Сілавікі затрымалі больш за трыста ўдзельнікаў мітынгу ў Тбілісі. Апазіцыя абяцае новыя пратэсты


Разгон пратэстаў у Тбілісі. Крыніца - REUTERS/Irakli Gedenidze

За ўдзел ва ўчорашніх пратэстах перад будынкам парламента ў Тбілісі праваахоўныя органы затрымалі 305 чалавек. Пра гэта гаворыцца ў заяве МУС Грузіі, піша apsny.ge.

У МУС адзначаюць, што падчас учорашняй акцыі рознага роду цялесныя пашкоджанні атрымалі як удзельнікі акцыі, так і праваахоўнікі. Распачата следства па арт. 225 УК – арганізацыя групавога гвалту, кіраўніцтва або ўдзел у ім.

МУС заяўляе, што паліцыя выкарыстала спецыяльныя сродкі (слёзатачывы газ, гумовыя кулі, вадамёты) «у мэтах перадухілення ўварвання ў будынак парламента, аднаўлення грамадскага парадку, вяртання акцыі ў прававыя рамкі, адбівання нападаў на паліцыянтаў і перадухілення групавога парушэнні правапарадку». Таксама сцвярджаецца, што іх выкарыстанне насіла прапарцыйны пагрозам характар.

Паводле намесніка міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Барцвадзэ раніцай пратэстоўцы «знішчылі аўтамабілі паліцэйскіх, і грамадзянаў і нанеслі шкоду прыватным аб’ектам на прылеглай тэрыторыі». «За розныя правапарушэнні затрыманыя 305 удзельнікаў акцыі», – адзначыў Барцвадзэ.

Штурм парламента ў Грузіі: што адбываецца?

Тым часам, апазіцыя абвінавачвае ўлады ў супрацьпраўных дзеяннях і абяцае сёння ўвечары аднавіць пратэстную акцыю каля будынка парламента ў цэнтры Тбілісі.

«Мы не спынім нашы акцыі. У 7 гадзінаў вечара мы зноў збіраемся ля парламента», – паведаміў старшыня грузінскай апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Грыгол Вашадзэ.

Паводле ягоных словаў, сёння да пратэстнай акцыі далучацца практычна ўсе апазіцыйныя сілы.

  • 20 чэрвеня ў Тбілісі каля 10 тысяч пратэстоўцаў прарвалі паліцэйскае ачапленне перад будынкам парламента, патрабуючы адстаўкі старшыні парламенту Іраклія Кабахідзэ, кіраўніка МУС Георгія Гахарыі і кіраўніка Службы дзяржбяспекі Вахтанга Гамелауры. Паліцэйскія спынілі спробу штурму, да раніцы пятніцы рассеяўшы асноўную частку тых, хто сабраўся на праспекце Руставэлі. Ужываліся спецсродкі – газ, гумовая кулі і вадамёты.
  • Міністэрства аховы здароўя Грузіі паведаміла пра 240 пацярпелых падчас мітынгу перад будынкам парламента ў цэнтры Тбілісі. У розных тбіліскіх шпіталях застаюцца 102 пацыента. Большасць з іх паступілі з траўмамі вачэй. Двум пацярпелым давялося выдаліць вочы.
  • Пратэсты ўспыхнулі пасля таго, як дэпутат расейскай Дзярждумы Сяргей Гаўрылаў звярнуўся да ўдзельнікаў Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, што праходзіць у Тбілісі, седзячы ў крэсле спікера грузінскага парламента і на расейскай мове. Гэта выклікала гнеў грузінскіх палітыкаў і грамадства, бо Расею ў Грузіі лічаць агрэсарам і акупантам.

Спікер парламента Грузіі сышоў у адстаўку – гэтага патрабавалі пратэстоўцы

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары