Палітычны аглядальнік: «Інтэграцыя – капец для Лукашэнкі»


Ёсць замежнікі, што ўкладваюць грошы ў Беларусь з 1992-га году. Гаворка пра Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які ў 2018-м годзе прафінансаваў у нашай краіне 21 праект на суму больш за 360 мільёнаў долараў. Гэта найлепшы вынік за ўсе гады працы банку ў Беларусі. Дзве траціны ўсіх грошай летась пайшло на прыватны сектар, астатнія – на сектар дзяржаўны.

Стась Івашкевіч, эканамічны аглядальнік:

Яны казалі, што іх асноўная мэта – палітычная дзейнасць іхнага банку. Яны праз фінансаванне прыватнага сектару або некаторых інфраструктурных праектаў у розных краінах спрыяюць развіццю рынкавай эканомікі і апасрэдавана дэмакратычным пераўтварэнням. […] Прынцыповая розніца паміж Еўрапейскім банкам рэканструкцыі развіцця і расейскімі субсідыямі ў тым, што еўрапейцы даюць грошы на жыццяздольныя праекты, якія ўздымаюць цэлыя галіны, а расейскія субсідыі ідуць у нежыццяздольныя дзяржаўныя прадпрыемствы…

Пра эканоміку гаварыў кіраўнік Беларусі ў часе сённяшняй нарады ў Менску. Выказванні прагучалі ў духу ці то яшчэ братэрскіх, ці ўжо партнёрскіх абдымкаў. Ніхто ні з кім аб’ядноўвацца не будзе, нафце расейскай трэба знайсці альтэрнатыву, і пастаўкі яе пачаць не праз усходняга суседа, а праз краіны Балтыі.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Цяпер падатковы манеўр Расеі – і ў гэтым фішка моманту – пагражае вывесці кошт расейскай нафты для Беларусі на сусветны ўзровень. Тады сапраўды якая розніца, адкуль купляць. Але гэта тэарэтычна, бо манеўр будзе расцягнуты на 5 гадоў і на сёння на 20 адсоткаў усё ж такі расейская нафта таннейшая. […] Пытанне пра тое, наколькі моцна закусіў цуглі Крэмль, бо відавочна, што гэта было чыста палітычнае рашэнне. Сёння на нарадзе Лукашэнка здзіўляўся, што восенню справа была «на мазі», а раптам гэты ўльтыматум. Гэта даказвае, што ў Крамлі прынялі палітычнае рашэнне даціскаць беларускага «партнёра». […] Думаю, матывы Лукашэнкі прыземленыя – утрымаць уладу, утрымаць крэсла. Менавіта таму Лукашэнка будзе сябе паводзіць цвёрда. Ён ніколі не згодзіцца на віцэ-прэзідэнта Саюзнае дзяржавы, бо разумее, што гэта капец для яго, ягонай улады і перспектывы. Бо сёння ты губернатар, а заўтра табе надзелі кайданкі і ты ў турме. Ён будзе ўпірацца рогам…»

belsat.eu