Старшыня «Маладога фронту»: Піліп Шаўроў выказаў «мастацкі пратэст», размаляваўшы помнік Пушкіну

Піліп Шаўроў. Фота: t.me/mf_mensk

Міліцыянты не агучваюць акалічнасцяў справы ў затрыманні актывіста «Маладога фронту» Піліпа Шаўрова, якога падазраюць у тым, што ён размаляваў помнік Пушкіну ў Менску. Прэсавая служба МУС адзначае, што юнак затрыманы і не мог патлумачыць матыву свайго ўчынку. У сваю чаргу сябры Піліпа распавялі «Белсату», што маладзён сваёй акцыяй выказаў «мастацкі пратэст».

Паводле прэсавай службы МУС, 25-гадовы жыхар сталіцы сам прыйшоў у Цэнтральны РУУС Менску і прызнаўся ў тым, што гэта менавіта ён размаляваў помнік. Пры гэтым, адзначаецца ў паведамленні, матывы свайго ўчынку хлопец не мог патлумачыць, але распавёў, што загадзя спланаваў свае дзеянні.

Кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч лічыць, што гэта не адпавядае рэчаіснасці.

«Мы пакуль не ведаем усіх дакладных акалічнасцяў справы. Не выключаем, што міліцыянты маглі яго пераканаць у тым, каб ён агучыў, што нібыта сам прыйшоў у пастарунак, маўляў, за гэта будзе мінімальнае пакаранне, такі варыянт мы таксама разглядаем. Бо пакуль Піліп быў у міліцыі, мы трымалі з ім сувязі і тады бо спадзяванне, што яго выпусцяць неўзабаве», – распавёў «Белсату» Дзяніс Урбановіч.

У Менску пафарбавалі помнік Пушкіну

Піліп Шаўроў і раней рабіў розныя акцыі і перформансы. Гэтак, яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце, юнак знішчыў помнік Леніну.

«Падчас вучобы на юрфаку ён за ноч знішчыў помнік Леніну, кавадлам яго разбурыў. Яго за гэта арыштавалі, але ён выкруціўся, заплаціў штраф. Пра гэта ніхто не ведаў, бацькі за свае грошы плацілі штраф. Я так разумею, што яму паставілі ўльтыматум: калі не будзе справа агучвацца – давучышся, калі пойдзе розгалас – адлічаць. Таму было без шуму, давучыўся, аплаціў. Чалавек ідэйны, мэтанакіраваны. Шмат акцыяў ён прыдумаў і рэалізоўваў», – распавёў «Белсату» Зміцер Дашкевіч, былы старшыня «Маладога фронту».

Акцыя з помнікам Пушкіна таксама з’яўляецца палітычнай, лічыць Дзяніс Урбановіч.

«Яго перформансы – палітычныя акцыі. Палітычны падтэкст і ў размаляванні помніка Пушкіну. Тут і верш прысвечаны Каліноўскаму, акрамя таго і помнік жа быў падараваны мэрам Масквы. Таму гэта «мастацкі пратэст». Прынамсі такім чынам я б назваў гэтую акцыю Піліпа», – распавёў Дзяніс Урбановіч.

У Менску праз расфарбаванага Пушкіна затрымалі актывіста «Маладога фронту»

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны