Сусветны банк прагназуе самую глыбокую рэцэсію за 75 гадоў


У 2020 годзе чакаецца самая цяжкая з часоў Другой сусветнай вайны рэцэсія. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Сусветнага банку (СБ) «Перспектывы сусветнай эканомікі», апублікаваным 8 чэрвеня.

Паводле дакладу СБ, пандэмія каронавіруса і абмежавальныя меры для яе стрымлівання аказалі «рэзкае і маштабнае шокавае ўздзеянне на сусветную эканоміку, пагрузіўшы яе ў глыбокую рэцэсію».

«Сёлета сусветную эканоміку чакае падзенне на 5,2%. Гэты спад стане самым глыбокім з часоў Другой сусветнай вайны, а скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці на душу насельніцтва закране найбольшую долю краін з 1870 года», – гаворыцца ў дакуменце.

Hавiны
«Беларусь субсідуе Расею». Эксперты абмеркавалі, як каронавірус паўплываў на нашую эканоміку
2020.05.22 08:00

Эксперты прагназуюць, што зніжэнне даходаў на душу насельніцтва сёлета на 3,6 %, «што прывядзе мільёны людзей у крайнюю беднасць». Найбольш складана будзе краінам, у якіх пандэмія насіла асабліва цяжкі характар і якія сурʼёзна залежаць ад сусветнага гандлю, турызму, экспарту сыравіны і вонкавага фінансавання.

Можа быць горш

Прагноз складзены на падставе змякчэння ў другой палове 2020 года неспрыяльных глабальных наступстваў пандэміі, непрацягласці праблем на фінансавых рынках. У такім выпадку ў 2021 годзе рост сусветнай эканомікі можа дасягнуць 4,2 %. Але прагноз адрозніваецца крайняй нявызначанасцю.

Аўтары дакладу таксама разгледзелі і негатыўны сцэнар, паводле якога, сёлета сусветную эканоміку можа чакаць падзенне на 8 %, а ў 2021 годзе – слабы рост крыху больш чым на 1%.

СБ палепшыў прагноз для Беларусі

Разам з тым Сусветны банк палепшыў прагноз адносна эканомікі Беларусі. Паводле яго, сёлета беларускі ВУП скароціцца на 4 % (у студзені прагназавалася на 4,9 %), а налета вырасце 1 % (было на 0,5 %).

Як чакаецца, эканоміка Польшчы ў 2020 годзе ўпадзе на 4,2 %, Расеі – на 6 %, Украіны – на 3,5 %. У 2021 годзе польскі ВУП мае вырасці на 2,8 %, расейскі – на 2,7 %, украінскі – на 3 %.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў