Трамп уводзіць санкцыі супраць лідара Ірану


Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб увядзенні «жорсткіх санкцыяў» супраць вярхоўнага кіраўніка Ірану Алі Хамэнэі і чальцоў урада ў адказ на знішчэнне амерыканскага беспілотніка. Пра гэта паведамляе Reuters.

AFP піша, што ў санкцыйны спіс, у прыватнасці, трапляе міністр замежных справаў Ірана Джавад Зарыф.

Якія канкрэтна абмежавальныя меры ўводзіць Трамп пакуль невядома, але гаворка ідзе пра блакаванне доступу «да ключавых фінансавых рэсурсаў».

Нагадаем, на мінулым тыдні быў збіты амерыканскі дрон. ЗША сцвярджаюць, што беспілотнік збілі ў міжнароднай паветранай прасторы. У Тэгеране кажуць, што іранскія вайскоўцы знішчылі амерыканскі беспілотнік, калі ён здзяйсняў палёт над тэрытарыяльнымі водамі Ісламскай Рэспублікі.

  • 15 ліпеня 2015 года Іран і шэсць сусветных дзяржаваў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Германія, Кітай і Расея) дасягнулі пагаднення па іранскай ядравай праграме. Тады Тэгеран пагадзіўся часткова згарнуць праграму ўзамен на адмену санкцыяў. Аднак у 2018 годзе прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выйшаў з гэтай здзелкі, палічыўшы яе аднабаковай, і аднавіў санкцыі.
  • Апошнім часам напружанасць у стасунках паміж Іранам і ЗША толькі ўзмацнілася . У траўні адміністрацыя Трампа накіравала на Блізкі Усход ударную групу авіяносца «Абрагам Лінкальн» і бамбавікі, каб прадэманстраваць Ірану гатоўнасць ЗША да рашучых крокаў. ЗША скасавалі дзеянні выключэнняў, якія дазвалялі шэрагу краінаў свету купляць іранскую нафту і пры гэтым не парушаць амерыканскіх санкцыяў, і ўнеслі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі ў спіс тэрарыстычных арганізацыяў. Таксама Трамп увёў санкцыі ў дачыненні да экспарту іранскіх металаў (сталі, алюмінію, медзі і жалеза) і найбуйнейшага ў краіне нафтахімічнага холдынгу.
  • 20 чэрвеня Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі абвясціў, што збіў амерыканскі дрон. Газета «The New York Times» пісала, што ў ноч на 21 чэрвеня Трамп ухваліў ваенныя ўдары па Ірану ў адказ на атаку на беспілотнік, аднак у апошні момант адмяніў рашэнне.

ЗША здзейснілі кібернапад на сістэмы кіравання іранскімі ракетамі

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары