі 10 жніўня. Усе яны засталіся ў статусе падазраваных.
  • Рэдактар FINANCE.TUT.BY Дзмітрый Бобрык, які спачатку быў сведкам па справе, 27 жніўня перавялі ў статус падазраванага. Адначасова ўсім фігурантам «справы БелТА» забаранілі выезд за мяжу.
  • Дзеянні галоўнага рэдактара Марына Золатава былі кваліфікаваныя Следчым камітэтам па ч. 2 арт. 425 КК Беларусі («бяздзейнасць службовай асобы»). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – 5 гадоў пазбаўлення волі.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары