Адзін мой рэдактар часта кажа: «Не люблю я чытаць вашыя мемуары ў нашым выданні. Бярыце быка за рогі і пішыце без успамінаў!» Так не атрымліваецца. Прынамсі гэтым разам. Сітуацыя з 2020 годам усё больш нагадвае 2010 год. Пасля вызвалення, калі я казаў, што мэтай штаба Някляева былі перамовы, з мяне ўсе смяяліся: «Хто вы такія, каб з вамі размаўлялі?»
З намі не размаўлялі. З Плошчай бы размаўлялі.
Ужо на трэці дзень свайго існавання Плошча набывае відавочную для ўсіх палітычную суб’ектнасць. Зразумела, у тым выпадку, калі на ёй стаіць, прынамсі, некалькі дзясяткаў тысяч людзей. У цэнтры горада, куды вядуць усе транспартныя маршруты. Дзе месцяцца адміністрацыйныя ўстановы. Хочаш – не хочаш, размаўлялі б. Інакш – сіла. У 2010 годзе Лукашэнка не стаў чакаць: сілу ўжылі адразу ж.
Але ён зрабіў яшчэ адзін ход. Як можна здагадацца, апошні тыдзень перад выбарамі тагачасны прэм’ер Сяргей Сідорскі знаходзіўся пад вельмі жорсткім (жэстачайшым?) кантролем. Нават калі б ён раптам захацеў выйсці да мітынгоўцаў, хутчэй за ўсё, у яго б гэта не атрымалася. У асобы, якая ў выпадку прызнання выбараў неадбыўшыміся, павінна выконваць абавязкі прэзідэнта, не было магчымасці зрабіць крок направа, налева або насустрач.
І пасля выбараў Сідорскага ўсё роўна адправілі ў адстаўку. За нелаяльнасць, якую ён нават не паспеў праявіць.
Мы – у 2020 годзе. Абвешчана не аб адстаўцы прэмʼер-міністра, але аб адстаўцы ўрада. Пры гэтым сказана, што большасць міністраў застануцца на сваіх месцах. Але адстаўка ўрада аўтаматычна азначае адстаўку старшыні Савету Міністраў. І гэта дало падставу абмяркоўваць, хто і чаму можа быць прызначаны выконваючым абавязкі.
Нас жа цікавіць, чаму ўпершыню за сваю прэзідэнтуру Аляксандр Лукашэнка адправіў прэмʼера ў адстаўку да, а не пасля выбараў. Што б ён ні казаў – упершыню. Гэта ўсё ўжо падлічылі.
У Інтэрнэце з’явілася версія аб тым, што гэта можа быць звязана з перамовамі, якія нібыта Румас мог весці з Бабарыкам. Маўляў, Лукашэнку пра гэта даклалі – а далей, як гаворыцца, ён і разануў…
Удакладнім. З нашага пункту гледжання, Румас калі і вёў якія-небудзь перамовы, то выключна з ведама і на прамое даручэнне дзейнага прэзідэнта. Асобы, якія займаюць пасаду кіраўніка ўрада, у нас праглядаюцца, праслухоўваюцца і прасвечваюцца днём і ноччу, пра што Аляксандр Лукашэнка казаў яшчэ пры Міхаіле Чыгіры. Не думаю, што за мінулыя гады нешта ў гэтым дачыненні змянілася. Так што мець зносіны з былым калегам па банкірскім рамяству Сяргей Мікалаевіч калі і мог, то, паўтаруся, толькі на даручэнне кіраўніцтва. Прычым хутчэй за ўсё, у гэтым выпадку ён як раз і прапаноўваў той самы варыянт, які потым агучыў Віктар Дзмітрыевіч: уласную пасаду. А самому Румасу маглі абяцаць іншы, не менш значны партфель – скажам, пасаду кіраўніка Нацыянальнага банку замест ужо засядзелага Паўла Калаура.
Але перамовы скончыліся нічым. Мала таго: калі яны былі, то іх вынікам стаў поўны правал, бо Бабарыка агучыў зробленую яму прапанову і гэтым адрэзаў сабе шлях да адступлення і вымусіў Лукашэнку дэзавуяваць гэтую прапанову.
Гэтая версія падобная на праўду, мяркуючы па тым, што «мачыць» Бабарыку пачалі толькі пасля згаданага вышэй правалу. І гэты правал каштаваў датэрміновай адстаўкі Румасу.
Яго адставілі не за недахоп лаяльнасці, а за тое, што лаяльнасць не была канверсаваная ў жаданы вынік. Памятаеце стары анекдот пра каня на іпадроме:
– Мужык, ну не змагла я, не змагла…
Вось Румаса адправілі ў адстаўку не за тое, што ён не захацеў выканаць волю начальства, а за тое, што не змог. А трэба было змагчы! Авось, тады і пасля выбараў бы застаўся на сваім месцы – ці мала ў нас «кідалі» апанентаў у той момант, калі яны ўжо згаджаліся са зробленай прапановай?
Конь на імя «Сяргей Мікалаевіч» не змог прыйсці да фінішу з абяцаным вынікам. Напэўна, за мінулы час яго загналі настолькі, што ён прадэманстраваў поўную адсутнасць палітычнай волі да жыцця. А загнаных коней у нас – што? Паглядзіце ў гугле, назва адпаведнага кінафільма выскачыць практычна неадкладна.
Таму зусім не важна было з самага пачатку, як будзе прозвішча выконваючага абавязкі прэм’ера – Качанава або Турчын, Шэйман або Крутой. Мог быць, нават Лукашэнка – калі ўжо ён у чымсьці ўсё роўна першы віцэ-прэзідэнт чагосьці там. Факт у тым, што ў выконваючага гэтыя абавязкі не будзе іншага выбару, акрамя як дэманстраваць сваю абсалютную лаяльнасць да таго, хто яго прызначыў. Новы кіраўнік Савету Міністраў не будзе валодаць субʼектнасцю ў вачах патэнцыйных суразмоўцаў менавіта з-за таго, што ён – новы, у яго няма той біяграфіі і рэпутацыі, якой валодаў Румас. Размаўляюць з тымі, чый аўтарытэт не абумоўлены пасадай. А ў выпадку з спадаром Галоўчанкам пакуль гэта менавіта так.
Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.