Аляксандр Фядута Школа мату. Ці колькі словаў пра гомельскую настаўніцу

паліткансультант

Кіраўнік дзяржавы загадаў вярнуць на працу гомельскую настаўніцу, якая нецэнзурнай лаянкай «уздзейнічала» на вучня.

Адначасова звольнілі дырэктарку школы. Пра тое, ці лаялася матам дырэктарка ў прысутнасці вучняў, нічога не гаворыцца.

Адначасова строга папярэдзілі міністра адукацыі, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і прэм’ер-міністра. Яны матам не лаяліся ў прысутнасці дзяцей – прынамсі, дагэтуль не лаяліся. Гэта дакладна.

Лукашэнка ўзнавіў на працы настаўніцу, якая абяцала забіць партай вучня

Ці слушна гэта?

З гледжішча перадвыбарчай кампаніі 2020 года, то ўжо пачалася, – бясспрэчна слушна. Умяшаўся, «аднавіў справядлівасць», пакараў тых, хто вінаваты. У чым вінаваты? У тым, што настаўніца павяла сябе ў поўнай супярэчнасці з агульнапрынятымі для педагога нормамі паводзін? Не, у тым, што «не разабраліся».

Я быў настаўнікам тады, калі гэтая праца яшчэ была прэстыжнай і за яе нават плацілі. Настаўніка, які працаваў на веды школьніка, паважалі і падтрымлівалі. Адміністрацыя стварала яму ўсе ўмовы. І гэта была далёка не адзіная школа ў дабраславёную гарбачоўскую эпоху.

Зараз настаўнік бяспраўны, убогі, пазбаўлены магчымасці рэальна ўдасканальвацца – таму што ў яго няма грошай на кнігі, сістэма адукацыі фінансуецца па рэшткавым прынцыпе, дзяржаўнае жытло вылучаецца ў дваццатую чаргу пасля байцоў АМАПу. АМАПу дом пабудавалі – пакажыце мне ў Менску ці ў абласным цэнтры дом, пабудаваны адмыслова для настаўнікаў. Не ведаю я пра такія дамы, не чуў.

А яшчэ і дзеці. Яны сёння не цукар. У кожнага ў руках тэлефон, кожны імкнецца застукаць цябе на чым-небудзь і зняць ролік, які потым размесціць у інтэрнэце.

У Гомлі настаўніца пагражала забіць 4-класніка, бо той смяяўся (відэа)

Давялі да адпаведнага стану

Гэта праўда. Выхаванне – працэс двусечны, як пісаў вялікі педагог-эксперыментатар Леў Талстой, не пры Ганне Севярынец яго згадваць. Настаўнік выхоўвае вучняў, вучні выхоўваюць настаўніка. Каб настаўніца з трыдцаціпяцігадовым стажам дазволіла сабе мацюкацца пры вучнях – яе рэальна трэба давесці да адпаведнага стану.

Але я разумею, чаму на яе бок усталі бацькі класа. Пачатак навучальнага года. Дзеці прывыклі. Бацькі прызвычаіліся. Зараз, калі Людмілу Іванаўну звольняць, хто да іх прыйдзе? Новы настаўнік? Студэнтка, якая не мае досведу? Не, вярніце нашую. Хай нават яна мацюгалася ў прысутнасці нашых дзяцей.

Як там адзін з бацькоў выказаўся? «Я таксама сына магу вымацюгаць».

Але, прабачце, гэта ваш сын. Ваш – і толькі ваш. І тое, як вы яго выхоўваеце – гэта вашая справа. А тут мат быў у прысутнасці ўсяго класа. Чацвёртага, паўтаруся, а зусім не выпускнога, калі вучань можа яшчэ бывалага філолага здзівіць сваймі ведамі ў мацюканні.

Але і ў выпадку з выпускным класам настаўнік не мае права апускацца да мата.

Каментатары бароняць настаўніцу, якая пагражала ўдарыць школьніка партай – вось іх аргументы

Замкнёнае кола атрымліваецца?

Паўтаруся: выхаванне – працэс двусечны. Аднаўленнем на працу настаўніцы, што відавочна парушыла педагагічны кодэкс, ды накладаннем спагнанняў на людзей, якія ні ў чым гэты кодэкс – як, верагодна, і працоўны, але тут няхай юрысты выкажуцца – не парушылі, вышэйшая ўлада выразна расставіла акцэнты.

Мат, з яе пункту гледжання, дапушчальны. Гэта пры тым, што норма, адпаведна якой лаянка ў грамадскіх месцах караецца згодна з кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, да гэтага часу не адменена. Гэта значыць, настаўніца заслугоўвала, як мінімум, штрафу. Бо школа – грамадскае месца.

Ганна Севярынец пра аднаўленне на працы гомельскай настаўніцы: Нейкі няправільны механізм

Ці заслугоўвала яна большага – не ведаю. Але той факт, што ні водны кіраўнік краіны не мае права аддаваць загады такога роду, у мяне сумневаў не выклікае. Нават калі яны фармальна справядлівыя. Нават калі бацькі пра гэта просяць. Для гэтага ў цывілізаваных краінах ёсць суд. Ёсць прафсаюз, абавязаны стаць на бок настаўніка – нават калі гэты настаўнік мацюкаўся. І – толькі так.

У процілеглым выпадку гэта называецца самаўпраўнасцю. І абсалютна ўсё роўна, наколькі гэта самавольства абгрунтаванае. Усё жыццё цяпер ператварылася ў школу, дзе галоўным сродкам навучання становіцца мат. Можна, праўда? І калі настаўнікам, то і вучням? І прафесарска-выкладчыцкаму складу? І чыноўнікам Міністэрства адукацыі? І ўсяму ўраду?

Можна, хлопцы, можна. Расслабцеся. Галоўнае – каб вас у гэты момант не запісалі на тэлефон і ролік не выставілі ў інтэрнэт. Але і тады спадарыня Эйсмант усё растлумачыць.

Фота вокладкі: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары