«Прэпараты падсыпалі»: беларускія спартоўцы распавялі сваю версію допінг-скандалу


Жонка беларускага дужанніка Сяргея Старадуба напісала ў сваім «Instagram’е», што ейнаму мужу «падсыпалі» забаронены прэпарат, які выявілі падчас допінг-тэсту.

Паводле Алы Старадуб, тое самае здарылася і з беларускім дужаннікам Кірылам Грышчанка, сябрам ейнага мужа. Нагадаем, што праз допінг Еўрапейскі алімпійскі камітэт пазбавіў яго залатога медаля II Еўрапейскіх гульняў у Менску.

«28 траўня напярэдадні Еўрапейскіх гульняў мы прайшлі допінг-тэст і былі чыстыя. – распавядае Сяргей Старадуб – Спачатку допінг [дэгідрахлорметыл-тэстастэрон – прадукт распаду забароненага прэпарату. – заўв. belsat.eu] знайшлі ў Кірыла. А я даведаўся пра наяўнасць такога ж анаболіка пасля перамогі на турніры імя Караваева [міжнародны турнір па грэка-рымскай барацьбе]. Мы пазней пачыталі, што з арганізму гэты прэпарат выводзіцца каля 200 дзён. Які спартовец, ведаючы пра допінг-тэсты, пачне піць гэта перад турнірам? Гэта ж глупа».

Сяргей Старадуб мяркуе, што анаболік яму падсыпалі падчас перабывання на базе ў Стайках, дзе трэніруюцца спартоўцы.

«Хутчэй за ўсё мне падсыпалі ў бутэльку, якую я бяру на трэніроукі. Сярога часамі таксама з яе піў. – кажа Кірыл Грышчанка – Я спачатку не верыў і думаў, што можа гэта памылка і здаў тэст, каб пераправерыць. Апынулася, што гэтае рэчыва магло трапіць у арганізм у прамежку 11-19 чэрвеня, калі я быў на зборах».

Паводле Кірыла, нічога падобнага за ўсю гісторыю каманды не было. «Я не веру, што гэта хтосьці з нашых хлопцаў», – сказаў спартовец і дадаў, што ўся каманда пагадзілася прайсці тэст на паліграфе.

«Пакуль усе пагадзіліся. Што будзе далей – не ведаю. Паліграф гэта рэч добраахвотная і ніхто нікога не змусіць», – дадае Кірыл Грышчанка.

На дадзены момант абодва спартоўцы пазбаўленыя права браць удзел у міжнародных спаборніцтвах. А на change.org вядзецца збор подпісаў пад петыцыяй аб пераглядзе рашэння аб іхнай дыскваліфікацыі.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў