Канец «справы БелТА»: суд пакараў Марыну Золатаву штрафам у 7 650 рублёў


Абвешчаны вырак Марыне Золатавай! 7650 руб штрафу + 6 тыс руб – судовыя выдаткі БелТА выплаціць!

Opublikowany przez Белсат TV Poniedziałek, 4 marca 2019

Сёння, 4 сакавіка, суд Завадскога раёну агучыў прысуд галоўнай рэдактарцы TUT.by Марыне Золатавай. Яе абвінавачвалі ў «бяздзейнасці службовай асобы» (ч.2 арт. 425 КК). Belsat.eu ладзіў стрым.

Марыну Золатаву прызналі вінаватай і далі штраф у 300 базавых велічынь: 7 650 рублей. Таксама суд пастанавіў: Марына Золатава павінна сплаціць судовыя выдаткі агенцыі БелТА ў памеры 6 тыс. рублёў. У каментары Belsat.eu Марына Золатава сказала, што пакуль не ведае, ці будзе абскарджваць рашэнне суда.

– Добра, што суддзя зрабіў прысуд больш мяккім, чым прасіў пракурор. Я канешне не спадзявалася, што будзе апраўдальны прысуд, у мяне не было такой надзеі. Ну, у прынцыпе, добра, што лепей, чым папрасіла пракурор. Наконт абскарджання я пакуль не вырашыла – я яшчэ падумаю. Таму што ў нас у краіне 0,2 % апраўдальных прысудаў – таму навошта траціць час? Пакуль што я так думаю. Але рашэнне я пакуль не прыняла, – сказала Марына Золатава адразу пасля прысуду.

Ужо ў калідорах суда Марына падзякавала ўсім за тое, што прыйшлі яе падтрымаць.

– Мяне парадавала, што вырак апынуўся больш мяккім, чым прасіў пракурор. Пакуль што хочацца адпачыць. Дзякуй журналістам, што сачылі, дзякуй маім родным, дзякуй калегам, якія падтрымлівалі мяне ўвесь гэты час, – сказала марына ўжо ў калідорах суду. Журналісты, што прысутнічалі там, пачалі пляскаць у далоні. А Марына ледзь стрымала слёзы.

Відэа з суду перад агучваннем прысуду можна паглядзець вось тут:

Суд над Марынай Золатавай.

Стрым! Сёння агучаць прысуд галоўнай рэдактарцы TUT.BY Марыне Золатавай.Пракурор запрасіў штраф у 10 000 еўра, абвінавачаная лічыць, што ў яе дзеяннях няма складу злачынства.https://naviny.belsat.eu/news/sud-nad-marynayu-zolatavaj-strym-a-12-00/

Opublikowany przez Белсат TV Poniedziałek, 4 marca 2019

Прысуд Марыне Золатавай быў агучаны 4 сакавіка а 12:30 судом Завадскога раёну Менска. Галоўную рэдактарку TUT.by Марыну Золатаву абвінавацілі ў«бяздзейнасці службовай асобы» (ч.2 арт. 425 Крымінальнага Кодэксу). Нагадаем асноўныя моманты гучнай справы.

***

  • Марыну Золатаву вінавацілі ў тым, што з 3 студзеня 2017 года па 23 ліпеня 2018 года яна «наўмысна, з асабістай зацікаўленасці» не выконвала свае службовыя абавязкі. Галоўная рэдактарка, паводле дзяржабвінаваўцы, не перашкодзіла «неправамернаму выкарыстанню логіна і пароля» да платнай падпіскі БелТА, што рабілі супрацоўнікі рэдакцыі Уласік, Панцялеева, Ермачонак, Бобрык, Бабаед, Калтыгіна ды інш. Логіны і паролі, як сцвярджаецца, належалі выданням «Рэспубліка», «СБ-Беларусь сегодня» i ЗАТ «БелКП -Пресс». Золатава сваю віну не прызнала: «Я лічу, што ў маіх дзеяннях няма складу злачынства».
  • Шэраг журналістаў, якія праходзілі сведкамі па гэтай справе, казалі пра тое, што следчыя аказвалі на іх ціск і прымушалі даваць паказанні супраць Золатавай. Рэдактар ​​партала Realt.by Уладзіслаў Кулецкі падчас суду адмовіўся ад часткі паказанняў на папярэднім следстве і заявіў, што яны фактычна былі сфальсіфікаваныя следчымі СК. «Я павінен быў сказаць, што Золатава ведала. Гвалт і пагрозаў гвалту не было. Але мне сказалі, што іншых паказанняў яны ад мяне не прымуць. На самай справе, гэта (выкарыстанне чужых пароляў для БелТА. – заўв. belsat.eu) не было правілам. Указанняў не было. І я не ведаю, ці ведала Золатава. На гэта мне казалі – ці напішам вось так, ці маіх супрацоўнікаў будуць спрабаваць зрабіць вінаватымі, хоць яны нічога не зрабілі. Чапляліся канкрэтна да двух людзей – Золатавай і Калтыгінай. Следчыя канкрэтна хацелі атрымаць ад мяне дадзеныя, што менавіта яны давалі такія загады. А я казаў, што гэтага не было. А запісалі па-іншаму», – распавёў Кулецкі.
  • Гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч заявіла ў першы дзень суда, што настойвае на крымінальнай адказнасці Марыны Золатавай. Яна сцвярджае, што асноўныя наступствы несанкцыянаванага доступу – «недаатрыманыя плацяжы» за падпіску. Акрамя таго, нібыта пацярпела дзелавая рэпутацыя БелТА.
  • Суд над Марынай Золатавай – гэта вынік так званай «справы БелТА». Справа была распачатая 7 жніўня 2018 года паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі» (максімальнае пакаранне – 2 гады пазбаўлення волі). Агулам 7-9 жніўня былі затрыманыя 18 журналістаў. Дзесяць з іх былі адпушчаны адразу пасля допытаў, 8 прадстаўнікоў СМІ ўзялі пад варту на тэрмін ад 1 да 2 дзён. Ператрусы адбыліся ў офісе TUT.by, БелаПАН, дзяржаўнай газеты «Культура» і «Навука», парталу Realt.by, а таксама кампаніі «АйТиВи». Усяго па «справе БелТА» было прад’яўлена абвінавачванне 15 чалавекам. Аднак цягам восені справы супраць 14 з іх былі закрытыя – сярод абвінавачаных засталася толькі Марына Золатава, якой перакваліфікавалі абвінавчванне з ч. 2 арт. 349 КК Беларусі на ч.2 арт. 425 КК («бяздзейнасці службовай асобы»).
  • Праваабаронцы лічаць, што «справа БелТА» ад самага пачатку была палітычна матываваная. У абарону журналістаў выступілі прадстаўнікі ЕЗ, ЗША, Рады Еўропы і шэрагу іншых міжнародных арганізацыяў.
Hавiны
Суд над Марынай Золатавай. Галоўная рэдактарка TUT.BY віны не прызнае. Кіраўніца БелТА: Настойваю на крымінальнай адказнасці. ОНЛАЙН
2019.02.12 09:39

КА, belsat.eu

Стужка навінаў