Пуцін і Лукашэнка ў бліжэйшы час узгодняць аспекты інтэграцыі


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў бліжэйшы час могуць абмеркаваць графік дзейнасці працоўнай групы па інтэграцыі Расеі і Беларусі. Пра гэта журналістам паведаміў кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ Максім Арэшкін.

«Як вы ведаеце, на бліжэйшы час прызначаная сустрэча двух лідараў – Пуціна і Лукашэнкі. Я думаю, на гэтай сустрэчы таксама будуць абмяркоўвацца пытанні, якія ўплываюць на графік працы нашай групы са спадаром Дзмітрыем Крутым. Мы чакаем сустрэчы двух прэзідэнтаў, па яе выніках могуць паступіць дадатковыя даручэнні і ўжо па гэтых даручэннях мы будзем весці працу», – цытуе словы Арэшкіна ТАСС.

Працоўная група па інтэграцыі Расеі і Беларусі абмяркуе ўніфікацыю гандлёвай палітыкі, дадаў міністр.

«У нас цяпер як раз створаная працоўная група, якую з нашага боку ўзначальваю я, з боку Беларусі – міністр Круты. У межах гэтай рабочай групы ў тым ліку і такія пытанні як прывядзенне гандлёвай палітыкі да адзінага – таксама будзем абмяркоўваць», – сказаў ён.

У снежня летась кіраўнікі РФ і Беларусі прынялі рашэнне пра стварэнне міжурадавай працоўнай групы па развіцці інтэграцыі. Яе расейскую частку ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, беларускую – міністр эканомікі Дзмітрый Круты.

Круты раней казаў журналістам, што Менск прапануе вынесці на першае пасяджэнне групы пытанні падатковага манеўру і энергетыкі. Паводле яго словаў, расейскія калегі з ініцыятывамі аб правядзенні першага пасяджэння групы пакуль не выходзілі, але не выключыў, што на працягу бліжэйшага месяца можа адбыцца сустрэча па найбольш вострых пытаннях.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў