«Ці хочаце вы з'ехаць з Беларусі? А чаму?» Як я праходзіла перапіс з-за мяжы


Каб паўдзельнічаць у перапісе насельніцтва з-за мяжы, трэба мець дзейную SIM-карту беларускага мабільнага аператара і адсутнічаць у краіне не больш за год.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Калі Белстат абʼявіў, што можна будзе прайсці перапіс і з-за мяжы, я вельмі абрадавалася, бо жыву і працую ў Польшчы і толькі зрэдку прыязджаю ў Беларусь. У першы дзень перапісу, 4 кастрычніка, сайты перепись.бел і census.by, дзе можна запоўніць анкету онлайн, наўпрост не адчыняліся – Белстат тлумачыў гэта вялікім наплывам людзей. На наступны дзень, калі ўжо амаль 200 тысяч чалавек прайшлі онлайн-перапіс, а ажыятаж знік, я вырашыла ўсё ж такі перапісацца.

Абноўлена
Стала вядома, колькі людзей прайшло перапіс на гэты момант
2019.10.06 14:28

Патрэбная дзейная SIM-картка

Важны момант, з якім адразу сутыкнецца беларус за мяжой: прайсці перапіс можна толькі пры наяўнасці дзейнай SIM-карты і быць у Міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі. Бо вас павінны ідэнтыфікаваць, як асобу. Калі вы абіраеце перапіс праз смс, то ўводзіце дзейны нумар мабільнага тэлефону, ідэнтыфікацыйны нумар пашпарту і чакаеце на аднаразовы код, які вам дашлюць на тэлефон. Тут без роўмінгу – аніяк. Іншы спосаб – зарэгістравацца праз Міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі, пакінуўшы нумар тэлефона, або асабісты нумар пашпарту, або адрас электроннай пошты (пакідаць трэба тое, што вы пакідалі пры рэгістрацыі МСІ). Сістэма вас праверыць праз дадзеныя, якія вы пакідалі хоць у адным беларускім банку – напрыклад, калі бралі крэдыт ці адчынялі рахунак.

Ёсць два спосабы, як ідэнтыфікаваць асобу

Я абрала спосаб рэгістрацыі праз SIM-картку – гэты спосаб падаўся мне крыху прасцей і хутчэй. Увяла нумар з пашпарту, пазначыла тэлефон і даволі хутка атрымала аднаразовы код у смс. Далей ідуць пытанні ў анкеце: пра месца жыхарства, колькасць і склад хатніх гаспадарак і г.д. Яшчэ адно пытанне: «Месца знаходжання на 4 кастрычніка 2019 году». Пазначаю «іншая краіна» і абіраю са спісу «Польшча».

Белстат адразу цікавіцца, чаму я адсутнічаю ў краіне, і сярод прычынаў прапаноўвае наступныя адказы: праца, адукацыя, сямейныя абставіны, здароўе ці іншае.

Далей у мяне запытваюць, як доўга я адсутнічаю ў краіне? На выбар прапаноўваюць колькасць месяцаў – ад 1 да 11. Гэта важна: калі вы адсутнічаеце ў Беларусі год і болей, то ў перапісу прымаць удзел не маеце права.

Белстат цікавіцца, па ці плануеце вы з’ехаць з краіны і па якой прычыне

Дарэчы, ня гледзячы на тое, што я адразу пазначыла, што жыву зараз за мяжой, анкета ўсё адно прапанавала мне адказаць на пытанні «Ці хочаце вы з’ехаць з Беларусі? І чаму?»

Hавiны
Перапіс: звярніце ўвагу на пытанне нумар 12
2019.10.09 10:00

Грамадзянства, нацыянальнасць, мова і планы на дзяцей

У анкеце ёсць пытанні пра грамадзянства і нацыянальнасць. Сярод нацыянальнасцяў прапануюць абраць расейскую, польскую, украінскую ці іншую. Моўнае пытанне падзеленае на два пункты. Пад роднай мовай маюць на ўвазе мову, якая была засвоеная ў раннім дзяцінстве. Другі пункт – «на якой мове вы звычайна размаўляеце ўдома?»

Пазначаем грамадзянства, нацыянальнасць і мову

Пасля пытанняў пра шлюб і колькасць дзяцей запытваюць «Ці плануеце вы нараджэнне дзяцей?» Сярод адказаў – так, не і цяжка адказаць.

Анкета за 10 хвілін і магчымасць выгуляць смартфон

Усяго на запаўненне анкеты онлайн разам з уводам ідэнтыфікацыйнага нумару, атрымання смс і скрыншотамі з экрану ў мяне сышло каля 10 хвілінаў. Белстат абяцае, што перапіс спецыяльнымі супрацоўнікамі пры выкарыстанні планшэтаў зойме каля 5 хвілінаў. Напрыканцы сістэма прапанавала мне спампаваць пасведчанне аб праходжанні перапісу, якое мае бацькі пакажуць перапісчыку, калі той да іх прыйдзе.

Гэтае пацверджанне пакажуць мае бацькі, калі раптам да іх прыйдзе перапісчык

Таксама кожны, хто перапісваецца онлайн, можа згуляць у рэкламную гульню і атрымаць адзін са смартфонаў Xiaomi Redmi Note 8 Pro. Кожны дзень – адзін смартфон.

Праходзіш перапіс онлайн і маеш шанец выгуляць смартфон

Як яшчэ можна прайсці перапіс?

Калі вы зараз знаходзіцеся за мяжой, у вас няма беларускай SIM-карткі і пра вас няма дадзеных у беларускіх банках, але вы вельмі хочаце паўдзельнічаць у перапісу, ёсць яшчэ два варыянты, як гэта зрабіць. З 4 па 30 кастрычніка па ўсёй Беларусі працуюць стацыянарныя ўчасткі, дзе можна перапісацца – усяго іх 637. Знайсці адрас у вашым населеным пункце можна тут.

Таксама ад 21 да 30 кастрычніка па кватэрах і дамах будуць хадзіць перапісчыкі. І, калі вы будзеце ў гэты час на радзіме, то да вас завітаюць і перапішуць.

Онлайн-перапіс Белстат праводзіць ад 4 да 18 кастрычніка. Дарэчы, за паўтары дні ў ім прынялі ўдзел больш за 200 тысяч чалавек. Яшчэ каля 200 тысяч чалавек прынялі ўдзел у перапісу на стацыянарных участках.

Вольга Ярохіна Belsat.eu

Стужка навінаў