Урад Беларусі зацвердзіў умовы рэжыму самаізаляцыі


За парушэнне рэжыму самаізаляцыі беларусаў могуць прыцягнуць да адказнасці.

Савет міністраў Беларусі прыняў 8 красавіка пастанову аб умовах самаізаляцыі для інфікаваных COVID-19, а таксама кантактаў першага і другога ўзроўню.

Грамадзяніну, які абавязаны выконваць рэжым самаізаляцыі, будзе ўручацца бальнічны лісток аб непрацаздольнасці на ўвесь перыяд самаізаляцыі (не менш за 14 дзён). «У выпадку парушэння грамадзянінам патрабаванняў аб самаізаляцыі дапамога па часовай непрацаздольнасці прызначаецца ў памеры 50 % ад дапамогі, вылічанай у адпаведнасці з заканадаўствам», – адзначаецца ў дакуменце.

Грамадзяне, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі, абавязаны:

  • не пакідаць месца пражывання за выключэннем выпадкаў крайняй неабходнасці (наведванне бліжэйшай харчовай крамы або аптэкі, а таксама вынас смецця);
  • пры выхадзе з жылога памяшкання ў выпадках крайняй неабходнасці, выкарыстоўваць маску, не дапускаць кантактаў з іншымі асобамі;
  • паведаміць наймальніку аб прычыне адсутнасці на працы;
  • выключаць карыстанне паслугамі, якія прадугледжваюць кантакты з іншымі асобамі, акрамя выпадкаў, калі такія паслугі патрабуюцца для забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці;
  • у выпадку пагаршэння стану здароўя (павышэнне тэмпературы цела да 37 ° C і вышэй, з’яўленне кашлю, аддышка) звярнуцца ў «хуткую дапамогу» па тэлефоне 103 або адправіўшы SMS-паведамленне, паведаміўшы пры гэтым пра знаходжанне ў самаізаляцыі.

«Парушэнне патрабаванняў пра самаізаляцыю, устаноўленых гэтай пастановай, прыводзіць да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі», – гаворыцца ў дакуменце.

У дадатку да пастановы ёсць форма пасведчання аб самаізаляцыі, якое будзе ўручацца інфікаваным, а таксама кантактам 1-га і 2-га ўзроўню. У ім чалавек мусіць падпісацца пад наступнымі словамі:

«Мне растлумачана, што непадпарадкаванне гэтаму патрабаванню, невыкананне іншых санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў цягне прыцягненне да адміністратыўнай (штраф да 50 базавых велічыняў або адміністратыўны арышт) або крымінальнай (аж да пазбаўлення волі) адказнасці».

Hавiны
Дзеці могуць не хадзіць у школу. У Менску зацвердзілі план барацьбы з COVID-19
2020.04.08 17:26

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў