Стан экс-агента ГРУ Сяргея Скрыпаля палепшыўся


Лячэнне Сяргея Скрыпаля дае вынікі, гаворыцца ў заяве прадстаўніка больніцы, у якой цяпер знаходзіцца былы агент расейскага ГРУ пасля атручвання нервова-паралітычным газам.

«Ён добра рэагуе на лячэнне, яго стан хутка паляпшаецца і больш не з’яўляецца крытычным», – гаворыцца ў заяве дырэктара Акруговай больніцы ў Солсберы Крысцін Бланшард.

29 сакавіка прыйшла ў свядомасць дачка Сяргея Скрыпаля Юлія.

Нагадаем, што 4 сакавіка адбыўся замах на Сяргея Скрыпаля. Былога афіцэра ГРУ і ягоную дачку знайшлі на лаўцы каля гандлёвага комплексу ў горадзе Солсберы. Іх атруцілі нервова-паралітычным газам «Новичок», распрацаваным у Расеі.

Лондан абвінаваціў Маскву ў хімічнай атацы на сваёй тэрыторыі і выслаў з краіны 23 прадстаўніка расейскага дыпламатычнага корпусу. Дзеянні Вялікай Брытаніі падтрымала большасць краінаў ЕЗ.

Варта адзначыць, што эксперты брытанскай ваеннай лабараторыі ў Портан-даўн не ўсталявалі, дзе менавіта было выраблена рэчыва, якім атруцілі Сяргея і Юлію Скрыпаль.

6 красавіка кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей заклікаў да аб’ектыўнага расследавання інцыдэнту ў Солсберы.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com

Глядзі таксама
Каментары