«Сумняюся, што ён сам прыйшоў у міліцыю», – жонка Піліпа Шаўрова, арыштаванага на 2 месяцы


Актывісту «Маладога фронту» Піліпу Шаўрову афіцыйна выставілі абвінавачванне ў хуліганстве, ён пераведзены на два месяцы ў СІЗА №1 на Валадарцы. Пра гэта стала вядома праваабаронцам 24 студзеня. Belsat.eu даведаўся ад жонкі маладафронтаўца некаторыя акалічнасці справы.

Як паведамлялася раней, 19 студзеня Шаўроў быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Хлопца падазраюць у тым, што ён размаляваў чырвонай фарбай рукі помніка расейскаму паэту Пушкіну, а таксама ў нанясенні графіці з надпісам «Свабоду Севярынцу».

Размаляваны помнік Пушкіну ў Менску.
Фота: minsknews.by

На наступны дзень пасля затрымання Шаўрова прэс-служба МУС заявіла, што той нібыта сам прыйшоў у міліцыю і прызнаўся, што ён размаляваў помнік. Яму была абраная мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. Падчас ператрусу дома ў Шаўрова забралі ягоную вопратку.

Hавiны
Старшыня «Маладога фронту»: Піліп Шаўроў выказаў «мастацкі пратэст», размаляваўшы помнік Пушкіну
2020.01.20 12:45

Шаўрову выставілі абвінавачванне паводле ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі («хуліганства»). Максімальная санкцыя можа скласці аж да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Напярэдадні ў каментары «Нашай Ніве» праваабаронца Валянцін Стэфановіч заявіў: ён не будзе згодны з такім абвінавачваннем, бо не лічыць, што «за такія ўчынкі чалавека варта трымаць у турме».

Жонка Піліпа Вольга ў размове з Belsat.eu выказала сумнеў, што той мог сам з’явіцца ў міліцыю.

«Ведаеце, у мяне вялікія сумневы, што ён вырашыў прыйсці ў міліцыю сам», – кажа Вольга.

Паводле яе словаў, у сям’і на гэты дзень (19 студзеня) загадзя былі зусім іншыя планы.

«Я губляюся ў здагадках, як усё адбылося насамрэч. Магчыма, ён з кімсьці размаўляў, можа, яго хтосьці сустрэў, я не ведаю. Калі ён удзень патэлефанаваў мне з міліцыі, казаў, што вечарам вернецца. Быў упэўнены ў гэтым», – прыгадвае жонка актывіста.

Яна таксама распавяла, што бацькі Піліпа ягоную дзейнасць у «Маладым фронце» катэгарычна не падтрымліваюць. Аказваецца, бацька Шаўрова працуе ў адной з сілавых структур. Вольга палітычныя погляды Піліпа падзяляе «часткова, у межах разумнага».

«Гэтым разам [справа] за межы разумнага выйшла», – дадала яна.

Пабачыць арыштаванага і паглядзець, у якіх умовах яго ўтрымліваюць, Вользе пакуль не дазваляюць.

«Як сказаў мне следчы, у ізалятары на Валадарскага нармальныя ўмовы, «адно з найлепшых месцаў, куды трапляюць»… Адвакат сустрэнецца з Піліпам у аўторак», – сказала Вольга Шаўрова.

Турма па вуліцы Валадарскага, Менск.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

У Праваабарончым цэнтры «Вясна» Belsat.eu распавялі, што проста цяпер праводзяць унутранае абмеркаванне па справе Шаўрова і неўзабаве сфармулююць пазіцыю наконт таго, ці варта прызнаваць маладафронтаўца палітвязнем.

КА belsat.eu

Стужка навінаў