Святлана Алексіевіч распавяла, за каго будзе галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах


Лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч у інтэрв’ю «Радыё Свабода» заявіла, што ў цяперашняй сітуацыі будзе галасаваць за Святлану Ціханоўскую.

Паводле Алексіевіч, калі б у Беларусі былі сумленныя выбары, яна галасавала б за Віктара Бабарыку. Аднак улада «павяла сябе несумленна, і ўсе найбольш цікавыя прэтэндэнты-мужчыны апынуліся ў турме ці не дапушчаныя да выбараў».

«У гэтай сітуацыі я буду галасаваць за Ціханоўскую, якая абяцае ажыццявіць транзіт улады. Сама яна не рыхтавалася да ўлады і не думала пра гэта. Але ў гэтай сітуацыі яна абяцае зрабіць транзіт улады, і я б галасавала за яе. І я б хацела, каб дзяўчат як мага больш падтрымлівала нашае грамадства, каб яны не аказаліся самотнымі. Вось яны зрабілі такі выбар, усе імі любуюцца, але я бачу мала падтрымкі ім. Трэба, каб іх падтрымалі простыя людзі, настаўнікі, не толькі беларускія пісьменнікі і апазіцыянеры. Вось гэтага няма. І шкада», – заявіла Нобэлеўская лаўрэатка.

Алексіевіч адзначыла, што «крыніца ўлады ў краіне – народ, а не прэзідэнт».

«Калі нас будзе шмат, калі мы падтрымаем гэтых дзяўчат, то перамены ў нас будуць ісці мірным шляхам. Калі нас будзе няшмат, то ўсё можа быць. А ўсе мы хацелі б мірных пераменаў. І як бы нас ні правакавала ўлада, мы не павінны паддавацца на гэтыя правакацыі», – падкрэсліла пісьменніца.

Паводле Алексіевіч, Лукашэнка нясе адказнасць перад гісторыяй за тое, каб у Беларусі адбыліся сумленныя выбары без крыві.

«Ніхто ня хоча крыві. Я спадзяюся, што ён таксама ня хоча», – дадала яна.

Hавiны
«Я не палітык». Што гаварыла Святлана Ціханоўская на «Беларусь – 1»
2020.07.21 18:27

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў