Штурм парламента ў Грузіі: што адбываецца?

Фота + Відэа

Паліцыя ў Тбілісі ўжыла слезацечны газ, вадамёты і гумовыя кулі для разгону дэманстрацыі ля будынку парламента Грузіі. Пацярпелі дзясяткі чалавек. Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.

Пратэсты ўспыхнулі пасля таго, як дэпутат расейскай Дзярждумы Сяргей Гаўрылаў звярнуўся да ўдзельнікаў Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, што праходзіць у Тбілісі, седзячы ў крэсле спікера грузінскага парламента і на расейскай мове. Гэта выклікала гнеў грузінскіх палітыкаў і грамадства, бо Расею ў Грузіі лічаць агрэсарам і акупантам.

Каля 10 тысяч пратэстоўцаў, якія сабраліся перад будынкам парламента, прарвалі паліцэйскае ачапленне, патрабуючы адстаўкі старшыні парламенту Іраклія Кабахідзэ, кіраўніка МУС Георгія Гахарыі і кіраўніка Службы дзяржбяспекі Вахтанга Гамелауры. Частка з іх прыйшла са сцягамі ЕЗ і плакатамі са словамі «Расея – акупант».

Паліцэйскія спынілі спробу штурму, да раніцы пятніцы рассеяўшы асноўную частку тых, хто сабраўся на праспекце Руставелі. Ужываліся спецсродкі – газ, гумовая кулі і вадамёты. Удзельнікі мітынгу закідвалі сілавікоў бутэлькамі, уступалі ў бойкі.

Разгон пратэстаў у Тбілісі. Крыніца – REUTERS/Irakli Gedenidze
Разгон пратэстаў у Тбілісі. Крыніца – REUTERS/Irakli Gedenidze
Пацярпелы ў выніку разгону пратэстаў. Крыніца – REUTERS/Irakli Gedenidze
Разгон пратэстаў у Тбілісі. Крыніца – REUTERS/Irakli Gedenidze

Міністэрства аховы здароўя Грузіі паведаміла пра 14 пацярпелых пратэстоўцаў і 38 паліцэйскіх, таксама раненні атрымалі журналісты. Апазіцыя кажа, што пацярпелі больш за сотню пратэстоўцаў.

У МУС Грузіі заявілі, што мітынг «выйшаў за межы свабоды выказвання і мірнага сходу, устаноўленыя законам і прыняў характар гвалту», а паліцыяй былі ўжытыя спецсродкі прапарцыйнай сілы.

Частка мітынгоўцаў, тым не менш, застаецца на месцы. Некаторыя ўдзельнікі пратэстаў спрабуюць збудаваць барыкады недалёка ад будынку тбіліскай філармоніі. Мітынгоўцы перагарадзілі вуліцу аўтобусам, смеццевымі бакамі. Як паведамляюць СМІ Грузіі, пратэстоўцы разграмілі офіс кіроўнай партыі «Грузінская мара», размешчаны на праспекце Руставелі. Акрамя таго, некалькі ўдзельнікаў акцыі спалілі на вуліцы сцяг партыі.

Былы прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі заклікаў сілавікоў не падпарадкоўвацца загадам і перайсці на бок народу.

Пратэстовец у Тбілісі. Крыніца – REUTERS/Irakli Gedenidze

Нагадаем, у 2008 паміж Грузіяй і Расеяй адбылася вайна. У выніку канфлікту загінулі 412 грамадзянаў Грузіі, 1747 атрымалі раненні. Пасля гэтага Масква прызнала незалежнасць Паўднёвай Асетыі і Абхазіі. У Тбілісі гэты крок расцанілі як акупацыю.

Вайне ў Грузіі – 10 гадоў. Чаму Беларусь захавала нейтралітэт

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары