Студэнтаў БНТУ, якія пражываюць у інтэрнаце, афіцыйна перавялі ў рэжым самаізаляцыі


У студэнткі БНТУ, якая пражывала ў інтэрнаце № 6 выявілі каронавірус. Цяпер жыхароў інтэрнату перавялі ў рэжым самаізаляцыі. Пра гэта паведамляецца на сайце ўніверсітэту.

Як адзначаецца ў афіцыйнай заяве на сайце ўніверсітэту, 9 красавіка COVID-19 быў выяўлены ў студэнткі БНТУ, якая пражывае ў інтэрнаце №6. Праз гэта жыхары інтэрнату пераводзяць у рэжым самаізаляцыі ў адпаведнасці з пастановаю ўраду №208.

Як адзначаецца ў заяве адміністрацыі, студэнты ў інтэрнаце абавязаны забяспечыць максімальны рэжым дыстанцыявання адзін ад аднога, не ладзіць сумесных мерапрыемстваў, праветрываць памяшканні, мыць рукі і сачыць за чысцінёю.

«Што тычацца навучальнага працэсу, то з 10 красавіка 2020 года для асобаў, якія пражываюць у інтэрнаце №6, ён пераводзіцца ў рэжым кіруемай самастойнай працы з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў», – адзначае адміністрацыя БНТУ.

Паводле TUT.by, студэнтка БНТУ, якая заразілася каронавірусам, цяпер шпіталізаваная ў 4-ю клінічную лякарню Менску. Дзяўчына кажа, што адчувае сябе добра.

Нагадаем, паводле пастановы ўраду ад 8 красавіка, грамадзяне ў рэжыме самаізаляцыі абавязаныя:

  • не пакідаць месца пражывання за выключэннем выпадкаў крайняй неабходнасці (наведванне бліжэйшай харчовай крамы або аптэкі, а таксама вынас смецця);
  • пры выхадзе з жылога памяшкання ў выпадках крайняй неабходнасці, выкарыстоўваць маску, не дапускаць кантактаў з іншымі асобамі;
  • паведаміць наймальніку аб прычыне адсутнасці на працы;
  • выключаць карыстанне паслугамі, якія прадугледжваюць кантакты з іншымі асобамі, акрамя выпадкаў, калі такія паслугі патрабуюцца для забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці;
  • у выпадку пагаршэння стану здароўя (павышэнне тэмпературы цела да 37 ° C і вышэй, з’яўленне кашлю, аддышка) звярнуцца ў «хуткую дапамогу» па тэлефоне 103 або адправіўшы SMS-паведамленне, паведаміўшы пры гэтым пра знаходжанне ў самаізаляцыі.

За парушэнне рэжыму самаізаляцыі чалавека могуць прыцягнуць да адміністратыўнай або крымінальнай адказнасці.

Hавiны
Урад Беларусі зацвердзіў умовы рэжыму самаізаляцыі
2020.04.09 09:09

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў