Шуневіч пракаментаваў сітуацыю з ЛГБТ-сцягам на амбасадзе Вялікай Брытаніі


Кіраўнік МУС ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў, што МУС было абавязанае адрэагаваць на з’яўленне ЛГБТ-сцяга на будынку амбасады Вялікай Брытаніі ў Менску.

«Не рэагаваць на падобныя падзеі мы не маем ніякага права».

Ігар Шуневіч адзначыў, што гэта «ўнутраная справа, у тым ліку і нашага міністэрства». Таму падначаленыя не маглі пакінуць без увагі зʼяўленне на будынку амбасады гэтага «атрыбуту» (ЛГБТ-сцяга. – Заўвага belsat.eu).

Ён назваў учынак амбасады «прапагандай непрымальнага ладу жыцця».

Шуневіч таксама сказаў, што сёння востра стаіць праблема пранікнення ў беларускае грамадства «неўласцівых, ненатуральных ды іншых дэструктыўных асаблівасцяў, ідэалогіі» і «моцнага імунітэту супраць гэтаму, акрамя нашай гісторыі і рэлігія, няма».

20 траўня МУС апублікавала на сваім сайце заяву, у якой выказвала шкадаванне з нагоды таго, што 17 траўня над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску вывесілі вясёлкавы сцяг – сімвал ЛГБТ-супольнасці. Брытанскія дыпламаты хацелі такім чынам звярнуць увагу на дыскрымінацыю прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў.

Цяпер у інтэрнэце збіраюць подпісы пад зваротам у Генпракуратуру з патрабаваннем праверыць законнасць скандальных выказванняў на сайце МУС Беларусі.

Беларусь – адна з самых гамафобных краінаў у Еўропе.

ДР belsat.eu

Тэгі: , ,
Глядзі таксама
Каментары